Logo Polskiego Radia
Print

Вялікі хакей Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.05.2014 15:03
Польская штодзёнка “Gazeta Wyborcza” прыглядаецца да Чэмпіянату сьвету па хакеі, якія пачынаецца ў Менску.

Спартовы турнір пачнецца сёньня матчам Беларусь-ЗША.

Беларускія ўлады абяцаюць надзвычайнае відовішча й спадзяюцца палепшыць свой імідж. Тымі, хто не пасуе да вобразу шчасьлівай сталіцы, займаюцца спэцслужбы, піша польскае выданьне.

У Беларусі хакей мае асаблівае значэньне. Зьвязана гэта з тым, што тамтэйшы кіраўнік вельмі любіць гэты від спорту. Больш за тое, Лукашэнка ня проста заўзятар, але актыўны ігрок у хакей. Таму ён узяў пад асабісты кантроль падрыхтоўку да Чэмпіянату сьвету.

Пад турнір пабудавана новую лядовую арэну, новыя гатэлі, адрамантавана аэрапорт. Міліцыянты, памежнікі, мытнікі ды працаўнікі сфэры абслугоўваньня прайшлі моўныя курсы. Заўзятарам дазволілі прыяжджаць бязь віз. Усё зроблена дзеля посьпеху першай міжнароднай спартовай імпрэзы часоў Лукашэнкі. Афіцыйны Менск хоча паказаць сьвету, што ён не адсталая дыктатура, а сучасная эўрапейская дзяржава.

Аднак найбольш за гэта плацяць тыя, хто не пасуе да дадзенага вобразу. За некалькі месяцаў да Чэмпіянату міліцыя вывезла бяздомных зь Менска, п’яніцам забаранілі прыходзіць у цэнтар гораду.

Апазыцыя хацела выкарыстаць Чэмпіянат, каб паказаць замежнікам, як насамрэч жывецца ў Беларусі, ладзячы пікеты й кажучы пра палітычных вязьняў. Напярэдадні турніру беларускія спэцслужбы пачалі масавую акцыю прэвэнтыўных арыштаў грамадзкіх актывістаў. Людзей затрымліваюць па аднатыпным абвінавачаньнем: непадпарадкаваньне міліцыі, лаянка ў грамадзкім месцы. За кратамі апынуліся ўжо 22 асобы, але гэты сьпіс хутка павялічваецца, піша польскае выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт