Logo Polskiego Radia
Print

31 кастрычніка пратэстанцкія цэрквы адзначаюць 500-годзьдзе Рэфармацыі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 31.10.2017 08:09
  • Дзень Рэфармацыі.mp3
У 1517 годзе Марцін Лютэр абвясьціў свае 95 тэзаў, якія ён прыбіў на дзьвярах касьцёла ў Вітэнбэрзе.
помнік Марціну Лютэрупомнік Марціну Лютэруphoto: pixabay.com/CC0

Гэтая падзея дала пачатак руху Рэфармацыі ў касьцёле.

Галоўнай прычынай выступу Марціна Лютэра супраць касьцельных уладаў сталі індульгенцыі – гэта дакумэнты, якія адпускалі чалавеку грахі. Кожны хрысьціянін мог сабе купіць такую форму адпушчэньня правінаў.

Пастыр Царквы веры эвангельскай Ян Прадвесьнік Антоні Бокун адзначае, што Марцін Лютэр агучыў пазыцыю многіх хрысьціянаў, аднак не спадзяваўся, што гэта прывядзе да ўзьнікненьня новых касьцёлаў.

А. Бокун: Марцін Лютэр пратэставаў супраць злоўжываньняў, якія былі ў Каталіцкай царкве таго часу. Яго дзеяньні былі скіраваныя супраць індульгенцый. Увогуле Марцін Лютэр ня думаў, што яго тэзы будуць мець такі рэзананс.

Лютэр вельмі моцна выказваўся супраць продажу індульгенцый. Ён казаў, што Біблія кажа пра іншае: галоўнае - не пакупка прабачэньня грахоў, а пакаяньне чалавека. Гэтыя тэзы былі распаўсюджаныя, але яны не прывялі адразу да зьяўленьня новых цэркваў. Зь цягам часу яны сталі пачаткам дыскусіі. У выніку Каталіцкая царква павінны была заняць пазыцыю: ці яна падтрымлівае тэзы Марціна Лютэра, ці не. На вялікі жаль, Папа рымскі прыняў рашэньне, што Марцін Лютэр ня мае рацыі. Лютэр быў адлучаны ад царквы.

Ён з гэтым не пагадзіўся. У выніку нарадзіліся рэфарматарскія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая й іншыя. Важным таксама было пытаньне суадносін, хто мае найвышэйшую ўладу ў царкве. Пратэстанцкія цэрквы лічаць, што найвышэйшая ўлада належыць Пісаньню. Тое, што кажа Біблія, зьяўляецца нормаю. Традыцыі ці пастановы мудрых людзей неістотныя. «Адзін чалавек, які мае Біблію, можа супрацьстаяць і Папу рымскаму, і Сабору», – казаў Марцін Лютэр. Яго вядомыя словы: «Калі вы мяне не пераканаеце на падставе здаровага сэнсу, што мае погляды памылковыя, то я буду іх прытрымлівацца. Няхай дапаможа мне Бог».

На беларускія землі Рэфармацыя прыйшла амаль адразу. Ужо ў 1522 годзе некаторыя віленскія прапаведнікі навучалі ў духу Марціна Лютэра.

А. Бокун: Адзін зь іх нават быў пазбаўлены пасады за пропаведзь у духу Рэфармацыі. Улічваючы тое, што прадстаўнікі многіх магнацкіх родаў навучаліся за мяжою, гэтыя ідэі хутка прымаліся. Ужо ў 1542 годзе была прынятая пастанова аб забароне навучаць «нямецкай веры», як тады казалі. Аднак было позна. У той час нават пры двары маладога князя Жыгімонта Аўгуста большасьць прапаведнікаў была прыхільнікамі Рэфармацыі.

У Вялікім Княстве Літоўскім працэсы Рэфармацыі разьвіваліся вельмі падобна да іншых краін, толькі зь мінімальным спазьненьнем. Рэфармацыя мела вялікі ўплыў найперш на эліту: магнатаў, шляхту, купцоў.

Сёньня, 31 кастрычніка, зьяўляецца ня столькі днём нараджэньня пратэстанцкіх цэркваў. Пратэстанты лічаць, што Марцін Лютэр аднавіў і зрабіў відочнаю плынь хрысьціянства, якая існавала на працягу ўсіх стагодзьдзяў.

А. Бокун: Пратэстанты не аддзяляюць сябе ад папярэдніх стагодзьдзяў. Аднак у часы Лютэра гэтая плынь была ачышчаная, было ачышчанае біблейскае вучэньне. Гэта накірунак, які трымаецца выключна Бібліі. Дзякуючы руху Рэфармацыі ён аформіўся інстытуцыянальна.

Сьвята Рэфармацыі – гэта ня толькі сьвята, якое датычыць выключна пратэстантаў. Гэта ўспамін аб тым, што Бог дзейнічае, што нам неабходна рэфармацыя. Гэта адзін з прынцыпаў Рэфармацыі: мы павінны абнаўляцца, суадносіць сябе да Божых прынцыпаў.

У найноўшай гісторыі Марцін Лютэр стаў чалавекам, які не пабаяўся кінуць выклік сыстэме, выступіць супраць пануючых поглядаў, абапіраючыся на Біблію. Гэта яго найбольшая заслуга. Ён у нейкім сэнсе герой веры таго часу.

Паводле пратэстантаў, Рэфармацыя не зьяўляецца сьвяткаваньнем падзелу ў касьцёле, але мае глыбокі тэалягічны сэнс, які можа быць блізкім усім хрысьціянам. У гэты дзень успамінаецца ўсё добрае, што прынесла Рэфармацыя.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт