Logo Polskiego Radia
Print

Бясьпека, ЗША, Нямеччына,Расея - асноўныя напрамкі польскай замежнай палітыкі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 21.03.2018 16:48
  • Aсноўныя напрамкі польскай замежнай палітыкі.mp3
З праграмнай прамовай выступіў у Сэйме міністар замежных справаў Польшчы.
Міністар Яцэк ЧапутовічМіністар Яцэк ЧапутовічPAP/Leszek Szymański

Міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч пазнаёміў сёньня з асноўнымі напрамкамі польскай замежнай палітыкі на 2018 год. Праграмную прамову Чапутовіча заслухалі ў Сэйме прэзыдэнт Анджэй Дуда, дэпутаты, члены ўраду й дыпляматы, акрэдытаваныя ў Польшчы.

Кіраўнік польскай дыпляматыі прадставіў чатыры тэзісы сваёй прамовы: адносна пазыцыі Польшчы ў сьвеце і Эўрапейскім Зьвязе, адносна бясьпекі дзяржавы і ўзаемадачыненьняў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, а таксама адносна палітыкі ў дачыненьні да Расеі.

Пра Эўрапейскі Зьвяз Чапутовіч сказаў, што ён знаходзіцца цяпер у крызысе ў сфэры інстытуцыянальнай, каштоўнаснай і вонкавай бясьпекі.

Я.Чапутовіч: Крызыс дэмакратычных працэдур у краінах-сябрах і перадача вырашальнага голасу нефармальным групам вядзе да аслабленьня пазыцыі ЭЗ, нарастаньня эўраскептыцызму, нацыяналізацыі палітыкі эўрапейскіх дзяржаў.

Кіраўнік МЗС казаў пра прысутнасьць амэрыканскіх войскаў у Эўропе, што мае вялікае значэньне для бясьпекі Польшчы й цэлага рэгіёну.

Я.Чапутовіч: У інтарэсе Польшчы й Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы знаходзіцца трывалая прысутнасьць Злучаных Штатаў і Паўночнаатлянтычнага альянсу ў нашай частцы сьвету.

Міністар замежных спраў заявіў, што Польшча будзе старацца на доўгі час затрымаць амэрыканскія войскі на сваёй тэрыторыі.

Кіраўнік МЗС падкрэсьліў, што партнэрства Польшчы са Злучанымі Штатамі ўсё больш уключае ў сябе эканоміку, інавацыі ды разьвіцьцё высокіх тэхналёгій. На красавік заплянаваны польска-амэрыканскі эканамічны саміт.

У Эўропе галоўным палітычным і эканамічным партнэрам Польшчы зьяўляецца Нямеччына, – заявіў Чапутовіч.

Я.Чапутовіч: Дружалюбныя адносіны зь немцамі даюць гарантыю пасьпяховага выніку розных праектаў, прапанаваных на форуме Эўрапейскага Зьвязу ў такіх сфэрах, як абарончая, падатковая палітыка, наступствы брэксіту. У гэтых пытаньнях пазыцыі Польшчы й Нямеччыны супадаюць.

Кіраўнік польскай дыпляматыі таксама падкрэсьліў, што існуюць справы, у якіх абедзьве краіны адрозьніваюцца. Сярод іх: будаўніцтва газаправоду Паўночны паток 2, а таксама пытаньні рэпарацый за страты падчас Другой сусьветнай вайны.

Пра Расею Яцэк Чапутовіч сказаў, што Польшча робіць стаўку на прагматычныя адносіны.

Я.Чапутовіч: Мы лічым неабходным палітычны дыялёг з Расеяй. Аднак нельга не заўважаць яе агрэсіўнай палітыкі адносна Захаду. За апошнія гады Расея неаднаразова парушала прынятыя Захадам дамоўленасьці.

Яцэк Чапутовіч прыпомніў, што Польшча дамагаецца ад Расеі вяртаньня абломкаў самалёта, які разьбіўся 10 красавіка 2010 г. пад Смаленскам.

Я.Чапутовіч: Мы неаднаразова казалі, што няма падставаў для таго, каб Расея трымала абломкі самалёта ТУ-154 і чорныя скрынкі. Гэта ўласнасьць Польшчы. Іх вяртаньне зьяўляецца ня толькі праўным, але й маральным абавязкам. Мы будзем таксама імкнуцца атрымаць назад ключавыя для польскай гісторыі архівы, якія ўтрымліваюць расейцы.

Міністар замежных спраў Польшчы сказаў, што з польскага пункту гледжаньня незалежная, дэмакратычная й стабільная Ўкраіна зьяўляецца важным элемэнтам эўрапейскай бясьпекі. Чапутовіч падкрэсьліў таксама, што паміж Польшчай і Ўкраінай існуюць цяжкія тэмы, між іншым, валынскае злачынства, якому сёлета спаўняецца 75 гадоў.

Я.Чапутовіч: Нам трэба напісаць супольны сцэнар сьвяткаваньня тых гістарычных падзеяў. Уведзеную Ўкраінай забарону эксгумацыі астанкаў польскіх ахвяр воен і канфліктаў нам цяжка зразумець. І я падкрэсьліваю – гэта ўскладняе наш дыялёг. Мы чакаем, што ў бліжэйшы час забарона будзе адменена.

Тым ня менш, кіраўнік польскага МЗС падкрэсьліваў супрацоўніцтва Польшчы і Ўкраіны ў галіне энэргетыкі, ваеннай падрыхтоўкі й камунікацыі. Нагадаў, што ў польскіх унівэрсытэтах навучаюцца 35 тысяч студэнтаў з Украіны.

Міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч у праграмнай прамове пра напрамкі замежнай палітыкі Польшчы на 2018 год зьвярнуў таксама ўвагу на значэньне польскай дыяспары за мяжой. Міністар нагадаў, што ў цяперашні час за мяжой пражывае каля 20 мільёнаў людзей з польскімі каранямі і прыгадаў іх вялікае значэньне для актыўнага прасоўваньня польскіх інтарэсаў на Захадзе. Чапутовіч паабяцаў, што яго міністэрства будзе падтрымліваць польскія грамадзкія арганізацыі ды польскія школы.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт