Logo Polskiego Radia
Print

Volkswagen падманваў таксама ў Эўропе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.09.2015 12:00
У Польшчы можа быць нават больш за 100 тыс. машын з падманлівай праграмай.
Фота:europeancarweb.com

Не відаць канца скандалу, зьвязанага з фальсыфікацыяй вынікаў экалягічных тэстаў канцэрнам Volkswagen. Па польскіх дарогах можа езьдзіць нават больш за 100 тыс. аўтамабіляў гэтай маркі, якія выкідваюць празьмерную колькасьць выхлапных газаў – паведамляе выданьне Gazeta Wyborcza.

У выходныя амэрыканскае Агенцтва аховы навакольнага асяродзьдзя заявіла, што ў сваіх машынах з дызэльным рухавіком канцэрн зьмясьціў адмысловае праграмнае аснашчэньне, дзякуючы якому падчас тэставаньня выкіды газаў адпавядалі нормам, але падчас нармальнай эксплёатацыі выкіды аксыду азоту былі нават у 40 разоў вышэйшыя за норму. Празьмерная колькасьць аксыдаў у паветры можа выклікаць хваробы лёгкіх і бронхаў, уплывае таксама на паяўленьне смогу.

Амэрыканцы паказалі толькі верх айсбэрга. Сам канцэрн прызнаўся, што «левыя» праграмы мае каля 11 млн. машын на дызэльнае паліва розных марак, у тым ліку ў Эўропе.

Паводле дадзеных экспэрта аўтамабільнага рынку фірмы Самар, на прыканцы мінулага году ў Польшчы было каля 107 тыс. машын з адпаведным рухавіком (ЕА 189). У большасьці (47%) гэта машыны маркі Volkswagen, але таксама маркі Шкода і Сэат.

Эўрапейская камісія заявіла, што яна ня будзе весьці сьледзтва па гэтай справе, хай ёй займаюцца нацыянальныя ўрады сяброўскіх краін ЭЗ. У Польшчы ўлады пакуль не намераныя брацца за праверку. Тым часам у іншых краінах, як Італія, Аўстрыя, Паўднёвая Карэя ці ЗША, дзяржаўныя органы ўжо ўзбуджаюць сьледзтва.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт