Logo Polskiego Radia
Print

Ня будзе паправак у законе аб нацменшасьцях

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.10.2015 14:26
Законапраект датычыў чатырох паветаў: у двух жыве кашубская меншасьць, у іншых – летувіская ды беларуская.

/

Прэзыдэнт Анджэй Дуда адмовіўся падпісаць унясеньне паправак у закон аб нацыянальных меншасьцях – чытаем у выданьні Gazeta Wyborcza. Закон дзейнічае ўжо каля 10 гадоў. Дзякуючы дакумэнту ў тых гмінах, дзе пражывае як мінімум адна пятая прадстаўнікоў нацменшасьцяў, паявіліся надпісы на дзьвюх мовах, а ў органах дзяржаўнай адміністрацыі можна карыстацца мовай меншасьці.

Прадстаўнікі нацменшасьцяў вырашылі ўвесьці папраўкі ў закон. Гаворка ідзе пра тое, каб можна было атрымліваць пасьведчаньні на дзьвюх мовах і каб войты, бургамістры ды прэзыдэнты гарадоў маглі прызначаць упаўнаважаных па пытаньнях нацменшасьцяў. Калі б папраўкі былі прынятыя, то мовай нацменшасьці можна было б карыстацца таксама ў кантактах з чыноўнікамі павета, а ня толькі гміны. І гэтая менавіта зьмена не спадабалася прэзыдэнту. Анджэй Дуда адзначыў, што няма дакладных падлікаў коштаў увядзеньня зьмен.

Законапраект датычыў чатырох паветаў: у двух жыве вялікая кашубская меншасьць, у іншых – летувіская ды беларуская. Старшыня Кашубска-паморскай асацыяцыі Лукаш Гжэндзіцкі адзначае, што фінансавая аргумэнтацыя ня мае сэнсу, паколькі зьмены не датычаць дзяржаўнага бюджэту, а толькі бюджэту паветаў.
Калі б прэзыдэнт падпісаў папраўкі ў закон, ён меў бы больш маральных аргумэнтаў, каб змагацца за правы палякаў, якія жывуць за мяжою. А цяпер кожны зможа яму сказаць, што ён ва ўласнай дзяржаве выступае супраць правоў меншасьцяў.

Сярод дзеячаў Права і справядлівасьці гучаць галасы, што папраўкі нічога новага ня ўносілі, а толькі ўскладнялі закон. І што яны насілі папулісцкі характар на час кампаніі перад выбарамі, каб дэпутаты маглі пахваліцца перад электаратам, што яны нешта зрабілі.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт