З-за ўказу № 222 апусьцелі базары
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
04.01.2016 13:42
Беларускія гандляры страйкуюць, патрабуючы адмяніць закон, які пачаў дзейнічаць некалькі дзён таму.
Субота і нядзеля – гэта базарныя дні ў Беларусі, але на гэты раз базары пасьля Новага году апусьцелі. Гандляры страйкуюць, паколькі з-за ўказу № 222 ім проста не аплачваецца працаваць – піша Gazeta Wyborcza.
Указ увёў патрабаваньне гандляваць толькі таварам з сэртыфікатам, які пацьвярджае краіну яго паходжаньня. Такі дакумэнт цяжка атрымаць, асабліва ў Расеі, дзе няма падобнага патрабаваньня, – тлумачыць старшыня аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка. Нават тыя індывідуальныя прадпрымальнікі, у каго ёсьць дакумэнты, баяцца гандляваць, паколькі невядома, чаго яшчэ запатрабуюць кантралёры. А тыя могуць лёгка канфіскаваць тавар.
Па ўсёй Беларусі ў пратэсьце ўдзельнічае каля 100 тыс. гандляроў. Яны спадзяюцца, што ўрад саступіць і прыпыніць дзейнасьць указу. Падобныя страйкі адбываюцца ў Беларусі ад пачатку стагодзьдзя. Раней улады сапраўды ішлі на кампраміс і адмаўляліся ад нявыгадных для гандляроў законаў, але пад прыцэл траплялі арганізатары пратэстаў. Супраць іх пачыналіся рэпрэсіі, супраць некаторых узбуджалі крымінальныя справы. Таму на гэты раз пратэст праходзіць спантанна – няма ўлётак, лідараў ці страйкавага камітэту, які хацеў бы ісьці на перамовы з уладамі.
Страйк праходзіць на фоне пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне. Вялікія прамысловыя аб’екты высылаюць сваіх рабочых у бясплатныя водпускі. Расейскі рынак засвойвае ўсё менш беларускіх тавараў, сытуацыю пагаршае падзеньне цаны нафты. Згодна афіцыйным дадзеным, кожнае трэцяе беларускае прадпрыемства стратнае.
Gazeta Wyborcza/пераклад нг