У Брусэлі пачаўся саміт NATO. Прымаюць у ім удзел прадстаўнікі 29 краін. Павелічэньне выдаткаў на абарону й далейшае ўмацаваньне бясьпекі ў Эўропе – гэта найважнейшыя тэмы дэбатаў. Напярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля сустрэчы з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам у рэзкай форме раскрытыкаваў эўрапейскіх саюзьнікаў па NATO.
Амэрыканскі прэзыдэнт абвінаваціў чальцоў альянсу ў тым, што на агульную абарону прызначаюць недастаткова сродкаў і галоўны цяжар выдаткаў ускладаюць на Злучаныя Штаты.
Апублікаваныя ўчора дадзеныя NATO сьведчаць пра тое, што 2% ВУП на войска выдаткоўваюць толькі пяць краін: ЗША, Вялікабрытанія, Грэцыя, Эстонія й Латвія. Польшча, якая да нядаўняга часу прытрымлівалася вызначанага крытэру, у цяперашні час выдаткоўвае на армію 1,98% ВУП. Аднак польскія ўлады падкрэсьліваюць, што гэта толькі часовае зьніжэньне, і ў бліжэйшыя месяцы Варшава зноў будзе выдаткоўваць 2% ад ВУП на абарону.
На саміце Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Брусэлі польскую дэлегацыю ўзначальвае прэзыдэнт Анджэй Дуда. Ён падкрэсьліў, што Польшча зьяўляецца адказным чальцом NATO.
А.Дуда: Я веру, што мы прадэманструем адзінства паўночна-атлянтычнай прасторы. Той, хто спрабаваў парушыць сусьветную бясьпеку, убачаць, што NATO – гэта адзінства, што мы разам і нейкія падзелы пакту не існуюць.
Перад самітам прэзыдэнт Дуда сказаў, што цягам бліжэйшых паступяць новыя заказы ўзбраеньня для польскай арміі.
А.Дуда: Цягам бліжэйшага месяца-паўтара мы паінфармуем пра новыя закупкі для польскай арміі. Плян па мадэрнізацыі й набыцьці новага ўзбраеньня для войска ажыцьцяўляецца, і я магу з поўнай адказнасьцю сказаць: «баяцца ня трэба».
Патрабаваньні прэзыдэнта ЗША адносна росту выдаткаў на абарону сярод саюзьнікаў па NATO падтрымлівае Летува. Аб гэтым заявіла прэзыдэнт Далія Грабаўскайце.
«Мы бачым, што праблем хапае – сусьветны тэрарызм, пагроза з боку Паўночнай Карэі й Расеі. Таму інвэстыцыі ў абарону неабходныя. Я думаю, што ўсе краіны прымуць адпаведныя рашэньні», – сказала прэзыдэнт Летувы.
У аўторак урад Летувы паведаміў, што яшчэ сёлета Вільня павялічыць выдаткі на абарону на 18 млн эўра, каб дасягнуць патрэбны 2% ВУП.
Трамп у вострых словах казаў пра Нямеччыну. Прэзыдэнт ЗША абвінаваціў гэтую краіну ў тым, што яна, зьяўляючыся членам NATO, адначасова супрацоўнічае з расейскім канцэрнам «Газпром» і купляе газ па газаправоду Nord Stream. Амэрыканскі прэзыдэнт лічыць, што Бэрлін зьяўляецца закладнікам Крамля.
Д.Трамп: Кожны год немцы плацяць мільярды даляраў Расеі. Мы гарантуем бясьпеку Германіі, Францыі й іншых краін, у той час як многія зь іх робяць газавы бізнэс з Расеяй і кладуць у яе кішэнь мільярды даляраў. Мы абараняем вас ад іх, а вы ім плаціце! Я думаю, што гэта вельмі недарэчна. Былы канцлер Нямеччыны цяпер – кіраўнік кампаніі, якая займаецца транзытам газу. У рэшце рэшт, 70% тэрыторыі Нямеччыны будзе пад кантролем Расеі, калі гаворка ідзе аб прыродным газе.
Гэтыя словы амэрыканскі прэзыдэнт сказаў падчас сустрэчы зь генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам перад самітам. У гэтай жа размове Трамп у якасьці пазытыўнага прыкладу назваў Польшчу, якая ня хоча купляць расейскі газ.
Д.Трамп: Гандаль энэрганосьбітамі – гэта зусім іншая рэч, чым звычайны гандаль. У нас ёсьць прыклад Польшчы – краіны, якая ня хоча гэтага газу. Ёсьць і іншыя краіны, якія не купляюць гэты газ, таму што ня хочуць быць закладнікамі Расеі. А немцы, паводле мяне, зьяўляюцца закладнікамі Расеі, таму што бяруць ад Расеі столькі вуглевадародаў.
Трамп рашуча патрабуе ад Нямеччыны павелічэньня сваіх выдаткаў на абарону да 2% ВУП. Тым часам 60% грамадзян Нямеччыны выказалася супраць гэтага. Перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Бэрліне Вальдэмар Машэўскі.
"Апошняе апытаньне, праведзенае Інстытутам «YouGov», сьведчыць пра тое, што толькі 15% немцаў лічаць, што нямецкія ваенныя выдаткі да 2024 года павінны перавысіць 1,5% ВУП. Больш за 60% выступаюць супраць. Павелічэньня выдаткаў на абарону рашуча патрабуе амэрыканская адміністрацыя. «У 2014 годзе на саміце NATO ва Ўэльсе Нямеччына абяцала, што да 2024 году будзе выдаткоўваць на абарону 2% ВУП. Урад ЗША спадзяецца, што гэтае абяцаньне будзе выкананае», – сказаў сёньня агенцтву DPA амбасадар ЗША Рычард Грэнэль. Нямецкія СМІ прагназуюць, што саміт NATO у Брусэлі будзе вельмі цяжкім для Нямеччыны, таму што Дональд Трамп будзе крытыкаваць Ангелу Мэркель за надта нізкія выдаткі на абарону."
Саміт NATO праходзіць у Брусэлі. У двухдзённай сустрэчы ў штаб-кватэры Паўночна-атлянтычнага альянсу прымаюць удзел кіраўнікі 29 краін.
яс