Logo Polskiego Radia
Print

Польская мяжа - непераадольны мур для чачэнцаў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.09.2016 15:36
У Берасьці качуе каля тысячы чачэнцаў, якія хочуць перабрацца ў Польшчу.
Photo: www.youtube.com

Па другім баку ракі Буг ужо некалькі месяцаў качуюць сотні іншаземцаў. У асноўным гэта чачэнцы, але сярод іх ёсьць таксама таджыкі і ўзбэкі. Кожны дзень некалькі сотняў зь іх, у большасьці сем’і зь малымі дзецьмі, купляюць білеты на цягнік зь Берасьця ў Тэрэспаль. Аднак толькі нешматлікіх дапускаюць да пунктаў пашпартнага кантролю. Шанцуе толькі адзінкам, якія атрымаюць згоду на ўезд і накіраваньне ў цэнтар для ўцекачоў у горадзе Бяла Падляска (Biała Podlaska). У сярэднім, гэта трое зь некалькіх сотняў пасажыраў цягніка, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.

У пашпартах астатніх польскія памежнікі паставяць штэмпэль з адмовай у выдачы візы і ўезду на тэрыторыю Польшчы. Цягнік у зваротны бок ад'яжджае з Тэрэспаля а 11.25. На наступны дзень сытацыя дакладна паўтараецца.

Рэкардсмэны зрабілі ўжо нават 50 гэткіх рэйсаў. Ніякай лёгікі няма. Пашанцаваць уцекачу можа нават на дзесяты раз. Аднак частка адмаўляецца ад паездак, калі ў іх закончацца грошы. Адзін рэйс у Тэрэспаль і назад каштуе 32 эўра. Аднак, чакаючы свайго шанцу ў Берасьці таксама трэба заплаціць за арэнду кватэры або за нумар у гасьцініцы. Лягераў і палатак у Берасьці няма. Некалькі найбольш заўзятых сем’яў качуе на вакзале. Астатнія, калі патрацяць усе грошы, вяртаюцца ў Расею.

Хоць беларускія памежнікі зьмяшчаюць на адной старонцы пашпарту нават восем пячатак, то палякі ставяць іх такім чынам, каб на старонцы зьмясьціліся толькі дзьве. „Гаворка ідзе пра тое, каб месца ў дакумэнце скончылася як найхутчэй”, - пераконвае Вячаслаў - адзін зь беларускіх валянтэраў, якія дапамагаюць чачэнцам у Берасьці.

Тое, што адбываецца на польска-беларускай мяжы хочуць праверыць праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку Хэльсінскі фонд правоў чалавека.

„Паведамленьні пра тое, што ў Тэрэспалі не прапускаюць асобаў, якія шукаюць палітычнага прытулку, мы атрымліваем ужо некалькі гадоў. Аднак зь лета мінулага году іх колькасьць рашуча павялічылася”, - прызнае ў размове з выданьнем „Dziennik Gazeta Prawna” Аляксандра Хшаноўска (Aleksandra Chrzanowska) з Таварыства прававой дапамогі.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт