Logo Polskiego Radia
Print

На месцы вызваленых палітвязьняў ужо падрыхтаваныя новыя ахвяры?

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 23.08.2015 15:45
  • palitviazni.mp3
Памілаваўшы шасьцярых чалавек, беларуская праваахоўная сыстэма ўжо падрыхтавала на іх месцы новых кандыдатаў.
pixabay.com/CC0 Public Domain


Памілаваўшы шасьцярых чалавек, беларуская праваахоўная сыстэма ўжо падрыхтавала на іх месцы новых кандыдатаў. Іх лёс можа залежыць ад прызнаньня выбараў.

У суботу 22 жніўня Адміністрацыя кіраўніка Беларусі распаўсюдзіла навіну пра вызваленьне з калёній шасьцярых чалавек, якіх дэмакратычная супольнасьць лічыць палітвязнямі.

Гэта былы кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч, які быў затрыманы падчас “Выбараў-2010” і прасядзеў у няволі ўсе гэтыя гады.

Гэта актывісты анархісцкага руху зь Менска Ігар Аліневіч ды Мікалай Дзядок, якія прабылі за кратамі блізу 5 год. Хлопцаў асудзілі за закідваньне расейскай амбасады кактэйлямі молатава, а таксама за хуліганствы каля Гэнштабу Ўзброеных сіл Беларусі, калі не было нанесена ніякіх матэрыяльных страт.

Выпусцілі й анархістаў з Бабруйску Арцёма Пракапенку ды Яўгена Васьковіча, якіх абвінавацілі ў нанясеньні шкоды будынку раённага КДБ. Таксама на волі Юрый Рубцоў, якога пасадзілі пасля таго, як стаў прыходзіць на апазыцыйныя акцыі у майках з крытыкай кіраўніка Беларусі, а потым яшчэ й набіў на сваім целе тату “Лукашенко уходи”.

Відавочна, што рашэньне аб памілаваньні Статкевіча давалася кіраўніку Беларусі няпроста. Яшчэ месяц таму ён разважаў над тым, выпускаць палітвязьня ці не. Лукашэнку відавочна не падабалася, што Статкевіч адмаўляўся пісаць прашэньне аб памілаванні й за гады ў калёніі так і ня даў слабіны.

Аляксандр Лукашэнка: Вырашыць наконт памілаваньня магу толькі я. Калі ўжо буду прымаць гэта рашэньне, то я яго буду прымаць да выбараў. Калі выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то няхай будзе сядзець і геройстваваць там.

Выйшаўшы на волю ў Магілёве, Мікалай Статкевіч адразу ж накіраваўся дадому ў Менск на маршрутцы. На аўтавакзале “Усходні” яго, нягледзячы на выходныя й познюю пару, чакалі некалькі соцен чалавек.

Перад камэрамі й мікрафонамі палітык адразу ж выказаў здагадкі, што Лукашэнка памілаваў яго з-за безграшоўя і дзеля гандлю з Эўразьвязам. Сам палітвязень вызваленьня не чакаў.

Мікола Статкевіч: Я здолеў бы дапамагчы гэтыя выбары зрабіць нелігітымнымі. А зараз мяне вось выгналі. У няволі цяжкімі былі ня нейкія рэзкія ўзьдзеяньні, а само доўгае знаходжаньне там. Камэра — 35 крокаў, другая камэра… І так цэлымі гадамі. Вось гэта было крыху так цяжкавата. Там ня страшны канфлікт. Гэта нават неяк падрымлівае. А вось калі яны цябе не чапаюць і не чапаюць вельмі доўга — гэта цяжка.

Мікола Статкевіч быў відавочна задаволены тым, што яго сустрэла столькі людзей. Ён найперш адзьдзячыў усім, хто сабраўся на вакзале і падтрымліваў яго лістамі ў калёнію.

Палітвязень цьвёрда запэўніў, што не зьбіраецца выключацца “з барацьбы за вольную Беларусь”. Адпачыўшы некалькі дзён, ён плянуе сустрэцца з кіраўнікамі апазыцыйных палітычных партый. Хоць у калёніі яго, як кажа Статкевіч, увесь час схілялі да ад’езду з радзімы пасьля вызваленьня.

Мікола Статкевіч: Я разумею, што мяне могуць выціскаць з краіны. Нават ня ведаю, які мой статус: у мяне будзе прэвэнтыўнае ці прафіляктычнае назіраньне. Унутрыкамэрныя агэнты, якія заўсёды з табой, калі ты не адзін, задавалі адно й тое ж пытаньне: ці зьбіраюся я зьехаць. Адказваў, што не. Мне ўжо надакучыла гэта, я пачаў адказваць так: “Ды я моў ня ведаю, што я там буду рабіць”. І мне дазволілі вывучаць ангельскую мову на курсах “Ешка” і прыносілі ў камэру плэер, CD-дыскі. Толькі вось вывучы ды зьедзь. Я вучыў, безумона, але адразу казаў: “Ну, толькі на два тыдні максымум зьеду, але ня больш, не дачакаецца”.

Іншыя палітвязьні таксама даехалі да сваіх семьяў. У прыватнасьці анархісты Ігар Аліневіч ды Мікалай Дзядок па вяртаньні дадому запэўнілі, што за ўсе гады зьняволеньня так і не напісалі Лукашэнку прашэньні аб памілаваньні.

Праваабаронцы да аналітыкі выказваюць меркаваньні, што месцы вазваленых палітвязьняў ужо хутка зоймуць новыя ахвяры рэжыму Лукашэнкі. Што гэта такая правераная тактыка гандлю з Эўразьвязам. У многім пытаньне будзе залежаць ад таго, прызнае Захад “Выбары-2015” легітымнымі ці не прызнае.

У той час, калі адных выпускаюць, на іншых распачынаюць новыя крымінальныя перасьледы. Мова вядзецца, да прыкладу, пра “Справу графітыстаў”. У жніўні ў Менску дваіх актывістаў анархісцкага руху затрымалі па падазрэньні ў псаваньні білборду з выявамі міліцыянтаў. Людзям пагражаюць канкрэтнымі крымінальнымі тэрмінамі. За адносна дробнае правапарушэньне іх не выпускаюць з СІЗА да суда.

Яшчэ адна справа — затрыманьне некалькіх фанатаў-антыфашыстаў ужо ня йснуючага клюбу “Партызан”. Падазраваныя сьцьвярджаюць, што абвінавачваньні ў хуліганстве супраць іх сфабрыкавалі. Што факту хуліганства не было. Пацярпелы па справе таксама адкрыта заявіў, што ня мае да падазраваных прэтэнзіяў, але беларускіх праваахоўнікаў гэта пазыцыя мала цікавіць. Як часта здаралася раней, у палітычных справах закон у Беларусі адыходзіць на другі плян.

Сяргей Чыж, Менская вобласьць

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт