Logo Polskiego Radia
Print

Справа „Panama Papers” выклікала скандал на палітычнай сцэне

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 04.04.2016 16:45
  • Panama Papers.mp3
Пуціну скандал хутчэй за ўсё не пашкодзіць, а Парашэнка можа заплаціць сваёй палітычнай кар’ерай.
Photo: PAP/EPA/KARL-JOSEF HILDENBRAND

Адно з найбуйнейшых журналісцкіх сьледзтваў спасылаецца на каля 11,5 млн дакумэнтаў, якія сьведчаць пра тое, што багатыя і ўплывовыя людзі выводзяць свае актывы ў афшорная зоны па ўсім сьвеце. Сярод іх ёсьць кіраўнікі дзяржаваў, палітыкі, бізнэсмэны, зоркі спорту, а таксама звычайныя злачынцы.

Амаль год за мэханізмамі вываду сродкаў у афшорныя зоны сачылі журналісты выданьня „Süddeutsche Zeitung” і Міжнароднага кансорцыюма сьледчых журналістаў (анг. The International Consortium of Investigative Journalists, ICIJ).

Паводле іх, сродкі ў афшорныя зоны выводзілі 140 палітыкаў і дзяржаўных чыноўнікаў, у тым ліку 12 былых і актуальных прэзыдэнтаў.

Эканаміст Асацыяцыі прадпрымальнікаў і працадаўцаў Марыюш Паўляк (поль. Mariusz Pawlak) падкрэсьлівае, што афшорныя зоны маюць дзьве асноўныя мэты.

Марыюш Паўляк: Яны выкарыстоўваюцца з мэтай адмываньня грошаў і ўтойваньня нелегальна здабытай маёмасьці. Другая мэта – задавальненьне хцівасьці. Мы хочам больш і таму карыстаемся афшорнымі зонамі, падатковай аптымізацыяй, міжнародным падатковым плянаваньнем, калі на гэта дазваляюць улады й закон.

Эканаміст лічыць, што дзяржава можа прадухіліць уцечку сродкаў падаткаплатнікаў у афшорныя зоны.

Марыюш Паўляк: Адзіным эфэктыўным спосабам прадухіленьня ўцечкі сродкаў у афшорныя зоны зьяўляецца зьмена падатковых законаў. Гаворка ідзе пра тое, каб падаткі былі прымальныя – гэта не азначае, што нізкія; усеагульныя – абавязковыя для ўсіх; справядлівыя й празрыстыя. Тады ўсе будуць плаціць падаткі, паколькі нейкая аптымізацыя, проста, ня будзе аплачвацца.

Паводле сьледзтва, прэм'ер-міністры Ісьляндыі й Пакістана, прэзыдэнт Украіны, кароль Саудаўскай Арабіі й дзеці прэзыдэнта Азэрбайджана кантралявалі кампаніі на Брытанскіх Віргінскіх выспах, на Кіпры і на Сэшэлах. Паслугамі кампаніі ў краінах - афшорных зонах карыстаўся, напрыклад, бацька брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмэрана. Журналісты падазраюць, што, карыстаючыся сыстэмай кампаній і банкаў, сродкі за мяжу мог выводзіць таксама Ўладзімір Пуцін.

У сваю чаргу падчас найбольш крывавай барацьбы на Данбасе ў 2014 годзе прадстаўнік Пятра Парашэнкі хацеў стварыць для ўкраінскага прэзыдэнта кампанію на Брытанскіх Віргінскіх выспах.

У ацэнцы камэнтатараў, інфармацыя аб фінансавых махінацыях, зьвязаных з афшорнымі зонамі, на лёс Уладзіміра Пуціна хутчэй за ўсё не паўплывае. Аднак сытуацыя выглядае інакш, калі гаворка ідзе пра палітычную кар’еру прэзыдэнта Ўкраіны.

Міхал Кацэвіч (поль. Michał Kacewicz) з тыднёвіка „Newsweek Polska” лічыць, што расейская прапагандысцкая машына паклапоціцца, каб грамадзяне Расеі не даведаліся, што выявілі журналісты. Апрача таго, уся некарысная інфармацыя будзе прадстаўлена як „заходняя змова”.

Міхал Кацэвіч: Большасьць расейцаў надалей верыць у тое, што Пуцін - крышталёва чысты чалавек. А нават, калі ў іх ёсьць нейкія падазрэньні, то лідар, цар ці як яго зваць – мае на гэта права.

Аднак сытуацыя ва Ўкраіне цалкам іншая, паколькі Пётр Парашэнка неаднойчы абяцаў прадаць свой кандытарскі бізнэс. Тым ня менш, як падкрэсьлівае Міхал Патоцкі (поль. Michał Potocki) з выданьня „Dziennik Gazeta Prawna”, рассакрэчаныя дакумэнты паказваюць, што прэзыдэнт нават ня мае гэткага намеру.

Міхал Патоцкі: Журналісты даказалі, што гэтага не адбылося. Парашэнка спрабаваў схаваць сапраўднага адміністратара сваіх кампаніяў. Дзеля гэтага ён спрабаваў выкарыстаць мэханізм рэгістрацыі фірмы на Брытанскіх Віргінскіх выспах, на Кіпры і ў Нідэрляндах. Гэта сутнасьць усяго скандалу.

Экспэрты згодныя, што выяўленая інфармацыя будзе выкарыстоўвацца ў палітычных спрэчках ва Ўкраіне. У той жа час яны адзначаюць, што кампаніі большасьці ўкраінскіх палітыкаў таксама зарэгістраваныя ў афшорных зонах.

Сярод прозьвішчаў, якія паявіліся ў дакумэнтах „Panama Papers”, ёсьць таксама палякі, напрыклад, былы мэр Варшавы й эўрадэпутат Павел Піскорскі (поль. Paweł Piskorski), а таксама акцыянэр „ITI Group” Марыюш Вальтэр (поль. Mariusz Walter) і Марэк Профус (поль. Marek Profus), кампанія якога займаецца гандлем палівам і ваеннай тэхнікай.

Кіраўнік партыі „Дэмакратычнае таварыства” Павел Піскорскі тлумачыць, што ўсе дзеяньні, зьвязаныя з рэгістрацыяй ягонай кампаніі ў Панаме, былі згодныя з законам.

Павел Піскорскі: Згодна з законам, некалькі гадоў таму я заснаваў фірму, каб рэалізаваць свае эканамічныя пляны. Аднак гэтыя пляны ніколі не былі рэалізаваныя й я закрыў фірму. Усё было паводле законаў. Дарэчы, фірма ніколі не спрацавала. Празь яе не прайшоў ні адзін эўра, ні адзін злоты. Не была заключаная ніводная дамова. Фірма была мёртвай, бо ў пэрспэктыве аказалася непатрэбнай.

Палітыка не зьдзіўляе, што яго справа паявілася пры нагодзе вялікай уцечкі інфармацыі, якой зьяўляецца скандал „Panama Papers”.

Павел Піскорскі: Я разумею, што падазронымі могуць здавацца нейкія дзеяньні Мубарака, Кадафі, Пуціна, а пры нагодзе паведамляецца таксама пра дзеяньні, згодныя з законам.

Нямецкая газэта „Süddeutsche Zeitung” атрымала ад ананімнага інфарматара мільёны дакумэнтаў на тэму фіктыўных кампаніяў, зарэгістраваных у афшорных зонах у сьвеце. Газэта апублікавала прозьвішчы вядомых асобаў з усяго сьвету, якія выкарыстоўвалі гэткія фірмы, каб вывесьці свае грошы за мяжу.

Сьледзтва праводзілі розныя сродкі масавай інфармацыі ў рамках Міжнароднага кансорцыюма сьледчых журналістаў(анг. ICIJ).

Уцечка дакумэнтаў, якія ахопліваюць пэрыяд апошніх 40 гадоў, адбылася з зарэгістраванай у Панаме міжнароднай юрыдычнай фірмы „Mossack Fonseca”, якой офісы дзейнічаюць у больш чым 35 краінах сьвету.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт