Прадстаўнікі камісіі сустракаюцца з прадстаўнікамі польскіх дзяржаўных структур і зьбіраюць інфармацыю.
Візыт пяці прадстаўнікоў Вэнэцыянскай камісіі ў Польшчу адбываецца па запрашэньні польскага ўраду, які напрыканцы мінулага году зьвярнуўся па адпаведную ацэнку. Вэнэцыянская камісія вядомая тым, што аказвае так званую “канстытуцыйную дапамогу”, то бок на просьбу краіны ладзіць праверку дэмакратычнасьці Канстытуцый ды законаў, іх адпаведнасьць міжнародным стандартам ды правам чалавека.
Пасьля кастрычніцкіх выбараў 2015-га году новы польскі ўрад унёс папраўкі ў закон аб Канстытуцыйным судзе. Гэтыя крокі выклікалі шырокі пратэст з боку судовых ды палітычных колаў, а таксама сярод грамадзтва. У адказ на гэта полькі ўрад папрасіў камісію даць ацэнку дэмакратычнасьці зьменаў.
Вэнэцыянская камісія пачала працу. У рамках збору інфармацыі ў Польшчу прыехала дэлегацыя камісіі. У праграме: сустрэчы з вышэйшымі польскімі чыноўнікамі ды прадстаўнікамі асноўных дзяржаўных установаў. Больш падрабязна пра візыт распавядае журналістка Польскага радыё Ксенія Мацьчак.
Ксенія Мацьчак: Вэнэцыянская камісія пры Радзе Эўропы прыехала на запрашэньне польскага ўраду. Гэта вынік шматлікіх пратэстаў выкліканых зьменамі ў законе аб Канстытуцыйным судзе. Падчас двухдзённага візыту чальцы камісіі сустракаюцца з прадстаўнікамі ключавых польскіх дзяржаўных устаноў. Прадстаўнікі камісіі заявілі, што спадзяюцца на тое, што змогуць даць аб’ектыўную інфармацыі. Польскія судовыя арганізацыі прадставілі камісіі свае ацэнкі ўнесеных паправак. У праграме сустрэчы ў парлямэнце, з амбудсмэнам ды старшынёй Канстытуцыйнага суду.
У панядзелак адбылася сустрэча прадстаўніком камісіі з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам. Прэзыдэнт прадставіў камісіі свой пункт гледжаньня на справу Канстытуцыйнага суду. Гаворыць прэзыдэнцкі міністар Анджэй Дэра.
Анджэй Дэра: Гэта сустрэча інфармацыйнага характару, яна мае прыязны характар. Прыехала Камісія, ейны старшыня сустрэўся з прэзыдэнтам, які інфармуе пра зьдзейсьненыя крокі, пра матывы. Гэта абсалютна натуральна й нармальна. Дадзеная сустрэча найбольш важная, бо датычыць сустрэчы з кіраўніком дзяржавы. Потым чальцы Камісіі сустрэнуцца з прадстаўнікамі іншых устаноў. На падставе гэтай сабранай інфармацыі Вэнэцыянская камісія прадставіць свае высновы.
Ацэнкі візыту прадстаўнікоў Вэнэцыянскай камісіі сярод польскіх палітыкаў падзялілася. На думку дэпутата партыі “Права й Справядлівасьць” Пётра Ўрускага, прыезд дэлегацыі з Вэнэцыі – гэта пазытыўная рэч.
Пётр Урускі: Я думаю, што так трэба было зрабіць з самага пачатку. Не накручваць спрэчкі ў Польшчы, дзе справа Канстытуцыйнага суду выклікала вялікія эмоцыі. Вонкавая ўстанова зь вялікім аўтарытэтам ацэніць справу аб’ектыўна.
Іншыя ўспрымаюць дадзены візыт, як удар па рэпутацыі Польшчы ў сьвеце. Гаворыць эўрадэпутат ад партыі “Грамадзянская плятформа” Януш Левандоўскі.
Януш Левандоўскі: Сам факт прыезду – гэта няшчасьце, таму што дагэтуль дадзеная камісія езьдзіла ў Армэнію ды Ўкраіну. Такія стандарты права яна вывучала, і раптам прыяжджаюць у Польшчу. Гэта значнае падзеньне для краіны, якая за 25 год выпрацавала сабе высокую рэпутацыю ў Эўропе. У гэтым - ганьба.
Пасьля вяртаньня з Польшчы прадстаўнікі камісіі будуць абмяркоўваць тое, што яны пачулі ды ўбачылі ў Польшчы. Канчатковую ацэнку дэмакратычнасьці прынятых паправак камісія дасьць у сакавіку.
Юры Ліхтаровіч