Logo Polskiego Radia
Print

Статкевіч і Саньнікаў: беларусія "выбары" - гэта фарс

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 26.09.2015 14:31
  • Статкевіч і Саньнікаў.mp3
У Варшаве прайшла канфэрэнцыя з удзелам Мікалая Статкевіча, Андрэя Саньнікава й замежных спэцыялістаў.
charter97.org

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі вельмі выразна падкрэсьлілі, што беларускія «выбары» назваць выбарамі нельга й прызнаньне іх легітымнымі з боку Захада будзе памылкай.

Канфэрэнцыя праходзіла пад назвай «Беларусь: «Выбары» ў часе сталага крызысу правоў чалавека». Прамоўцы выказалі свой пункт гледжаньня на выбары ў Беларусі, пасьля чаго прайшла дыскусія паміж усімі гасьцямі.

Першым прамаўляў экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, былы палітвязень Мікалай Статкевіч. Яго словы пра прэзыдэнцкія выбары былі вельмі вострымі: «Выбары» ў Беларусі – гэта ня выбары, а магчымае прызнаньне нават нейкага прагрэсу ў выбарах – гэта здрада беларускага народа.

М. Статкевіч: Я ніколі не зразумею людзей, якія бачаць у гэтых выбарах нават які-колечы прагрэс. Я лічу такую пазыцыю здрадай беларускага народа. Мы й далей будзем змагацца за сваю краіну. Мы разумеем, што толькі мы яе можам зрабіць свабоднай. Але, калі ласка, не перашкаджайце нам гэта рабіць.

Пазыцыя Андрэй Саньнікава вельмі падобная. Ён казаў, што выбары ў Беларусі несапраўдныя, а кожная адмена фінансавых санкцый толькі прадоўжыць дыктатарскі рэжым у Беларусі.

А. Саньнікаў: Нас часта абвінавачваюць у тым, што апазыцыя ня можа аб’яднацца. Сёньня мы аб’яднаныя. Усе байкатуюць выбары. Таксама мы чакаем, што ЭЗ будзе прытрымлівацца сваіх прынцыпаў.

Андрэй Саньнікаў таксама падкрэсьліў, што кожная спроба прызнаць падзеі ў Беларусі будзе азначаць прызнаньне вайсковай прысутнасьці Расеі ў Беларусі, што нямалазначна й для эўрапейскай бясьпекі.

Замежныя госьці на канфэрэнцыі казалі пра магчымую адмену санкцый з боку ЭЗ узамен за “справядлівыя выбары”.

Юры Джыбладзэ з маскоўскага Цэнтра разьвіцьця праў чалавека й дэмакратыі нагадаў, што неаднаразова міжнародныя структуры высоўвалі Беларусі патрабаваньні й давалі рэкамэндацыі для выкананьня. Аднак ні разу беларусія ўлады іх ня выканалі. Юры Джыбладзэ адзначыў, што не дастаткова толькі вызваліць палітзьняволеных, каб заслужыць на адмену санкцый.

Ю. Джыбладзэ: Гаворыцца, што вызваленьня палітзьняволеных дастаткова. Быццам бы гэта была адзіная мэта палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі. Мы ўсе ведаем, што сытуацыя ў Беларусі пераўтварылася ў глыбокі сыстэмны крызыс правоў чалавека. Вызваленьне палітзьняволеных і іх рэабілітацыя – гэта толькі сыходны пункт. Акрамя гэтага, ёсьць канкрэтныя ўмовы ў сфэры правоў чалавека.

Калі ЭЗ адменіць санкцыі, то запярэчыць сваім жа прынцыпам – казаў Рыгор Мясежнікаў з славацкага Інстытуту грамадзкіх спраў.

Яцэк Кухарчык з польскага Інстытуту грамадзкіх спраў адзначыў, што канфлікт ва Ўкраіне памяняў сытуацыю ў Эўропе, памяняўся й падыход да Лукашэнкі. Палітыкі ЭЗ цяпер больш засяроджваюць увагу на Ўкраіне й Сырыі, а пытаньнем Беларусі стомленыя.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт