Logo Polskiego Radia
Print

А. Боднар абраны амбудсмэнам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.07.2015 18:11
Амбудсмэн павінен змагацца за правы грамадзян, гэта непалітычная пасада, тым ня менш яго выбар стаў палітычным пытаньнем.

/

У Польшчы абраны новы амбудсмэн. Падчас прэзэнтацыі кандыдатаў на гэтую пасаду ў Сэйме (ніжэйшай палаце парлямэнта) была вельмі гарачая дыскусія. Упаўнаважаным па правах грамадзян абраны віцэ-старшыня Хельсінскай фундацыі правоў чалавека Адам Боднар.

У Польшчы амбудсмэн можа дзейнічаць як па заявах, скаргах грамадзян, так і па ўласнай ініцыятыве. Напрыклад, ён можа пачаць расьсьледаваньне нейкай справы ў сувязі з публікацыямі ў сродках масавай інфармацыі.

Перад амбудсмэнам стаіць шмат важных задач. На думку былога старшыні Дзяржаўнай выбарчай камісіі праф. Анджэя Цоля, адным з самых важных заданьняў на бліжэйшы тэрмін паўнамоцтваў зьяўляецца ўпарадкаваньне правоў працаўладкаваных.

А. Цоль: Асабліва пытаньне гэтак званых сьмецьцевых дамоваў (праца на кантрактнай аснове). Ён павінен сачыць за тым, каб наймальнікі не парушалі правоў працаўладкаваных асобаў, ня толькі на кантрактах, але і тых, хто працуе на падставе пастаяннай дамовы. У гэтай галіне ёсьць вельмі шмат справаў, якія неабходна высьвятляць. У сфэры працоўных кантактаў часта назіраецца парушэньне правоў чалавека.

У Польшчы амбудсмэн (упаўнаважаны па правах чалавека) дзейнічае перш за ўсё на падставе скаргаў грамадзян. Гэта адзін з інструмэнтаў аховы свабоды або правоў, якіх не прытрымліваюцца ўстановы дзяржаўнай улады. Скарга ўносіцца бясплатна, яна не патрабуе адмысловай формы. У Польшчы, на думку Анджэя Цоля, упаўнаважаны па правах чалавека таксама павінен працаваць над тым, каб павысіць узровень даверу паміж грамадзянамі.

А. Цоль: Шмат у нашым грамадзкім жыцьці нянавісьці, адсутнасьці пашаны для іншых людзей. Упаўнаважаны па правах чалавека павінен прадпрымаць крокі ў такім напрамку, каб палепшыць гэтую атмасфэру. Амбудсмэн мае ў сваіх руках інструмэнты, якія дазваляюць палепшыць гэтую сытуацыю.

Амбудсмэн павінен змагацца за правы ўсіх грамадзян, гэта непалітычная пасада, тым ня менш яго выбар стаў палітычным пытаньнем. Роля ўпаўнаважанага па правах чалавека – ахоўваць правы грамадзян і сачыць за выкананьнем Канстытуцыі. Кандыдатаў на пасаду было двое: прапанаваны Грамадзянскай плятформай і Саюзам левых дэмакратычных сілаў Адам Боднар ды Зофія Рамашэўска – былая дзяячка апазыцыі, грамадзкая актывістка, якую рэкамэндавала партыя Права і справядлівасьць.

Адам Боднар вядомы сваімі поглядамі левай арыентацыі, між іншым, на тэму партнэрскіх саюзаў, але, па словах старшыні парлямэнцкай фракцыі Грамадзянскай плятформы Рафала Групіньскага, у гэтай працы асабістыя погляды адыходзяць на другі плян.

Р. Групіньскі: Адам Боднар вельмі моцна падкрэсьліваў на нашай сустрэчы, што ўпаўнаважаны па пытаньні правоў чалавека не прадстаўляе на гэтай пасадзе сваіх прыватных поглядаў, незалежна ад таго, якія гэта погляды. Амбудсмэн ад імя грамадзян сочыць за тым, ці не парушаюцца правы людзей ды асноўны закон дзяржавы. Такога роду праца выконваецца не дзеля таго, каб прадстаўляць уласныя погляды. У сваю чаргу Зофія Рамашэўска настолькі моцна зьвязана ў ідэалягічным пляне з партыяй Права і справядлівасьць, гэта была настолькі моцна палітычная кандыдатура, што ў параўнаньні з ёй лепшы ўсё ж такі непартыйны кандыдат.

У сваю чаргу Малгажата Гасеўска з права і справядлівасьці нагадвала вялікія заслугі Зофіі Рамашэўскай у галіне абароны правоў чалавека.

М. Гасеўска: Спадарыня Зофія Рамашэўска зьяўляецца вялікім маральным аўтарытэтам. Яна заслужыла яго дзякуючы сарака гадам сваёй працы на карысьць барацьбы за правы чалавека і будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці. Гэта фрагмэнт ліста, які выслалі парлямэнтарам шматлікіх няўрадавых арганізацый ды тысячы звычайных грамадзян. Спадарыня Зофія Рамашэўска зьяўляецца амбудсмэнам ужо 40 гадоў.

У выніку галасаваньня ўпаўнаважаным па правах чалавека стаў Адам Боднар. Ён заступіць на пасадзе Ірэну Ліповіч, якая заканчвае свой пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў.

Польскі амбудсмэн разглядае ў сярэднім 50 тыс. справаў у год. Пытаньні, з якімі зьвяртаюцца да ўпаўнаважанага па правах чалавека грамадзяне, гэта перш за ўсё справы, зьвязаныя з прызнаньнем права на пэнсію, у тым ліку па інваліднасьці, парушэньні правоў працаўнікоў, скаргі на дзейнасьць судоў, сілаў правапарадку, а таксама нават такія банальныя пытаньні, што зрабіць, калі няма грошай на квартплату. На ўсе пытаньні ўпаўнаважаны стараецца адказаць, растлумачыць, куды зьвярнуцца, у якія дзяржаўныя органы, якія дапамогуць вырашыць праблему.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт