Logo Polskiego Radia
Print

Беларускае кіно перад рэвалюцыяй?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.02.2014 15:30
  • Беларускае кіно.mp3
У Варшаве адбылася дыскусія пра стан беларускага сучаснага кінэматографа.

/

У чаканьні чарговага кінафэстывалю беларускага кіно BulbaMovie ў польскай сталіцы адбылася дыскусія пра стан беларускага сучаснага кінэматографа. Удзельнікі дэбаты казалі пра тое, што чакаюць беларускую кіна-рэвалюцыю.

Тры гады таму ў Варшаве адбыўся першы Фэстываль беларускага кіно. Гэтая імпрэза ладзіцца для папулярызацыя беларускіх фільмаў у Польшчы, празь якія знаёміць палякаў з сучаснай Беларусьсю. Апроч таго, фэстываль імкнецца дапамагаць маладым кінатворцам зь Беларусі, спрыяючы іх адукацыі ды вядомасьці.

Дзеля гэтага арганізатары імпрэзы паміж фэстывалямі ладзяць паказы выбраных фільмаў у кінаклюбах, дамах культуры й сквотах па ўсёй Польшчы. У чацьвер 6-га лютага адзін з такіх паказаў адбыўся ў Доме культуры „Сьвіт” у варшаўскім мікрараене Брудна. Пра праграму паказу распавядае адзін з арганізатараў Яцэк Дзідушка.

Яцэк Дзідушка: Фэстываль BulbaMovie стаў праглядам таго, што адбываецца ў незалежнай беларускай кінематаграфіі. Гэтым разам мы падрыхтавалі да паказу 5 фільмаў, 4 зь якіх былі ўзнагароджаны ў конкурсе BulbaMovie 2013, і адну мастацкую стужку. Мастацкіх фільмаў бракуе беларускаму сучаснаму кіно. Прасьля паказу запрашаем да дыскусіі пра стан беларускай кінэматаграфіі.

Паказаныя стужкі, гэта 5 дакумэнтальных фільмаў: „Фокус” Марыі Матусевіч, „Ня веру” Тацяны Сяцько, „Чорны й Белы” Сяргея Каласоўскага, „Горад” Андрэя Такінданга й Дзяніса Міжуі ды кароткамэтражная мастацкая стужка „Заплюшчы вочы” Нэлі Васілеўскай. Ляўрэаты ўзнагарод конкурснай часткі леташняга фэстывалю. Гэтыя фільмы сталі сьведчаньнем новага уздыму актыўнасьці творцаў кіно ў Беларусі, кажа ініцыятар фэстывалю Януш Гаўрылюк.

Януш Гаўрылюк: Яшчэ тры гады таму, калі б я захацеў паразмаўляць з кімсьці пра беларускае кіно ў Польшчы, а нават і ў Беларусі, не было нікога, хто мог бы мне нешта расказаць. Цяпер жа пасьля трох гадоў фэстывалю мы ведаем, што там ёсьць людзі, якія хочуць здымаць кіно, ды пачынецца нейкая актыўнасьць. Пачаткі нашага фэстывалю супалі якраз з ростам гэтай актыўнасьці. На першым фэстывалі мы паказалі ўсё, што можна было паказаць. Тады мяне запыталі: а што далей? Але на наступны конкурс прыйшло больш за 60 стужак ад розных аўтараў, што робяць у Беларусі фільмы.

Для польскай публікі кожны беларускі фільм – навіна, бо веды пра суседнюю краіну абмежаваныя. Разам з тым, палякам не хапае ў сучасным беларускім кіно адлюстраваньня шырэйшых падзей, кантэксту. Сучасныя беларускія творцы засяроджаныя на індывідуальных перажываньнях ды драмах. Гаворыць славіст ды літаратурны й тэатральны крытык Андрэй Масквін.

Андрэй Масквін: У гэтых фільмах часта няма героя, няма адлюстраваньня тых падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. Гэтя бачна й па гэтым паказе, што ўсе аўтары засяродзіліся на чалавеку, звычайным чалавеку, які жыве сваім простым штодзённым жыцьцём і сваімі праблемамі. Палякам, якія глядзяць гэтыя фільмы, часам гэтага замала. Яны хацелі б бачыць у беларускім кіно тое, чаго няма ў польскіх фільмах. Хаця ў сувязі з тым, што пра Беларусь мала што вядома, людзі прымаюць любы спэктакль або фільм, які паказваюць у Польшчы. Але застаецца пытаньне, як успрымаецца гэтая творчасьць?

У любым выпадку інтарэс да сучаснага беларускага кіно ў Польшчы назіраецца. Зразумела, яно не прыцягвае такой колькасьці людзей, як гіты сусьветнай кінематаграфіі. Але беларуская кінатворчасьць мае сваю групу знаўцаў ды прыхільнікаў. Польскія ўдзельнікі дыскусіі нават выказалі такое перакананьне, што неўзабаве нас чакае беларуская кінарэвалюцыя. Менскі кінакрытык і культуроляг Андрэй Расінскі зазначыў, што перадумовы для гэтага ёсьць.

Андрэй Расінскі: Каб адбыўся выбух, нам усім бы гэтага вельмі хацелася, павінны быць пэўныя ўмовы. Павінны быць людзі, ідэі, як ствараць кіно, і павінна быць аўдыторыя, якая будзе зацікаўленая ў тым, каб глядзець гэтыя карціны. Безумоўна, павінны быць магчымасьці. Дык вось аўдыторыя прагне беларускае кіно, творцы ёсьць. Што тычыцца магчымасьцяў, то іх актыўна душыць дзяржава, але яны прарастаюць зьнізу. Таму, магчыма, будзе прарыў, я спадзяюся, што мы пабачым нешта новае.

Пакуль жа аматары сучаснага беларускага кіно могуць азнаёміцца са стужкамі, якія бралі ўдзел у варшаўскім фэстывалі „BulbaMovie”. Стужкі даступныя да азнаямленьня на старонцы фэстывалю й профілі ў сацыяльных сетках.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт