Logo Polskiego Radia
Print

Эказоны ў гарадзкіх цэнтрах

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.05.2015 15:42
Палякі хочуць абмежаваць уезд аўтамабіляў у цэнтры гарадоў.

Магчыма, ужо ў наступным годзе ў польскіх гарадах паявяцца зоны, у якія ня ўедуць найстарэйшыя й найбольш „атрутныя” аўтамабілі. Пра тое, якія машыны закране забарона, будуць вырашаць мясцовыя ўлады, чытаем у выданьні „Gazeta Wyborcza”.

Адпаведны законапраект ужо гатовы. Яго аўтар Тадэвуш Аркіта з кіроўнай „Грамадзянскай плятформы” пераконвае, што гаворка ідзе пра 45 тысяч палякаў, якія кожны год паміраюць ад раку, выкліканага забруджаньнем паветра.

Але камэнтатары дадаюць, што гаворка ідзе таксама пра грошы, то бок санкцыі ЭЗ, якія пагражаюць Польшчы за найбольш забруджанае паветра ў Эўропе. Гаворка ідзе пра 4 мільярды злотых у год.

Пра вызначэньне эказонаў і аўтамабіляў, якія змогуць у іх уехаць, будуць вырашаць мясцовыя ўлады. Якія крытэры будуць брацца пад увагу?

Напэўна вырашальнае значэньне будзе мець тып паліва й дата першай рэгістрацыі аўтамабіля. Інакш гаворачы, чым маладзейшы аўтамабіль, тым больш эказонаў будзе для яго даступных.

Ужо вядома, што ў найбольш складанай сытуацыі апынуцца ўласьнікі аўтамабіляў з дызельным рухавіком, які лічыцца асабліва шкоднымі для навакольнага асяродзьдзя.

Будзе некалькі відаў эказонаў. Кіроўца, якога аўто будзе мець права ўехаць у адну або некалькі зь іх, атрымае наклейку ў адпаведным колеры. Ён будзе абавязаны наклеіць яе на свой аўтамабіль. Кожная наклейка будзе каштаваць кіроўцы каля 10 злотых.

Ідэя вызначэньня эказонаў і абароны іх ад найбольш „атрутных” аўтамабіляў ня новая. Яна сягае пачатку 90-х гадоў і дзейнічае ў больш, чым 200 месцах у Эўропе.

Кожны год іхная колькасьцць павялічваецца ў асноўным у гарадах Нямеччыны й Чэхіі. Усе маюць адну мэту - ахову здароўя жыхароў, нагадае „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт