У аўторак у Польшчы, вобразна кажучы, узарвалася бомба. Напярэдадні пятай гадавіны катастрофы прэзыдэнцкага самалёта Ту-154, які 10 красавіка 2010 году разьбіўся пад Смаленскам, паявіўся новы гуказапіс апошніх хвілін палёту. Гэта больш дакладная расшфроўка копіі з бартавых самапісцаў машыны. Экспэртам удалося зразумець на прыблізна 40% больш словаў, чым неўзабаве пасьля здарэньня.
Новая расшыфроўка сьведчыць аб тым, што на пілётаў аказваўся агромны прэсінг, каб яны прызямліліся, нягледзячы на дрэнныя ўмовы надвор’я. Пракуратура пацьвярджае, што існуе новая стэнаграма, але таксама вінаваціць мас-мэдыя ў недакладнасьці. Новы гуказапіс сьведчыць аб тым, што да апошняга моманту ў какпіце знаходзіўся галоўнакамандуючы паветранымі сіламі Польшчы генэрал Анджэй Бласік, які націскаў на пілётаў, каб яны стараліся прызямліцца, хаця ў выніку густога туману не было бачна зямлі. У кабіне пілётаў, акрамя Бласіка, верагодней за ўсё знаходзіўся шэф дыпляматычнага пратаколу Марыюш Казана, які таксама аказваў прэсінг на пілётаў.
Міхал Сэтляк з выданьня “Przegląd lotniczy” (Авіяцыйны агляд) нагадвае, што пра пабочных асобаў, якія былі ў какпіце, гаварылася і раней.
М. Сэтляк: Тое ж самае сьцьвярджаў рапарт камісіі Мілера пасьля катастрофы. Гаварылася аб тым, што была брутальна парушана стэрыльнасьць какпіту. У крытычным фазах палёту, у тым ліку падчас прызямленьня, там павінен быць толькі экіпаж машыны. А тут у какпіт заглядала шмат людзей.
Анджэй Бласік пастаянна быў прысутны ў кабіне. Ён гаворыць да пілётаў “Зьмесьцішся, сьмела”. Пілёты спрабуюць супакоіць староньніх людзей, якія ім перашкаджаюць. Войцех Лучак з выданьня „Skrzydlata Polska” (Крылатая Польшча) адзначае, што прэсінг на пілётаў падчас прызямленьня можа закончыцца, і закончыўся, трагічна.
В. Лучак: Апошняя расшыфроўка запісу размоваў паказвае, што без сумненьня гэты прэсінг меў месца. Канешне, пілёты маглі яму супрацьстаяць, сказаць: “Калі вы намераны рызыкаваць жыцьцём, гэта ваша справа. А я – лётчык, і ведаю, наколькі гэта небясьпечна”.
Пракуратура прызнае, што экспэртам удалося расшыфраваць больш дакладна размовы ў какпіце самалёта. Але, паводле словаў прэс-сакратара Марціна Макс’яна, неабходна яшчэ правесьці старанную праверку.
М. Макс’ян: Пракуроры вядуць старанны аналіз гэтай стэнаграмы. Гаворка ідзе пра час выказваньня, у якім моманце яно мела месца, зьмест выказваньня, а таксама хто гаварыў. Пасьля заканчэньня аналізу пракуратура прыме рашэньне пра неабходнасьць папаўненьня ранейшага рапарту або яго зьмяненьня. Трэба адзначыць, што ў гэтым гуказапісе, які паявіўся ў польскіх СМІ, ёсьць шэраг недакладнасьцяў. Гэта датычыць як зьместу выказваньняў, іх аўтараў, так і ў некаторых выпадках паяўляецца камэнтар, які не зьяўляецца апісаньнем ходу здарэньня, якое прадставілі экспэрты.
Пракуратура заявіла, што будзе ўзбуджана сьледзтва, якім чынам сродкі масавай інфармацыі атрымалі доступ да гуказапісаў. Тым ня менш, на думку экспэртаў, новая расшыфроўка можа прыдасца ў правядзеньні сьледзтва. Спэцыяліст па авіяцыі Томаш Хыпкі (Tomasz Hypki) перакананы, што сьледчыя і пракуратура павінны гэтым заняцца і, магчыма, перагледзець свае ранейшыя высновы.
Т. Хыпкі: Пракуратура павінна значна глыбей пашукаць прычыны катастрофы сярод тых, хто займаўся падрыхтоўкай гэтага палёту. Хто дапусьціў да сытуацыі, у якой экіпаж практычна ня мог спакойна кіраваць самалётам. Нагадаю, што дыспетчары як з Менску, так і Смаленску, шмат разоў перасьцерагалі экіпаж машыны, што няма ўмоваў для пасадкі. Тым ня менш, у выніку прэсінгу экіпаж прадпрыняў спробу пасадзіць самалёт.
Новыя стэнаграмы пацьвярджаюць, што ў Смаленску не было ніякага замаху на польскага прэзыдэнта, там здарыўся трагічны нешчасьлівы выпадак. Адказнасьць трэба ўскласьці на тых, хто рыхтаваў палёт – мяркуе прадстаўніца ўраду Малгажата Кідава-Блоньска.
М. Кідава-Блоньска: Калі пракуратура пацьвердзіць, што гэта сапраўдныя запісы, то акажацца, што бардак у самалёце быў яшчэ большы, чым мы меркавалі пасьля катастрофы. Гэта жахліва – людзі гінуць у выніку адсутнасьці працэдураў і абы-якога падыходу да справы.
У пятніцу мінае роўна пяць гадоў ад здарэньня. Самалёт з прэзыдэнтам Лехам Качыньскім на борце разьбіўся непадалёк ад Смаленска. Загінулі ўсе пасажыры і чальцы экіпажу – агулам 96 чалавек. Дэлегацыя, у склад якой уваходзіла шмат высокапастаўленых чыноўнікаў, накіроўвалася на адзначэньне гадавіны забіцьця польскіх палонных афіцэраў у Катыні.
нг