Logo Polskiego Radia
Print

PolskieRadio.pl – ляўрэат прэміі „Захавальнік памяці 2014”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 10.11.2014 13:36
  • Захавальнік памяці.mp3
PolskieRadio.pl – гэта энцыкляпэдыя найноўшай гісторыі, кажуць заснавальнікі прэміі.

Партал грамадзкага Польскага радыё ўзнагароджаны тытулам „Захавальнік памяці 2014”. Прэмію, якую ўручае тыднёвік „Do Rzeczy”, грамадзкая радыёстанцыя атрымала за свае гістарычныя інтэрнэт-праекты.

Тытул „Захавальнік памяці” – гэта ўзнагарода для прыватных асоб і ўстаноў, якія асаблівым чынам прычыняюцца да аднаўленьня й захаваньня памяці аб важных падзеях у гісторыі Польшчы. Партал PolskieRadio.pl быў узнагароджаны ў катэгорыі „ўстанова” за інтэрнэт-сэрвісы, прысьвечаныя выдатным постацям і знакавым падзеям у найноўшай гісторыі польскай дзяржавы.

Падчас уручэньня ўзнагароды аглядальнік выданьня „Do Rzeczy” Пётр Гурштын зазначыў, што партал Польскага радыё зьяўляецца сапраўднай крыніцай інфармацыі.

Пётр Гурштын: Партал – гэта акіян, па якім можна плаваць гадзінамі. Я так і „плаваў”, слухаючы, напрыклад, голас Яна Карскага. Я слухаў таксама старшыню Дзяржрады ГДР, таварыша Вальтэра Ульбрыхта, які абгрунтоўваў неабходнасьць узьвядзеньня Бэрлінскага муру. Дарэчы, цяпер немцы сьвяткуюць 25-годзьдзе яго разбурэньня. Здаецца, што гэта вугорцы першымі ўзнагародзілі партал Польскага радыё за праект „Вугоршчына’56”. Таксама незвычайнымі зьяўляюцца гістарычныя перадачы Радыё Свабодная Эўропа з 1956 году. Партал – гэта сапраўдная энцыкляпэдыя сучаснай гісторыі, і ня толькі гісторыі.

„Гэтая ўзнагарода пацьвярджае сэнс працы нашага калектыву, які праводзіць сотні, калі ня тысячы гадзін у архівах Польскага радыё, каб пазьней апублікаваць надзвычайныя запісы й паставіць „гукавы помнік” найноўшай гісторыі”, - кажа галоўны рэдактар парталу Анджэй Мяткоўскі.

Анджэй Мяткоўскі: Гэта ўзнарагоджаньне нашай працы –таго, што мы робім і чым захапляемся цягам апошніх гадоў. Мы стварылі дзясяткі гістарычных праектаў. Гэта, можна сказаць, гукавы аповед пра найважнейшыя падзеі найноўшай гісторыі, пра выдатных палякаў. Узнагарода сьведчыць пра тое, што місія, якой мы кіруемся ў сваёй працы, была заўважана.

Галоўны рэдактар парталу нагадвае, што падчас стварэньня дзясяткаў гістарычных сэрвісаў ягоны калектыў супрацоўнічаў з многімі ўстановамі ў Польшч, напрыклад, Нацыянальным цэнтрам культуры, Эўрапейскім цэнтрам салідарнасьці, Інстытутам нацыянальнай памяці, Асацыяцыяй свабоднага слова, Цэнтрам „Карта”, Нацыянальным лічбавым архівам ці Інстытутам Yad Vashem.

Зыходным пунктам для кожнага спэцыяльнага праекту зьяўляюцца архіўныя запісы, якія паходзяць з фондаў грамадзкага Польскага радыё, а часам і з прыватных фондаў. Важным дапаўненьнем зьяўляюцца адсканаваныя здымкі й дакумэнты, запісы аўдыё/відэа ці асабістыя фотакалекцыі.

Дзякуючы гістарычным сэрвісам, створаным на партале PolskieRadio.pl, у мультымэдыйных формах паказаны сьведчаньні відавочцаў, дасьледчыкаў і камэнтатараў, сярод іншага, нацысцкай і савецкай агрэсіі на Польшчу, Катынскага злачынства, Варшаўскага паўстаньня й трагедыі Варшаўскага гета, нагадае дырэктар парталу Анджэй Мяткоўскі.

Анджэй Мяткоўскі: Мы можам карыстацца вельмі багатымі, 90-гадовымі архівамі Польскага радыё. Да гэтага мы дадалі таксама архівы Радыё Свабодная Эўропа – гэта 25 тысяч запісаў. Мы запусьцілі гістарычныя праекты, пачынаючы з часоў Другой сусьветнай вайны. Далей ідуць таксама сэрвісы пра Варшаўскае паўстаньне, паўстаньне ў Варшаўскім гета, польскія падзеі ў кастрычніку 1956 году, у 1968 у Будапэшце, на ўзьбярэжжы Балтыкі ў 70-м годзе, пра ўзьнікненьне руху „Салідарнасьць”, выбар Караля Вайтылы галавой Апостальскага пасаду, увядзеньне ваеннага становішча і ўзнаўленьне незалежнасьці.

Напрыклад, адзін з сэрвісаў прысьвечаны падзеям у Чэхаславаччыне. У іншым узгадваецца вядомая прамова Джона Кэнэдзі „Ich bin ein Berliner!”, якая прагучала ля Брадэнбурскай брамы.

Унікальныя аўдыё-, відэа- і фотаматэрыялы набліжаюць постаці такіх вядомых палякаў, як Папа рымскі Ян Павал ІІ, кардынал Вышыньскі, рэдактар парыскай „Культуры” Ежы Гедройць, пісьменьнік Густаў Герлінг-Грудзінскі, мастак і пісьменьнік Юзэф Чапскі, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Чэслаў Мілаш, Ян Карскі ці легендарны дырэктар Польскай службы Радыё “Свабодная Эўропа” Ян Новак-Езяранскі.

Нарэшце, гістарычныя сэрвісы парталу PolskieRadio.pl - гэта амаль 25 тысяч запісаў з архіваў Радыё „Свабодная Эўропа”, BBC і RFI.
Яны сьведчаць пра тое, як палякі разам з амэрыканскімі партнэрамі й заходнімі саюзьнікамі імкнуліся захаваць дух польскай незалежнасьці й свабоды ў часы камуністычнай улады.

Два астатнія ляўрэаты сёлетняй узнагароды „Захавальнік памяці 2014” - гэта гісторык і выкладчык Ягелёнскага ўнівэрсытэта прафэсар Анджэй Новак. Ён узнагароджаны ў катэгорыі „творца” за пасьлядоўнасьць і мужнасьць, зь якой ён паказвае гісторыю Польшчы. Другім ляўрэатам у катэгорыі „мэцэнат” зьяўляецца фірма „Tauron Polska Energia” - за ўклад у рэалізацыю мастацкага фільма „Джэк Стронг” пра незвычайнага героя Рышарда Куклінскага.

Цырымонія ўручэньня сёлетніх узнагародаў „Захавальнік памяці 2014” прайшла ў нядзелю ў Варшаве. Яе суправаджаў адмысловы канцэрт.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт