Logo Polskiego Radia
Print

Быць рыцарам ня проста, але гэта на ўсё жыцьцё

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.07.2018 16:15
  • Быць рыцарам.mp3
З 10 па 15 ліпеня ў Польшчы прайшлі «Дні Грунвальда 2018».
Foto: PAP/Tomasz Waszczuk

Гэта імпрэза, якая ладзіцца штогод вакол інсцэнізацыі бітвы пад Грунвальдам з 1410-га года.

Вось ужо дваццаць адзін год на полі паміж вёскамі Грунвальд ды Стэмбарк у Польшчы зьбіраюцца аматары Сярэднявечча з усяго сьвету. На тыдзень маленькае паселішча на пару соцень жыхароў пераўтвараецца ў сярэднявечны рыцарскі лягер, які прымае тысячы гасьцей. Хоць вынік змаганьня польскіх ды літоўскіх рыцараў з крыжакамі вядомы загадзя, не бракуе жадаючых паглядзець на рэканструкцыю адной з найбуйнейшых бітваў Сярэднявечча. Паводле арганізатараў за хадой барацьбы назіралі ўжо больш за 100 тысяч.

Сёлета 21 інсцэнізацыя бітвы прайшла пры ўдзеле некалькіх тысяч рыцараў ды дзясяткаў тысяч гледачоў. Больш падрабязна пра тое, што сёлета адбывалася на палях Грунвальда распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Кінга Кантар.

Кінга Кантар: Сёлета на грунвальдзкае поле выйшлі паўтары тысячы рыцараў-рэканструктараў з Польшчы ды іншых краін. Для многіх гэта не было лёгкім заданьнем. Але людзі трымаліся, бо рэканструкцыя – гэта больш чым захапленьне. Штогод у ліпені грунвальдзкае поле наведваюць тысячы людзей, ніхто не зьяжджае адсюль абыякавым. Сёлета за інсцэнізацыяй бітвы пад Грунвальдам назірала 15 тысяч чалавек.

Імпрэза на Грунвальдзкім полі – гэта ня толькі сама бітва. Імпрэзы доўжылася 6 дзён. У праграме быў чэмпіянат Польшчы па фэхтаваньні на мячах, турнір па стральбе з лука, паказы рыцарскага майстэрства ды кірмаш сярэднявечных вырабаў. Вельмі цікавым элемэнтам праграмы стала магчымасьць наведаць рыцарскі лягер, дзе жыло больш за 3,5 тысячы рыцараў з усяе Эўропы. Для многіх зь іх прыезд на Грунвальд – гэта больш чым, рэканструкцыя, гэта іх жыцьцё. Распавёў прадстаўнік польскага рыцарскага брацтва Марыюш Высоцкі з Лодзі.

Марыюш Высоцкі: Справа ў тым, што калі чалавек уцягнуўся ўжо ў рэканструкцыю, па сапраўднаму ангажаваўся, гэтае хобі становіцца для яго стылем жыцьця. Выправа на Грунвальд для нас вельмі важная. Мы цэлы год да яе рыхтуемся. Паліруем зброю ды чакаем той дзень, калі зноў можна будзе выйсьці на бой у поле.

Тым больш, што выйсьці на поле – гэта ўжо вычын, кажа адзін з рыцараў.

Рыцар: Мая вага 100 кіляграм, зброя яшчэ 40. Пакуль дайду, ужо стамлюся. Пару год таму было сьпякотна, не было як змагацца. Людзі не вытрымлівалі. Цяпер лепш, галоўнае, каб нямецкі бок больш трывалым апынуўся.

Але гэта не адштурхоўвае людзей. Яны едуць на Грунвальд, бо тут пануе надзвычайная атмасфэра, кажа Марыюш.

Марыюш Высоцкі: Людзі прыяжджаюць сюды ня толькі, каб біцца ды перажыць гістарычную падзею. Тыя, хто едуць сюды, мы ўжо ведаем адзін аднаго, ведаем, што заўсёды тут сустрэнем знаёмых, сяброў. Будзе з кім скрыжаваць мячы ды потым пабаляваць.

Сьвята гісторыі пад Грунвальдам падабаецца ня толькі рэканструктарам, але і гледачам.

Глядач: Мы тут упершыню. Бачна колькі тут людзей, як усё прыгожа выглядае. Мы зноў сюды прыедзем, бо вельмі спадабалася.

Традыцыя сьвяткаваньня гадавіны Грунвальдзкай бітвы захоўваецца ня толькі на месцы змаганьня. Сёлета гадавіну гучна адзначалі і ў Любліне. Тут захаваўся касьцёл пабудаваны каралём Ягайлам у знак падзякі за перамогу. Распавядае тамтэйшы сьвятар Дарыюш Бандыра.

Дарыюш Бандыра: У Любліне кароль праяжджаў побач з пабудаванай у 1396-м годзе капліцай. Манарх вырашыў выбраць гэтае месца пад помнік, які павінен быў стаць выразам жывой памяці таму, што сталася на палях Грунвальда. Гэтым помнікам стаў касьцёл у Любліне, які вось ужо 6 стагодзьдзяў упісаны ў краявіды гораду. Касьцёл пад пакліканьнем Божай Маці Грунвальдзкайпераможцы за ланцугамі.

На мінулым тыдні ў Польшчы прайшлі мерапрыемствы зьвязаныя з гадавінай бітвы пад Грунвальдам. Галоўная імпрэза прайшла на полі, дзе адбылася бітва. Тысячы рыцараў-рэканструктараў зьехаліся з усяе Эўропы, каб паўтарыць хаду той бітвы. Сьвяткаваньні прайшлі таксама ў іншых месцах зьвязаных з тымі падзеямі.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт