Logo Polskiego Radia
Print

Вырак для Расеі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.07.2016 15:30
  • Вырак для Расеі.mp3
У сьвеце ідзе абмеркаваньне вынікаў Варшаўскага саміту NATO.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

Адны кажуць, што Альянс вынес супраць іх прысуд, другія стрымана зазначаюць, што арганізацыя мае мноства выклікаў перад сабой.

На мінулым тыдні ў Варшаве адбыўся саміт Паўночнаатлянтычнага альянсу. У польскай сталіцы сабраліся дэлегацыі з 54 краін ды 11 міжнародных арганізацый. Некаторыя ўжо назвалі дадзеную сустрэчу гістарычнай.

Арганізацыя прыняла рашэньне пра накіраваньне 4 тысяч жаўнераў на ўмацаваньне ўсходняга флянгу. 4 міжнародныя батальёны трапяць у Эстонію, Латвію, Летуву ды Польшчу.

Кіраўніца польскага ўраду Бэата Шыдла заявіла, што варшаўскі саміт арганізацыі - гэта посьпех Польшчы. Урад дасягнуў нават больш, чым плянаваў.

Бэата Шыдла: Гэтая падзея ўвойдзе ў аналы гісторыі, як саміт, які вызначыў новую мапу сусьветнай бясьпекі. Узмацніў бясьпеку Польшчы. Рэальна на нашай тэрыторыі будзе вайсковая прысутнасьць NATO. Усе нашы стратэгічныя разьлікі для нашай краіны былі рэалізаваныя.

У адказ на гэта расейскія СМІ напісалі, што NATO вынесла прысуд для Расеі. Гэта новы курс арганізацыі, навеяны анэксіяй Крыму ды Данбасам, які палягае на правіле “Хочаш міру - рыхтуйся да вайны”. З Масквы перадае карэспандэнт Польскага радыё “Мацей Ястжэмбскі”.

Мацей Ястжэмбскі: Расейцы зьвярнулі ўвагу на 2 пазыцыі, якія згадваліся ў Варшаве ў справе кантактаў з Расеяй. Стрыманую ды памяркоўную прадставіла Мадлэн Олбрайт, а другую – міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Ён заявіў, што Расея не зьяўляецца канструктыўным гульцом і ад яе нічога добрага ня варта чакаць. Варшава спадзяецца, што NATO будзе дзейнічаць паводле вядомага прынцыпу: “адзін за ўсіх ды ўсе за аднаго”. Расейскія экспэрты ў Варшаве казалі, што цяпер Захад мацнейшы за Расею ва ўсіх сфэрах, апроч ядзернага арсэнала. Праблема ў тым, што ў адносінах з Масквой цяпер няма ані павагі, ані даверу, піша прэса.

З Бэрліна ды Парыжа даходзяць іншыя меркаваньні. У абедзьвюх сталіцах перакананыя, што ў адносінах з Крамлём трэба рабіць стаўку на рашучасьць ды дыялёг. Да гэтай пазыцыі з разуменьнем ставяцца ў Кітаі. З Пэкіна перадае карэспандэнт Польскага радыё Тамаш Саевіч.

Тамаш Саевіч: Кітайская прэса зьвяртае асноўную ўвагу на ўзмацненьне ўсходняга флянгу NATO, нарошчваньне барацьбы з тэрарызмам ды кантрабандай людзей. Тут кітайскія журналісты зьвяртаюць увагу на праграмы дапамогі краінам усходняга ды паўднёвага памежжа, а таксама падрыхтоўчыя курсы для афіцэраў ірацкай арміі. NATO пацьвердзіла сваю падтрымку для тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. У кітайскіх СМІ пакуль няма камэнтароў экспэртаў, пакуль ёсьць толькі стрыманая рэакцыя ўрадавых колаў, схаваная ў афіцыйных паведамленьнях дзяржаўнага агенцтва друку.

Затое менш разуменьня выказваюць украінскія экспэрты. Маўляў, калі NATO хоча спыніць канфлікт, яно павінна дзейнічаць, а не чакаць, калі канфлікт сам растрасецца. Гаворыць Вадзім Карасёў з кіеўскага Інстытута глябальных дасьледаваньняў.

Вадзім Карасёў: Што тычыцца набліжэньня Ўкраіны ды Захаду, сытуацыя не зьмянілася. Чаму? Таму што, калі б Украіна ясна вызначыла пэрспэктыву далучэньня для NATO, зьявілася б праблема Расеі. Для Захаду на сёньняшні дзень – гэта клопат. NATO кажа, з аднаго боку, што трэба стрымліваць Расею, а пры гэтым хоча весьці дыялёг. Карацей кажучы – ніхто ня ведае, што далей рабіць.

Пакуль што Эўропа можа быць ўпэўненая ў адным, што ў выпадку канфлікту ў эўрапейцаў ёсьць падтрымка з боку ЗША. Яе ў Варшаве паабяцаў амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт