Плян ураду Польшчы па электрыфікацыі аўтамабільнага транспарту
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
22.09.2016 15:22
Праграма, дзякуючы якой цягам 10 гадоў палякі павінны купіць 1 млн. электрамашын.
www.pixabay.com
Польскі ўрад плянуе ўвесьці новыя аплаты за аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згараньня і льготы для тых, хто набывае электрычную машыну – піша «Gazeta Wyborcza».
Даход ад падатку на машыны паступіць у бюджэты гмін, на тэрыторыі якіх паявяцца заправачныя станцыі для электрычных аўтамабіляў. У сваю чаргу такія запраўкі будуць вызваленыя ад падатку на нерухомую маёмасьць.
Новы падатак названы рэгістрацыйнай аплатай. Толькі ўладальнікам электрычных машын ня прыйдзецца яго плаціць. Гэта толькі адна з ільготаў для аматараў эектрамашын. Акрамя таго, міністэрства энэргіі заявіла пра датацыі на пакупку новага электрычнага аўто для 100 тыс. пакупнікоў. Пакуль што невядомы памер датацыі. Ведамства хоча таксама, каб да цаны электрычнай машыны не дадаваць падатак на дабаўленую вартасьць (23%). Гэтае новаўвядзеньне, у сваю чаргу, патрабуе згоды Эўрапейскай камісіі.
Кіроўцы электрычных машын атрымаюць яшчэ іншыя льготы. Іх вызваляць ад платы за стаянку ў цэнтрах польскіх гарадоў, яны змогуць карыстацца гэтак званымі "бас пасамі" (палосамі руху, якія прызначаныя для праезду грамадзкага транспарту і таксі). А ў парку машын дзяржаўнай адміністрацыі палову аўтамабіляў павінны складаць аўто з электрычным рухавіком.
Сыстэма бізуна і перніка павінна дапамагчы ажыцьцявіць праграму электрыфікацыі транспарту, самага амбітнага праекту кіруючай партыі.
На думку ўраду, дзякуючы праграме ўжо праз 10 гадоў па польскіх дарогах будзе езьдзіць адзін мільён электрычных машын. Гэта малаверагодна, калі ўзяць пад увагу, што пад канец мінулага года ў Польшчы было зарэгістравана толькі 427 малалітражных аўтамабіляў з электрычным рухавіком.
Gazeta Wyborcza/нг