Спрэчкі за верталёт для польскай арміі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
02.05.2015 14:34
Прафсаюзнікі крытыкуюць выбар уладаў і намерваюцца пратэставаць у Варшаве.
Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы плянуе правесьці тэсты шматмэтавага верталёта „H225M Caracal”, то бок машыны, якую прадукуе француская авіябудаўнічая кампанія „Airbus Helicopters”.
Астатнім кампаніям, якія прымалі ўдзел у тэндэры за кантракт для польскай арміі паведамілі, што іх прапановы не адпавядалі ўмовам тэндэру. На авіябудаўнічых заводах у Мельцу й Сьвідніку гэта выклікала абурэньне.
„PZL Mielec”, які належыць амэрыканскаму канцэрну „Sikorsky Aircraft Corporation”, прапанаваў палякам свае машыны „Black Hawk”. У сваю чаргу італьянскі „AgustaWestland”, які заінвэставаў грошы ў „PZL Świdnik” – шматмэтавы самалёт „AW149”, паведамляе тыднёвік „Wprost”.
Гэта не таямніца, што абодва замежныя канцэрны, інвэстуючы ў польскія заводы, спадзяваліся на кантракты з польскай арміяй. Яшчэ большыя спадзяваньні мелі прафсаюзы й працаўнікі польскіх заводаў. Гэта менавіта яны найбольш заўзята крытыкуюць рашэньне польскіх уладаў, то бок выбар францускага самалёта. Яны дамагаюцца ануляваньня тэндэру, рассакрэчаньня дакумэнтацыі й працы тэндэрнай камісіі.
Апрача таго, прафсаюзьнікі папярэджваюць аб дэманстрацыях у Варшаве й пераконваюць, што рашэньне, якое прынялі польскія ўлады, пашкодзіць польскай авіяпрамысловасьці.
Ці так сапраўды адбудзецца? Гэтага нельга выключыць, асабліва тады, калі дойдзе да скарачэньня працаўнікоў на польскіх авіябудаўнічых заводах. Паводле неафіцыйных заяваў, так можа стацца на заводзе „PZL Mielec”. Як даведаліся журналісты тыднёвіка „Wprost”, у бліжэйшым часе кіраўніцтва мясцовага завода плянуе звольніць нават чвэрць працаўнікоў.
аз