Logo Polskiego Radia
Print

На парозе вайны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.12.2014 15:30
  • На парозе вайны.mp3
У 2014 годзе сьвет упершыню за апошнія гады стаў на парозе глябальнай вайны.

З новай сілай выбухнулі канфлікты на Блізкім Усходзе. Вайна завітала таксама ў Эўропу. Масква як некалі паставіла на агрэсіўную палітыку ў дачыненьні да суседзяў. Загучалі пагрозы ядзернага ўдару. Адыходзячы год быў надзвычай напружаным.

Каб у гэтым пераканацца, дастаткова зірнуць на старонкі прэсы з розных краін. Сярод найважнейшых падзеяў у сьвеце адыходзячага году згадваюцца найчасьцей войны, катастрофы, хваробы. Заходняя прэса назвала 2014 Годам барацьбы з Эболай. Вірус забіў блізу 8 тысяч чалавек, а пад пагрозай жыцьцё яшчэ 20 тысяч.

На другім месцы ідзе экалёгія. Экспэрты кажуць пра тое, што адыходзячы год быў адным з самых гарачых з пачатку адсочваньня кліматычных зьмен. Гучаць меркаваньні пра тое, што плянэта ўсё больш грэецца. Гэта можа паўплываць на значныя зьмены клімату ва ўсім сьвеце. Наступствы гэтай зьявы могуць быць катастрафічнымі для чалавецтва.

Аднак палітыкі гэтымі пытаньнямі не пераймаюцца. 2014 год выдатна гэта паказаў. Пра што сьведчыць сапраўдны выбух агрэсіўнасьці ды войнаў на плянэце. Адным з эпіцэнтраў вайны ў адыходзячым годзе стаў Блізкі Усход. Другім – Усходняя Эўропа. Гаворыць палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў: Найперш гэта акупацыя Крыма ды ўвогуле расейская агрэсія супраць Украіны. Другое – гэта Блізкі Ўсход ды ўзьнікненьне Іслямскай дзяржавы. Калі гэтая праблема ня так моцна закранае Эўропу ды Беларусь, то першае навязвае жорсткія ўмовы. Тым больш, што не вядома, як будзе сябе паводзіць Масква. Ёсьць вялікая трывога наконт таго, што ёй захочацца працягнуць экспансію.

Экспэрт ацэньвае год пэсымістычна. Найбольшы мінус у тым, што ў выпадку магчымай агрэсіі ніхто нас бараніць ня будзе, лічыць ён.

Андрэй Фёдараў: Адзіны пазытыў – гэта тое, што крыху зрушыліся ў лепшы бок адносіны з Захадам. Аднак гэты зрух настолькі нязначны, што зарана спадзявацца на сур’ёзныя наступствы. Калі адбудзецца нейкая агрэсія, скажам з боку Расеі, то Захад ня будзе нас бараніць. Больш за тое, мы самі ня будзем сябе бараніць. За Украіну ня так моцна стаіць, як мог бы, а за нас тым больш ня будзе. Таму пакуль што ня бачны нічога сьветлага. Адзінае, што можа ўратаваць – гэта крызыс, які настолькі прыцісьне Маскву, што ёй будзе не да нас. Аднак, гэта слабае спадзяваньне.

Зь іншага боку, крыху аптымізму прынесьлі падзеі ў сусьветнай эканоміцы. Крызысныя зьявы маюць цыклічны характар. 2014 стаў завяршаючым года крызысных тэндэнцый. Прыканцы наступнага году можа пачацца новы ўздым, кажа эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залескі: У гаспадарцы адбываюцца звычайныя ваганьні, праявы цыклічнасьці. У гэтым няма нічога новага. У часы фараонаў было тое самае. Раз горай, раз лепей. Ваганьні гэтыя спалучаюцца з сонечнай актыўнасьцю. Дастаткова паглядзець на найстарэйшыя індэксы, напрыклад індэкс коштаў на пшаніцу, якому 500 гадоў. Па ім бачна, што ваганьні паўтараюцца з 60- і 12 - гадовай цыклічнасьцю. Згодна з гэтым, з канца наступнага года павінна пайсьці паляпшэньне. Гэты год быў мала спрыяльным.

2014 год быў найбольш гарачым у пляне тэмпэратуры, але й сытуацыі на плянэце. У сьвеце пашыраюцца эканамічныя праблемы, множацца канфлікты ды вірусы. Наступны год можа прынесьці паслабленьні, але далёка не ва ўсім і не для ўсіх.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт