Logo Polskiego Radia
Print

Польшча бачыць Турэччыну ў ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.06.2014 09:00
  • Польшча бачыць Турэччыну.mp3
Польскі віцэ-прэм’ер наведаў Анкару.

Там ён заклікаў турэцкі бізнэс пашырыць сваю прысутнасьці у Польшчы ды падтрымаў далучэньне Тэруччыны да ЭЗ.

Польскія ўлады актывізуюць сваю міжнародную палітыку, у першую чаргу ў эканамічнай ды энэргетычнай сфэрах. На гэтым тыдні Варшава адправіла ў турнэ міністра эканомікі Януша Пехаціньскага. Спачатку ён наведаў Бэрлін, дзе шукаў у немцаў падтрымкі для ідэі Адзінага энэргетычнага рынку ЭЗ ды разьвіцьця польскай энэргетычнай сыстэмы.

З Бэрліна міністар эканомікі Польшчы накіраваўся ў Анкару. У турэцкай сталіцы Януш Пехаціньскі пераконваў турэцкі бізнэс да большай прысутнасьці над Віслай. Як у Нямеччыне, так і ў Турэччыне польскага міністра суправаджала група прадпрымальнікаў ды чыноўнікаў з прамысловых палат ды агенства замежных інвэстыцый.

Польскі міністар сустрэўся са сваім турэцкім калегам Нігатам Зэйбэкчы ды ўзяў удзел у Польска-турэцкім бізнэс-форуме. Януш Пехаціньскі зазначыў, што гэта быў нерутынны візыт.

Януш Пехаціньскі: Наадварот мы разважаем у стратэгічных катэгорыях на тэму таго, што мы можам зрабіць у рэгіёне пры ўдзеле і разам з турэцкімі фірмамі. У дачыненьні да гэтага рэгіёну мы маем такую стратэгію, што Саўдаўская Арабія, АЭА ды Турэччына - гэта добрыя месцы на ўваход на мясцовы рынак. У нас вельмі добрыя адносіны з гэтымі краінамі. Нядаўна мы адзначалі гадавіну 600-годзьдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносінаў паміж Польшчай ды Турэччынай. Бывалі афіцыйныя візыты кіраўнікоў дзяржаў, прэм’ера Турэччыны ў Польшчы. Там прагучалі абяцаньні пра супрацоўніцтва ды ўзаемадзеяньне.

Палякаў вельмі прыцягвае тое, што турэцкая эканоміка вельмі адкрытая ды прыязная.

Януш Пехаціньскі: Гэта эканамічны гігант у рэгіёне. З вялізанымі рэзэрвамі капіталу ды фінансаў. Да таго ж, у рэгіёне знаходзяцца важныя сыравінныя краіны, як Азэрбайджан, багаты ў нафту ды газ. Ёсьць яшчэ пытаньне будаўніцтва на поўдні газа- і нафтаправодаў, выкарыстаньня партоў. Таксама для нас важна прыцягваць у польскую эканамічную прастору турэцкі капітал.

На сёньняшні дзень Турэччына зьяўляецца галоўным эканамічным партнэрам Польшчы на Блізкім Усходзе ды ва ўсёй Азіі. Паводле статыстычных дадзеных за мінулы 2013-ы год, Турэччына была 19-ай краінай у польскім зьнешнім гандлі.

Сёлета, апроч эканомікі, ёсьць яшчэ адна нагода да больш шчыльных польска-турэцкіх кантактаў. У гэтым годзе абедзьве краіны адзначаюць 600- годзьдзе ўстанаўленьня дыпляматычных адносінаў. У гэткую гадавіну Януш Пехаціньскі заявіў у Анкары, што Варшава падтрымлівае ўступленьне Турэччыны ва Эўрапейскі Зьвяз. Паводле словаў польскага міністра, сёньняшняя Турэччына – гэта асноўны стабілізатар у рэгіёне.

Януш Пехаціньскі: Гэта невыпадкова, што сёньня прагучала столькі ўзаемных вельмі цёплых слоў. Што важна, іх казалі ня толькі палітыкі, але й прадпрымальнікі. Сёньня Турэччына належыць да першай дваццаткі, а неўзабаве ўвойдзе ў першую дзясятку самых заможных краін сьвету. Гэта стратэгічны рынак, зьвязаны з Эўропай моцнымі сувязямі.

На сёньняшні дзень Эўразьвяз патрабуе прысутнасьці ў сваіх шэрагах моцнай, канкурэнцыйнай ды эканамічна разьвітай Турэччыны.

Януш Пехаціньскі: Мой суразмоўца выразна даў зразумець, бо ён нарадзіўся ў год першага звароту аб далучэньні, што для Турэччыны вельмі важнае значэньне маюць адносіны з ЭЗ. Гэта дапамагае ў пошуку свайго месца ў глябальным вымярэньні, а таксама прывержанасьці дэмакратычным каштоўнасьцям ды разуменьні сваёй адметнасьці.

Анкара чакае на далучэньне да ЭЗ з 1987-га году. Чым больш часу праходзіць, тым менш туркі хочуць грукацца ў дзьверы Эўразьвязу.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт