Logo Polskiego Radia
Print

Ці савецкі «Дзень вышыванкі» абудзіць нацыянальную сьвядомасьць?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.07.2017 22:25
  • Ці савецкі «Дзень вышыванкі» абудзіць нацыянальную сьвядомасьць.mp3
«Незацікаўленыя палітычнымі тэмамі людзі, дзякуючы нават такому сьвяту-суботніку, могуць зацікавіцца нацыянальнымі сымбалямі».
Афіша афіцыйнага "Дня вышыванкі" ў Менску. Фота: belta.byАфіша афіцыйнага "Дня вышыванкі" ў Менску. Фота: belta.bybelta.by

Мінулыя 7 дзён прайшлі пад знакам сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці. Беларускія ўлады заявілі, што жадаюць узмацніць нацыянальную ідэнтыфікацыю грамадзянаў, папулярызуючы беларускую культуру. Міністэрства культуры й БРСМ правялі ў Менску Дзень вышыванкі, а кульмінацыяй патрыятычнага сьвята стаў парад на 3 ліпеня. Ці ўдаецца беларускім уладам абудзіць у беларусах нацыянальны дух і гонар за краіну? Пра гэта ў «Палітычным люстэрку» размаўляюць Аляксандар Папко і палітоляг Максім Руст.

Кілбаса й сантэхніка патрыятызму не ўзбуджаюць

3 ліпеня на Дзень рэспублікі ў Менску прайшоў традыцыйны парад. Каб выхаваць гонар за краіну, гледачам прадэманстравалі тэхніку беларускай арміі, а таксама дасягненьні беларускай прамысловасьці. Перад трыбунамі праехалі трактары «Беларусь», грузавікі МАЗ правезьлі лядоўні «Атлянт», беларускія кілбасы й нават сантэхніку «Керамін». Пры гэтым рэпэтыцыя параду праходзіла ў напружанай атмасфэры. Жыхары Менска скардзіліся на заблякаваныя вуліцы і разьбіты танкамі асфальт. Каля 10 тысячаў беларусаў нават падпісаліся пад пэтыцыяй забараніць вайсковыя парады ў цэнтры сталіцы. Ці маюць рацыю тыя, хто патрабуе забараніць парады? Можа, гэта адзін з нешматлікіх спосабаў абʼяднаць беларусаў перад пагрозай пуцінскага расейскага нацыяналізму?

Максім Руст: І праціўнікі, і аматары правядзеньня парадаў у Менску маюць рацыю – толькі кожны сваю. Натуральна, менчукам перашкаджаюць блякаваньне руху, шмат тэхнікі якая нішчыць асфальт. Але дадаецца яшчэ адзін раздражняючы фактар – у часы, калі ў краіне крызыс, на парад выдаткоўваюцца вялікія па беларускіх мерках грошы, пры чым улады не адказваюць на пытаньне, колькі парад сапраўды каштуе. Што тычыцца самога мерапрыемства, то ў гэтым годзе яно выглядала як мінімум дзіўна. З аднаго боку – вайсковая тэхніка, у тым ліку і даволі сучасная, а зь іншага – прадукцыя айчыннай прамысловасьці, якая тонамі залягае на складах і якую немагчыма прадаць. Улады гэтым ганарацца? Атрымалася карыкатура савецкага ладу, такая трагікамічная какафонія.

Натуральна, з пліткі й ванных «Керамін» можна збудаваць барыкады ў выпадку агрэсіі, але хіба не такая мэта іх дэманстрацыі на сьвята Незалежнасьці. Мне падаецца, што на дадзены момант парады не зьяўляюцца сродкам, які б аб’ядноўваў беларусаў. Значна больш істотны быў выступ Лукашэнкі 1 ліпеня. У ім Лукашэнка падкрэсьліў, што вытокі беларускай дзяржаўнасьці не абмяжоўваюцца толькі БССР. Ён ўзгадаў Полацкае Княства, ВКЛ і нават ускосна БНР. Застаецца пытаньне: ці зьменіцца падыход да тэмы дзяржаўнасьці ў афіцыйнай гістарыяграфіі ды ідэалёгіі? І гэтае пытаньне значна больш важнае чым правядзеньне парадаў.

Палітвязьняў «прыбралі» перад паседжаньнем ПА АБСЕ

28 і 29 чэрвеня з СІЗА выпусьцілі выпусьцілі апошніх 14 арыштаваных па «справе патрыётаў». Ці крымінальную справу аб стварэньні «незаконнага ўзброенага фармаваньня» канчаткова зачыняць, а зь яе фігурантаў зьнімуць абвінавачаньні? Навошта маладых людзей арыштоўвалі, і ці ёсьць небясьпека, што іх арыштуюць ізноў?

Максім Руст: Гэта лягічны працэс, да якога беларускае грамадзтва й міжнародную супольнасьць улады падрыхтоўвалі два апошнія месяцы. Як я й казаў раней, Менску ў дадзены момант проста нявыгадна трымаць палітвязьняў. І таму ўсіх вызвалілі напярэдадні паседжаньня Парлямэнцкай асамблеі АБСЕ, якое сёньня пачалося ў Мінску. Проста каб не псаваць імідж і атрымаць магчымасьць здабыць заходнюю фінансавую падтрымку, якая Беларусі зараз вельмі патрэбна. Я не ведаю, ці спыняць крымінальную справу, але гэта ня так істотна. У беларускіх рэаліях, калі зьменіцца сытуацыя, то справу заўсёды можна аднавіць, альбо проста прыдумаць новую. Таму трэба радавацца, што маладзёнаў па «справе патрыётаў» вызвалілі, але варта памятаць, што ў іх няма аніякіх гарантыяў ад перасьледу ў будучыні.

Дзень вышыванкі прайшоў у савецкім стылі

2 ліпеня БРСМ і Міністэрства культуры правялі ў Менску маштабнае сьвята вышыванкі. Мэтай акцыі было падкрэсьліць «сваю нацыянальную ідэнтыфікацыю празь беларускую культуру, традыцыі, беларускі арнамэнт». Зрабіць вышыванку нацыянальным сымбалем з трыбуны заклікалі міністар культуры Барыс Сьвятлоў і намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Максім Рыжанкоў. Перад Палацам спорту ў Менску, па добрай традыцыі «Дажынак», прамаршыраваў стракаты натоўп: ад калектываў народных танцаў і гусараў да актывістаў БРСМ са сьцягамі ды людзей у касьцюмах бонсцікаў. Ці дзяржаўны «Дзень вышыванкі» – гэта ўдалы прыклад патрыятычнага сьвята й абʼяднаньня нацыі? Альбо казённае выкананьне толькі забівае прыгожую ідэю вышыванкі як нацыянальнага сымбаля?

Максім Руст: У Беларусі назіраецца цікавы працэс «нацыятварэньня зьверху». Розныя групы (асноўная маса грамадзтва, кіроўныя эліты, грамадзянская супольнасьць) разумеюць гэты працэс па-рознаму. Але ён ўсё ж-такі фармуецца зьверху. Мясцовым уладам далі загад прасоўваць незалежніцкі трэнд, у тым ліку й праз вышыванкі, але іх мэтады дзейнасьці яшчэ архаічныя й савецкія. Таму «Дзень вышыванкі» яны праводзяць як традыцыйнае савецкае сьвята-суботнік, падчас якога можна папіць піва і зьесці бяляш. Іншыя групы, больш сьвядомыя ў пытаньні значэньня сымболікі, пасьмяюцца з гэтага казённага выкананьня. Але галоўнае тое, што несьвядомыя і незацікаўленыя раней каляпалітычнымі тэмамі людзі, дзякуючы нават такому сьвяту, могуць зацікавіцца нацыянальнымі сымбалямі. І гэта велізарны плюс.

Да інфармацыйнай вайны з Масквой яшчэ далёка, але...

Расейскія СМІ зноў пачалі атакаваць беларускае кіраўніцтва за «гвалтоўнае ўкараненьне нацыянальнай сымболікі», намер выхаваць у беларусаў асобную ад расейцаў ідэнтычнасьць і нават абвінавачваць у парушэньні правоў расейскамоўных. 1 ліпеня Lenta.ru ўжо не хаваючыся заявіла пра тое, што Лукашэнка «вядзе Беларусь па шляху Ўкраіны» й рана ці позна «сыдзе ад Расеі на Захад». Што далей? Ці Масква ўзмацніць інфармацыйны, эканамічны й палітычны ціск на Менск?

Максім Руст: Я думаю, Масква ў дадзены момант ня будзе ўзмацняць інфармацыйнага ціску на Менск. Ёй гэта пакуль проста нявыгадна. Аднак трэба памятаць, што некаторыя тэмы й пытаньні, якія ў Беларусі насамрэч сур’ёзна не разглядаюцца ўладамі – мова, нацыянальныя сымбалі, – у Расеі ўспрымаюцца вельмі нэрвова. І ўзгаданая публікацыя «Ленты» – яскравы прыклад такой нэрвознай рэакцыі. Там усе аргумэнты выссаныя з пальца. Пакуль гэтую публікацыю можна назваць асобным інцыдэнтам. Такія інцыдэнты могуць паўтарацца, але гэта яшчэ не інфармацыйная вайна, якую мы ведаем зь недалёкага мінулага.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт