Logo Polskiego Radia
Print

Фільм "Душы мёртвыя" стаў пераможцам фэстывалю беларускага кіно

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.10.2016 15:33
  • Bulbamovie.mp3
Кінафэстываль «Bulbamovie» на гэты раз адбываўся адначасова ў трох месцах, у тым ліку ў Беларусі.

21-23 кастрычніка адбываліся паказы ў рамках кінафэстывалю «Bulbamovie». На гэты раз фэстываль незалежнага беларускага кіно, які ладзіцца ўжо шосты раз, праходзіў у некалькіх месцах адначасова – у Менску, Варшаве ды Вроцлаве. Пасьля пераносу фэстывалю ў Беларусь не адбылося без скандалу, паколькі адзін з фільмаў беларускія чыноўнікі забаранілі.

Ідэя паказваць незалежнае беларускае кіно ў Польшчы нарадзілася шэсьць гадоў таму. Першыя фэстывалі атрымлівалі датацыю ад польскіх уладаў. У сваю чаргу год таму было вырашана перанесьці паказы ў Беларусь, каб фільмы магла ўбачыць больш шырокая аўдыторыя. Сёлета паявіліся праблемы з фінансаваньнем мерапрыемства ў Польшчы, усё было зроблена за вельмі сьціплыя сродкі. Гэтыя праблемы, магчыма, дадуць штуршок для разьвіцьця фэстывалю – гаворыць адзін з арганізатараў паказаў Пётр Дудановіч.

П. Дудановіч: У гэтым годзе мерапрыемства адбываецца ў трох месцах. У нейкай ступені мы былі вымушаныя гэта зрабіць. З іншага боку, гэтыя праблемы нам дапамагаюць рабіць фэстываль лепш. У мінулым годзе ён упершыню прайшоў у Менску, карыстаўся вялікай папулярнасьцю. Я думаю, што шосты фэстываль ня будзе самы дрэнны.

З гэтымі словамі не да канца згодны заснавальнік і дырэктар фэстывалю Януш Гаўрылюк. Справа ў тым, што сёлета ў Менску не было магчымасьці поўнасьцю рэалізаваць праграму, паколькі чыноўнікі зь Міністэрства культуры забаранілі паказваць фрагмэнт кампазыцыі «Хранатоп Танатас Эрас» – «Яечня па-беларуску». Гэта пярэчыць ідэі «незалежнага беларускага кіно», – адзначае Гаўрылюк.

Я. Гаўрылюк: Ці можна назваць посьпехам фэстываль незалежнага кіно ў Беларусі, які не паказвае незалежнага кіно? На «Bulbamovie» у Менску "Хранатоп Танатас і Эрас» агулам ня быў паказаны. Мы вырашылі, што калі трэба выразаць 4 хвіліны з фільма, то мы яго не пакажам. Таму ў мяне сумневы ў сувязі з фэстывалем. Канешне, добра, што на паказы ў Менску прыйшло шмат людзей. Толькі ці фэстываль у Менску – гэта тое ж самае, што было ў Варшаве? У Польшчы не было ніякіх праблемаў, а ў Беларусі штосьці забаранілі.

Кароткамэтражны фільм «Яечня па-беларуску» – адзін з пяці эпізодаў кінаальманаху «Танатас і Эрас», створанага пад кіраўніцтвам рэжысэра Андрэя Кудзіненкі. Галоўным героем фільма зьяўляецца міліцыянэр, які застаў сваю жонку з яе каханкай. Фільм быў забаронены за жорсткасьць і неадпаведную падачу матэрыялу. Прадзюсэр альманаха Аляксандар Дзебалюк кажа, што ў гэтым кінаальманаху адлюстроўваецца беларуская рэчаіснасьць.

А. Дзебалюк: Гэта адлюстраваньне сёньняшняга дня ў архітэпічных, міталягічных, сымбалічных вобразах. Мы кажам пра сёньняшні дзень, але моваю, далёкай ад сучасных фразаў. Галоўнай нашай мэтаю было дапамагчы маладым творцам. Урэшце паявілася добрае беларускае кіно, ёсьць сьвежыя ідэі, і моладзь вучыцца іх рэалізаваць. На маю думку, забарона Міністэрства культуры на адну з навэлаў – гэта поўны абсурд.

Адна з навэлаў кінаальманаху «Хранатоп» – «Вянок» атрымала прыз сымпатыі гледачоў на сёлетнім фэстывалі. А пераможцам «Bulbamovie» і атрымальнікам «Залатой бульбы» стаў фільм «Душы мёртвыя», у якім закранаецца ўнівэрсальная тэма праблем інвалідаў, лёс якіх нікога не цікавіць, – распавядае Януш Гаўрылюк.

Я. Гаўрылюк: Гэта паўгадзінны фільм Віктара Красоўскага, зьняты адным кадрам. Паказаныя беларускія інваліды, якія працуюць у нейкай кампаніі, якія нікога не цікавяць. Гэта сусьветная тэма, паколькі праблемы інвалідаў існуюць у розных краінах сьвету. Гэта ўнівэрсальны фільм, я не бачу ў ім нейкага беларускага кантэксту.

Учора ў Варшаве адбыўся паказ праекту «Хранатоп», фільмаў – пераможцаў фэстывалю, дыскусія з удзелам арганізатараў падзеі, аўтараў карцін ды кінакрытыка Андрэя Расінскага, ды канцэрт гурту «No Logo».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт