Logo Polskiego Radia
Print

Расея зноў пагражае Захаду

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 05.04.2018 17:01
  • Расея зноў пагражае.mp3
Масква зладзіла на днях дэманстрацыю сілы ды незадавальненьня краінaм NATO.
Foto: YURI KOCHETKOV/PAP/EPA

У расейскай сталіцы прайшла міжнародная канфэрэнцыя, на якой расейскія чыноўнікі пагражалі Захаду выкарыстаньнем любых сродкаў. На Балтыйскім моры Расея праводзіць запускі ракет каля межаў Латвіі. Гэта дэманстрацыя сілы й гатоўнасьці перайсьці ад слоў да спраў.

У Маскве міністэрства абароны РФ ладзіць VII канфэрэнцыю на тэму міжнароднай бясьпекі. На мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі 95 краін, за выключэньнем дзяржаў-чальцоў NATO, якія з 2014 года, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну, байкатуюць дадзеную крамлёўскую ініцыятыву.

Гэта не перашкодзіла Расеі пераўтварыць сёлетнюю канфэрэнцыю ў дэманстрацыю расейскага аднабаковага бачаньня міжнародных падзей ды крытыкі палітыкі ЭЗ, ЗША i NATO. Найбольш Крэмль непакоіць амэрыканская актыўнасьць у Цэнтральнай Эўропе. Маўляў, прысутнасьць войск ЗША ў Польшчы ды краінах Балтыі – гэта варожая дзейнасьць ды нарошчваньне новай гонкі ўзбраеньняў, заявіў падчас свайго выступу на канфэрэнцыі расейскі міністар абароны Сяргей Шойгу.

Сяргей Шойгу: Сёньня ніхто ня мае сумневаў, што амэрыканскія сыстэмы супрацьракетнай абароны – гэта чыньнік дэстабілізацыі ды прычына гонкі ўзбраеньняў. Нашу занепакоенасьць выклікае безупыннае ўмацаваньне амэрыканскіх войск ва Ўсходняй Эўропе. У балтыйскіх краінах і Польшчы разьмяшчаецца 10-тысячны кантынгент, які мае ўсё неабходнае ўзбраеньне для вядзеньне атакуючай вайны. Расьце колькасьць палётаў амэрыканскай авіяцыі ўздоўж расейскай мяжы. Гвалтоўна вырасла пагроза ваенных інцыдэнтаў ды правакацый.

Ня менш востра выказваліся іншыя расейскія чыноўнікі. Так, міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква будзе бараніць свае інтарэсы любымі даступнымі сродкамі.

Сяргей Лаўроў: Мы не зацікаўленыя ані ў канфрантацыі, ані ў гонцы ўзбраеньняў, але нашыя інтарэсы, наш сувэрэнітэт, незалежнасьць Расеі мы будзем бараніць, выкарыстоўваючы ўвесь арсэнал сродкаў.

Лаўроў затакаваў NATO, абвінавачваючы Альянс у тым, што ягоныя дзеяньні пагаршаюць яшчэ больш узаемныя адносіны. Намесьнік міністра замежных спраў РФ Аляксандар Грушка заявіў, што без супрацы з Масквой немагчыма гарантаваць глябальную бясьпеку. NATO павінна сабе гэта ўсьвядоміць. Такія былі заклікі выступоўцаў маскоўскай канфэрэнцыi, якія перамешваліся крытыкай Захаду, які нібыта робіць крокі па дэстабілізацыі глябальнай бясьпекі. Больш падрабязна пра хаду канфэрэнцыі распавядае карэспандэнт Польскага Радыё ў Маскве Мацей Ястжэмбскі.

Мацей Ястжэмбскі: Падчас канфэрэнцыі прадстаўнікі расейскага міністэрства абароны выступілі з крытыкай на дысьлякацыю войск NATO побач з расейскай мяжой ды будаўніцтва амэрыканскага супрацьракетнага шчыту. Разам з тым расейскія лідару ігнаруюць крытыку Захаду, што да агрэсіўнай вонкавай палітыкі Крамля. Польскі ўрад ды камандаваньне NATO заяўляюць, што ўмацаваньне Ўсходняга флянгу Альянсу – гэта рэакцыя на агрэсіўную палітыку Масквы. NATO ня раз зьвярталася да Расеі з просьбамі спыніць правядзеньне вайсковых манэўраў непадалёк мяжы з краінамі-чальцамі Альянсу. Спыніць правакацыі на моры і ў паветры, якія могуць прывесьці да крызысу. Таксама спыніць рыторыку пагроз ракетных удараў ды выкарыстаньня ядзернай зброі. Дзеяньні NATO – гэта адказ на пагрозу, якую Масква ўяўляе для сваіх суседзяў.

Пазыцыю Захаду, які нагадвае, што сьпіраль агрэсіі ды тэрору раскруціла Расея нападамі на Грузію ды Ўкраіну, у Маскве ня чуюць. У Крамлі вераць у тое, што Захад хоча зьнішчыць Расею, зазначыў віцэ-старшыня таварыства «Мэмарыял» Мікіта Пятроў.

Мікіта Пятроў: Здаецца, што ў Крамлі вераць у глябальны змову супраць Расеі.

Апроч таго, крызыс ды напружанасьць у адносінах з суседзямі ды Захадам патрэбная Крамлю для ўнутранага карыстаньня. Уладзе патрэбны вораг, каб кансалідаваць грамадзтва. Бяз ворага расейскі рэжым ня можа існаваць, сказаў Польскаму радыё расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў. Менавіта таму Крэмль сам зацікаўлены ў правакаваньні далейшай напружанасьці.

Гэтыя словы пацьвярджаюць дзеяньні Расеі ў Балтыйскім моры. Расейскі флёт ладзіць там запускі ракет. Манэўры ўпершыню адбываюцца непадалёк латвійскіх межаў. У зьвязку з гэтым Рыга зачыніла частку сваёй паветранай прасторы, праз якую праходзяць маршруты грамадзянскай авіяцыі. З Латвіі перадае карэспандэнт Польскага радыё Каміль Залеўскі.

Каміль Залеўскі: Гэта дэманстрацыя сілы, лічаць латвійскія палітыкі. Падобныя дзеяньні не спрыяюць паляпшэньню бясьпекі ў рэгіёне. Асабліва, калі яны праходзяць так блізка Латвіі. Падобныя ацэнкі гучаць і з Вільні. Летувісы падзяляюць непакой Рыгі, яны перакананыя, што Масква ў чарговы разы дэманструе сваю пазыцыю ды дамагаецца, каб яе заўважылі. Летува выдала афіцыйную дэклярацыю, у якой асудзіла расейскія запускі ракет паблізу тэрытарыяльных водаў Латвіі. Балтыйскія краіны зачынілі сваю паветраную прастору ды перанакіравалі палёты самалётаў так, каб яны абміналі зону расейскіх манэўраў. Падобную пазыцыю заняла Швэцыя. Манэўры будуць доўжыцца да пятніцы.

Расея крытыкуе Захад і абвінавачвае ў дэстабілізацыі сытуацыі ў сьвеце. Расейскія чыноўнікі пагражаюць, што будуць бараніць свае інтарэсы любымі сродкамі. Для дэманстрацыі сваёй рашучасьці, Масква ладзіць вайсковыя манэўры. Гэта правядзе да росту напружанасьці ў рэгіёне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт