Гэтая дабрачынная акцыя сёлета сабрала больш за 36 мільёнаў злотых.
“Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” зьяўляецца традыцыйнай дабрачыннай акцыяй у Польшчы. Яна ладзіцца непарыўна з 1993-га году кожнай зімой пасьля навагодніх сьвятаў. Тысячы валянтэраў выходзяць на вуліцы гарадоў і вёсак, завітваюць у гандлёвыя цэнтры, на транспарт, на вакзалы ды іншыя грамадзкія месцы, зьбіраючы грошы, якія будуць выкарыстаныя ў дабрачынных мэтах.
Сёлета адбыўся 23 фінал Вялікага аркестра. Мэтай сёлетняй акцыі быў збор сродкаў на набыцьцё мэдычнага абсталяваньня для аддзелаў дзіцячай анкалёгіі, кардыялёгіі, пульманалёгіі, а таксама аддзелаў для пажылых пацыентаў. Мільёны палякаў далучыліся да акцыі. Арганізатары кажуць, што задаволеныя вынікам, але не зьбіраюцца спыняцца на дасягнутым. Распавядае аўтар ды шматгадовы папулярызатар кампаніі Юрэк Оўсяк.
Юрэк Оўсяк: Ва мне бушуе адрэналін, ён расьпірае мяне, але ў пазытыўным значэньні, вельмі пазытыўным. Сёлета здарылася неверагодная рэч, мы зноў змаглі паказаць, што для людзей найбольш істотнае. Мноства людзей далучылася, Аркестар зайграў як найлепей. Людзі пісалі да нас, што гатовыя даць злоты, два, дваццаць, таму што тое, што робіць Аркестар, тычыцца кожнага з нас. За сабраныя, у прынцыпе невялікія грошы, мы робім шмат усяго, нягледзячы на тое, што ў Польшчы часта кепска выдаткоўваюцца грошы.
Рухавіком акцыі зьяўляюцца валянтэры. Гэта сотні, тысячы людзей, якія добраахвотна дапамагаюць пры зборы сродкаў, арганізацыі розных мерапрыемстваў падчас фіналу Аркестра. Сёлета ў акцыі бралі ўдзел больш за 120 тысяч валянтэраў. Яны рознымі спосабамі заахвочваюць людзей далучыцца да акцыі, каб сабраць як мага больш сродкаў.
Валянтэр: Людзі даюць, калі маюць з чаго, іншыя кіруюцца эмоцыямі. Мы заахвочваем іх строямі. Адзін з нас апрануты ў мундзір жаўнера Войска Польскага, другі ў мундзір верасьня 1939-га году.
Валянтэрка: Я лічу, што гэта адна з найлепшых дабрачынных акцый.
Аркестар іграў на тэрыторыі ўсёй Польшчы, і за мяжой: у ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Канадзе. Прэсавы сакратар акцыі Кшыштфа Добес заявіў, што ў Польшчы цяжка знайсьці месца, дзе не граў Аркестар. Каб падтрымаць акцыю, ня трэба было нават выходзіць з дому.
Кшыштаф Добес: Мы зрабілі велізарную мапу Польшчы з пазначанымі пунктамі, дзе грае Аркестар. Гэта сотні месцаў. Паўсюдна кожны штаб рыхтуе нешта сваё, усе хочуць мець нешта ўнікальнае, надзвычайнае. Паміж штабамі ёсьць спаборніцтва. Мы заахвочваем усім падтрымаць нас. Гэта можна зрабіць і праз тэлевізію, праз інтэрнэт. Зразумела, што найлепш выйсьці з дому ды паўдзельнічаць у розных хэпінінгах, мэта якіх паказаць, што дапамога – гэта ня толькі сабраныя грошы, але й радасьць, файная забава ды велізарныя эмоцыі.
Сёлета Аркестар іграў нават у турме. Вязьні з сьледчага ізалятара ў Радамі далучыліся да акцыі ўпершыню ў гісторыі турэмнай службы. Распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Ганна Ожэл.
Ганна Ожэл: Да гэтага дня яны рыхтаваліся цэлы год. Яны клеяць мадэлі караблёў, вышываюць ды малююць карціны. Потым усё зробленае перадаецца на аўкцыён у рамках “Вялікага аркестра сьвяточнай дапамогі”. Асуджаныя заяўляюць, што робяць гэта з сэрца, бо адчуваюць такую патрэбу. Для іх гэта магчымасьць зрабіць нешта пазытыўнае ў жыцьці, забыцца пра шэрасьць іх штодзённага жыцьця. Дзеля гэтага сёлета ў вязьніцы адбыўся канцэрт, як выключны знак прызнаньня для асуджаных.
З папярэдніх дадзеных вынікае, што ў выніку акцыі было сабрана больш за 36 мільёнаў злотых. Аднак, арганізатары спадзяюцца, што канчатковая сума будзе большай. Летась падчас фіналу было сабрана больш за 35 мільёнаў злотых. Канчаткова сабраных было на 17 мільёнаў больш. Канчатковая сума сабраных сродкаў стане вядомай у палове сакавіка.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч