Logo Polskiego Radia
Print

Польскі ўрад плянуе таннае жыльлёвае будаўніцтва

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 07.06.2016 16:16
  • кватэра.mp3
Паводле розных падлікаў, у Польшчы не хапае каля 1-1,5 млн кватэр.
Photo: pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

У Польшчы назіраецца недахоп кватэр. Многія сем’і прымушаныя жыць у памяшканьнях, якія не адказваюць іх патрэбам, або разам з бацькамі. Яны ня могуць сабе дазволіць купіць уласную нерухомасьць. Урад вырашыў адказаць на гэтую праблему і распрацаваў праграму таннага жыльлёвага будаўніцтва м арэнды.

Паводле розных падлікаў, у Польшчы не хапае каля 1-1,5 млн кватэр. Цэны жыльля для многіх жыхароў краіны проста завоблачныя, недаступныя. У сваю чаргу дэвэлёпэры аргумэнтуюць высокія цэны коштамі зямельных участкаў, якія ніякім чынам не жадаюць патаньнець. Таму ўрад вырашыў адказаць на гэтую адну з асноўных праблем палякаў і распачаць праграму таннага жыльлёвага будаўніцтва. Па словах прэм’ер-міністра Бэаты Шыдла, якая прадставіла праграму некалькі дзён таму, гэта першае спроба комплексна вырашыць пытаньне. Кошт арэнды аднаго мэтра жыльля ў такой кватэры будзе складаць каля 10-20 злотых за адзін квадратны мэтар (3-6 даляраў ЗША). Жылыя памяшканьні ў рамках праграмы будзе будаваць Нацыянальны фонд жыльля, які атрымае бясплатна зямельныя ўчасткі ад дзяржавы.

Праграма прызначана ня толькі для самых бедных слаёў насельніцтва, таксама для сярэдняга клясу, – адзначае Бэата Шыдла.

Б. Шыдла: Цяпер многія маладыя людзі, якія пачынаюць самастойнае жыцьцё, вельмі шмат працуюць, і нават нядрэнна зарабляюць, але яны ня могуць дазволіць сабе купіць уласную кватэру.

У будучым годзе пачнецца прыём заяў жадаючых атрымаць у арэнду такую кватэру. У першую чаргу памяшканьне змогуць зьняць людзі, якія ня здольныя атрымаць банкаўскі гіпатэчны крэдыт. Іншыя крытэры адбору – гэта колькасьць дзяцей і памер даходаў. За кожны крытэр будуць прызнавацца балы. Асобы, якія зьбяруць адносна мала балаў, пачакаюць у чарзе даўжэй.

Чаму арэнда кватэр будзе намнога таньнейшай, чым рынкавая цана? Па словах міністра інфраструктуры Анджэя Адамчыка, гэта магчыма дзякуючы таму, што жыльлё будзе збудаванае на зямельных участках, якія належаць да дзяржавы.

А. Адамчык: Дзяржава мае зямельныя ўчасткі, дзяржава мае нерухомую маёмасьць. Такой нерухомасьці ў распараджэньні дзяржавы вельмі многа. І яе мы выкарыстаем пад жыльлёвае будаўніцтва. Частка нерухомасьці будзе таксама своеасаблівым банкам, які дазволіць атрымаць сродкі на рэалізацыю праграмы.

Праграма будаўніцтва жыльля пад арэнду зьменіць сытуацыю на рынку нерухомасьці ў Польшчы – мяркуе аналітык Lion’s Банку Барташ Турэк. Гэта сапраўды магчымасьць пераехаць жыць ва ўласную кватэру для тых людзей, хто ня можа атрымаць гіпатэчны крэдыт у банку.

Б. Турэк: Гэтая праграма можа сапраўды выклікаць рэвалюцыю на рынку нерухомай маёмасьці. Гаворка ідзе асабліва пра тых людзей, у якіх няма крэдытаздольнасьці. Канешне, асобы, якія здаюць кватэры, жывуць за кошт нерухомасьці, могуць страціць. Калі паявіцца вялікая колькасьць танных кватэр, то цэны павінны падаць. І той, хто купіў кватэру пад арэнду, заробяць на ёй менш, чым дагэтуль.

У Польшчы назіраецца недахоп кватэр, асабліва адносна недарагіх. Гэта рэальная грамадзкая праблема. Нават палітыкі апазыцыйных партый згодныя, што гэтае пытаньне неабходна нейкім чынам вырашаць. На думку прэс-сакратара партыі «Грамадзянская плятформа» Яна Грабца, многія маладыя людзі ня маюць крэдытаздольнасьці, ня могуць купіць кватэру, і таму яны адкладваюць рашэньне пра заснаваньне сям’і, нараджэньне дзяцей. Аднак палітык адзначае, што прадстаўленая прэм’ер-міністрам праграма нагадвае яму перадвыбарчыя абяцаньні.

Я. Грабец: Перад выбарамі гавораць пра ідэі, якія калісьці набяруць рэальныя формы. Урад кіруе краінай ужо паўгода, але няма яшчэ нават законапраекту. Праз паўгода такі законапраект, магчыма, паявіцца, праз год, магчыма, пачнуць раздаваць першыя віртуальныя кватэры, паколькі сапраўдных памяшканьняў яшчэ не збудуюць. Гэта мала, мы чакалі большага. Наша праграма «Кватэра для маладых» аказала рэальную дапамогу дзесяткам тысяч людзей. Гэтая праграма закончылася, але яна магла б працягвацца, калі б урад прызначыў на яе сродкі. Так што старая праграма закончылася, новая яшчэ не пачала дзейнічаць, можа пачне праз год. Адпаведна, цягам нейкага часу палякі агулам не атрымаюць дапамогі ад дзяржавы, каб рэалізаваць сваю мару – мець уласную кватэру. Такі рэзультат мы назіраем.

Таксама іншыя апазыцыйныя групоўкі скептычна падыходзяць да абяцаньняў уладаў збудаваць шмат танных кватэр пад арэнду. Прадстаўнікі партыі «Сучасная» нагадалі, што «Права і справядлівасьць» кіравала ўжо краінай, і тады абяцала збудаваць 3 млн кватэр. Гэтыя абяцаньні не ўдалося ажыцьцявіць. Пабачым, як будзе на гэты раз.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт