Logo Polskiego Radia
Print

Сумны рэкорд мінулых выходных

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.07.2015 17:13
За некалькі дзён гарачыні ў Польшчы патанула 40 чалавек.

/

У апошнія выходныя дні ў Польшчы быў самы гарачы ўік-энд сёлетняга лета. Амаль па ўсёй краіне тэмпэратура перавышала 30 градусаў Цэльсія. Таму нічога дзіўнага, што ўсе, каму не лянота, адпраўляліся кудысьці бліжэй да вады. На берагах вадаёмаў было поўна людзей, многія пілі алькаголь. І здараліся трагедыі.

Цяпер тэмпэратура ўжо ўпала, 20 градусаў і пахмурнае неба хутчэй не прыцягваюць аматараў воднага адпачынку, але паліцыя падсумоўвае трагічны балянс мінулай гарачыні. У адну толькі суботу патанула 11 чалавек, а агулам за тры дні выходных – ад пятніцы да нядзелі – жыцьцё пад вадой страціла больш за 40 асобаў.

Як кожны год, паліцыя заклікае людзей захоўваць асьцярожнасьць каля вады, ня піць алькагольных напояў перад купаньнем, не скакаць «з галавой», асабліва там, дзе невядомае або небясьпечнае, зьменлівае дно ў рэках. Для паліцыі водны сэзон пачынаецца ў траўні, дагэтуль у Польшчы самым трагічным стаў дзень 14 чэрвеня, калі ўтапілася 8 чалавек, але апошнія выходныя пабілі гэты сумны рэкорд.

Многіх трагедый удалося б пазьбегнуць, калі б не кураж ды алькаголь. Часта здараюцца нешчасьлівыя выпадкі падчас скокаў у ваду, таксама часьцей за ўсё пад уплывам алькаголю. Як штогод, прыгадваюць аб гэтым выратавальнікі. Гаворыць інструктар па плаваньню і выратавальнік Пшэмыслаў Хоміч. Меркаваньнем старшыні Фундацыі Плаваньне, палякі каля вады часта паводзяць сябе падобным чынам, як за кіраўніцай у машыне на дарозе.

П. Хоміч: Не стае розуму, развагі, пераважае кураж, жаданьне паказаць сябе. Напрыклад, была такая сытуацыя, што двое мужчын паспрачаліся, хто з іх пераплыве на другі бераг заліву. Аднаму ўдалося, а другі не даплыў. Так што сытуацыя падобная, як з куражом кіроўцаў на дарогах.

Паліцыя падрыхтавала ў гэтым годзе адмысловы відэакліп, які прадстаўляе вясёлы адпачынак на беразе возера, з расьпіваньнем піва, пазьней мужчына ідзе плаваць, і пачынае тануць. Усё адбываецца вельмі хутка, хаця сэрца перастае біць толькі праз прыкладна 7 хвілін. За гэты час яшчэ можна выратаваць чалавека, які тоне.

Каля вады трэба захоўваць асаблівую асьцярожнасьць – нагадвае Пшэмыслаў Хоміч. Вада вельмі жорсткая, яна не выбачае зьдзейсьненых памылак. Выратавальнік адзначае, што нельга спускаць з нагляду асабліва дзяцей, паколькі ў выпадку малых дзяцей нават хвілінная неасьцярожнасьць можа стаць прычынай трагедыі.

П. Хоміч: Была такая сытуацыя на Сядлецкім вадаёме. У вадзе, у якой дарослы мог замачыць толькі ступні ног, дзіця сядзела ў надзьмуханым коле. Сядзела, гулялася, увесь час толькі на беразе. Дзень быў вельмі гарачы, у пэўным моманце дзіця страціла прытомнасьць і тварам упала ў ваду. Маці і бацька гэтага не заўважылі, і толькі тады, калі выратавальнік убачыў, што адбываецца, падбег да дзіцяці, толькі тады бацькі заўважылі, што нешта сталася. Так што самае галоўнае – пастаянна назіраць за дзіцём, каб яно было ў бясьпецы.

Выратавальнікі нагадваюць таксама, што ратаваньне чалавека, які тоне, гэта не такая простая задача, як можа здавацца. Нават асобы, якія выдатна плаваюць, могуць не справіцца з гэтым заданьнем, паколькі ўтапаючы можа паводзіць сябе неадэкватна і ў стане панікі ўтапіць свайго выратавальніка. Нельга скакаць у ваду ў вопратцы, якая хутка прасякае вадой і цягне чалавека на дно. Таму вельмі важна забясьпечыць сабе дапамогу, калі бачым небясьпечную сытуацыю, паклікаць выратавальную каманду. І толькі тады, калі ведаем, што справімся з задачай, можна кідацца на дапамогу ўтопленіку. Важна ўзяць з сабой нейкі прадмет, які можна будзе даць тонучаму чалавеку – дошку, надзьмухіванае кола, або нешта іншае, што дазволіць яму ўтрымацца на вадзе або дапаможа нам утрымаць яго на вадзе. Пасьля таго, як удасца выцягнуць утопленіка з вады, неабходна выклікаць каманду хуткай дапамогі, ацаніць стан чалавека і прыступіць да штучнага дыханьня, калі сэрца не працуе.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт