Logo Polskiego Radia
Print

Народная каманда: чаму на гульні «БАТЭ» прыяжджаюць заўзятары з розных гарадоў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 06.08.2015 13:23
  • БАТЭ.mp3
Чэмпіён Беларусі перамог вэнгерскі «Відэатон» і выйшаў у плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў.
фота: Сяргей Чыж фота: Сяргей Чыж

5 ліпеня ў Барысаве мясцовы «БАТЭ» упэўнена перамог вэнгерскую каманду (зь лікам 1:0) і выйшаў у завяршальны раўнд кваліфікацыі самага прэстыжнага клюбнага турніру на плянэце. Нават калі беларускі клюб ня здолее прайсьці апошняе кваліфікацыйнае выпрабаваньне (спадзяёмся, гэтага ня здарыцца), ён працягне гуляць у Лізе Эўропы – другі па значнасьці турнір.

Вольных месцаў на «Барысаў-Арэне» падчас гульні амаль не было. А ўсе паркоўкі й дарогі вакол стадыёна былі запоўненыя машынамі зь менскімі нумарамі. Было шмат аўто, кіроўцы якіх прыехалі зь іншых беларускіх абласьцей – Гарадзенскай, Магілёўскай, Гомельскай…

На «Барысаў-Арэне» сярод заўзятараў былі ня толькі мужчыны, але й вельмі шмат жанчын, дзяцей. Можа быць, ня ўсе людзі на трыбунах дасканала разьбіраюцца ў футбольных правілах, але падчас гульні зь «Відэатонам», напэўна, кожны спадзяваўся на перамогу свайго клюбу любой цаной. Як і маладая заўзятарка Марыя, якая прыехала на футбол упершыню.

Марыя: Перамогуць нашы – «БАТЭ». Зараз яны зьбяруцца, і ўсё будзе пучком…

На 82-й хвіліне гульні сэрбскі легіянэр нашай каманды Няманья Нікаліч забівае пераможны гол. І ў вэнграў не застаецца ніякай магчымасьці выратаваць сытуацыю.

Трэнэр «БАТЭ» Аляксандр Ярмаковіч пасьля гульні выглядае задаволеным.

Аляксандр Ярмаковіч: Мы з добрым настроем. Лічу, добра папрацавалі, даволі някепска пазнаёміліся з вэнграмі…

«БАТЭ» клапоціцца пра сваіх заўзятараў і рэагуе на крытыку, якая часам здараецца пасьля матчаў. Напрыклад, падчас гульні зь «Відэатонам» парадак на стадыёне забясьпечвалі не байцы «АМАПу», як гэта было раней, а звычайныя міліцыянты. Як многія заўважылі, адпаведна й стаўленьне да людзей было куды больш ветлівым.

Пагутарыўшы зь некаторымі заўзятарамі, разумеем, што сярод іх самыя розныя людзі. Сустрэць тут можна й рабочых, і мэнэджэраў, і вайскоўцаў, і мэдыкаў. Адна зь менскіх фанатак (яе імя Ала) прызнаецца, што працуе намесьніцай галоўнага бухгалтара ў адной з буйных кампаній. Жанчына распавядае пра свой заўзятарскі стаж.

Ала: Два гады. Спачатку прыяжджала зь цікавасьці: паглядзець на новы стадыён. Потым спадабалася. Заўжды езьдзім на матчы сям’ёй. Але сёньня захварэў дзіцёнак. Моцна плакаў, прасіўся. Але ў яго высокая тэмпэратура, і мы вырашылі пакінуць яго дома. Муж вырашыў, каб на футбол я паехала, адцягнула ўвагу, адпачыла…

Пасьля гульні аўтамабілі надзвычай доўга разьяжджаюцца з «Барысаў-арэны». Толькі ў сталіцу вяртаецца шматкілямэтровы караван зь легкавікоў. Таму й дарога можа займаць удвая больш часу, чым у звычайны будны вечар. Гэта дыскамфортная сытуацыя сьведчыць пра рэпутацыю «БАТЭ» як народнай каманды.

Сяргей Чыж, Менская вобласьць

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт