Польскае радыё можа пахваліцца багатай гісторыяй і вялікім досьведам, неўзабаве яно будзе адзначаць 90-годзьдзе сваёй дзейнасьці. Перад Другой сусьветнай вайной радыёстанцыі былі таксама на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі ды Ўкраіны, гэтыя землі палякі называюць Усходнімі Крэсамі. І менавіта гісторыі Польскага радыё на гэтай тэрыторыі прысьвечана канфэрэнцыя, якая адбудзецца 21 лістапада.
Удзельнікі мерапрыемства распавядуць пра гісторыю радыё, але нямала ўвагі будзе таксама прысьвечана задачам, якія сёньня стаяць перад журналістамі, што працуюць для слухача за ўсходняй мяжою Польшчы, - адзначае дырэктар Праграмы для замежжа Польскага радыё Міхал Малішэўскі.
М. Малішэўскі: У прынцыпе, канфэрэнцыя прысьвечана гісторыі Польскага радыё на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай Польшчы ў міжваенны пэрыяд. Гэта цяпер заходняя тэрыторыя Беларусі ды Ўкраіны. Але арганізатары паступілі разумна – дадалі другую нагу да гэтай тэматыкі, мы будзем таксама дыскутаваць пра сучаснасьць. Першы за ўсё мы, Польскае радыё для замежжа, вырашылі пахваліцца вяшчаньнем нашых перадач на Беларусь па-беларуску. І таксама хацелі б коратка сказаць пра ролю, якую выконвае Польскае радыё ў польскай дзяржаўнай дыпляматыі.
У рамках Праграмы для Замежжа ёсьць розныя рэдакцыі, якія працуюць як для слухача за ўсходняй мяжой Польшчы, так і заходняй. А якія выклікі стаяць перад усходнімі службаміі, і з якімі праблемамі яны сустракаюцца?
М. Малішэўскі: Калі гаворка ідзе пра вяшчаньне на ўсход, то гэта моцны бок Польскага радыё. Мы вяшчаем на трох галоўных мовах, але кожная выконвае крыху іншую функцыю. Расейская – гэта глябальная мова, на якой размаўляюць ня толькі самі расейцы, але таксама людзі ў іншых краінах, якія разумеюць расейскую мову, могуць слухаць на ёй перадачы. У сваю чаргу, нашы перадачы на ўкраінскай мове могуць слухаць практычна ўсе жыхары Ўкраіны дзякуючы рэтрансляцыям па мясцовых радыёстанцыях. Інакш выглядае сытуацыя зь Беларусяй. Нашы перадачы на беларускай мове выконваюць функцыю колішняга радыё Свабодная Эўропа. Мы стараемся даваць інфармацыю, якой няма ў мясцовых СМІ, стараемся закранаць тыя праблемы, пра якія ніхто не пачуе па дзяржаўным радыё й не ўбачыць па тэлебачаньні. Так што мы сур’ёзна дапаўняем афіцыйную інфармацыю. Мы стараемся таксама данесьці да беларускага слухача як мага больш паведамленьняў пра тое, што нам дае сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе, што нам удаецца, чым мы задаволеныя, а што можна было б зрабіць інакш, палепшыць. І якія высновы для сябе на будучыню маглі б зрабіць беларусы.
Яшчэ пытаньне, якое, думаю, цікавіць многіх нашых слухачоў. Нядаўна Польскае радыё адмовілася ад вяшчаньня на ўсход на кароткіх хвалях. Чаму так адбылося, ці такім чынам мы не страчваем частку вернай аўдыторыі?
М. Малішэўскі: Адмова ад кароткіх хваляў была ў нейкай ступені сымбалічным актам. Міністэрства замежных справаў, якое фінансуе нашу дзейнасьць, патрабуе ад нас канкрэтных зьвестак – хто прымае нашы перадачы. У выпадку кароткіх хваляў няма такіх дасьледаваньняў, вельмі цяжка праверыць, колькі людзей нас слухае. Акрамя таго, якасьць гуку на кароткіх хвалях вельмі нізкая. Парадаксальна, можа аказацца, што празь некалькі гадоў мы вернемся на кароткія хвалі, але ў лічбавым фармаце, паколькі ў гэтым выпадку якасьць вельмі добрая. Але пакуль што ніхто яшчэ не вяшчае перадач у лічбавай вэрсіі на кароткіх хвалях, а дзеля таго, каб прыняць такую перадачу, слухачы павінны мець адмысловыя лічбавыя прымачы. Польскае радыё ўжо вяшчае ў лічбавым варыянце, але не на кароткіх хвалях.
У такім выпадку, што мы можам прапанаваць нашым слухачам, замест перадачаў на кароткіх хвалях?
М. Малішэўскі: Мы прапануем слухачам у Беларусі перш за ўсё прымаць перадачы на сярэдніх хвалях з радыёперадатчыкаў, якія знаходзяцца ў Летуве. Я ведаю, што ў Беларусі многія прымаюць перадачы на сярэдніх хвалях, так што гэта не вялікая праблема для слухача. Ёсьць таксама магчымасьць слухаць перадачы ў Інтэрнэце ў розных формах, таксама па спадарожніку. І навінка, якая будзе распаўсюджвацца – усё часьцей нас слухаюць дзякуючы розных сучасным прыладам – па сотавым тэлефоне ці праз іншыя прылады такога тыпу. Так што слухач, асабліва малады, хаця мы, зразумела, не дыскрымінуем і старэйшых слухачоў, знойдзе для сябе магчымасьць слухаць перадачы.
Дзякуем за гутарку. Нашым госьцем быў дырэктар Праграмы для замежжа Польскага радыё Міхал Малішэўскі. А падрабязны рэпартаж з канфэрэнцыі, прысьвечанай гісторыі і ролі Польскага радыё ў вяшчаньні для слухачоў за ўсходняй мяжой Польшчы, слухайце ў нашым эфіры ў чацьвер.
размаўляла Н. Грышкевіч