Шэсьце на Дзяды - там трэба быць!
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
24.10.2018 13:47
Дзяды – гэта адна з самых доўгіх акцый апазыцыі, якая праходзіць рэгулярна, кожны год.
КурапатыАляксандр Папко/Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net
28 кастрычніка, у бліжэйшую нядзелю, у Менску пройдзе шэсьце на Дзяды. КХП-БНФ арганізоўвае акцыю з нагоды Дня памінаньня продкаў з 1988 году. Сёлета акцыя і мітынг дазволеныя.
КХП-БНФ заклікае ўсіх далучыцца да мэмарыяльных мерапрыемстваў. “Чаму мы ўшаноўваем нашых Дзядоў? І чаму трэба памятаць нашых Дзядоў? Таму што нашы Дзяды мудрыя. Наша цела і наш розум ад нашых Дзядоў. Яны нам кажуць: Трымайцеся свайго, яно для нас лепшае. Беражыце нашу зямлю, нашу мову, нашу культуру – тут наш розум і наша моц. Бараніце нашы каштоўнасьці ад прышэльцаў як з усходу, так і з захаду. Нашы нацыянальныя каштоўнасьці належаць і нашым будучым пакаленьням,” – пішуць арганізатары шэсьця.
Збор удзельнікаў а 11.30 каля Гадзіньнікавага завода (ст. мэтро “Парк Чалюскінцаў”). Пачатак шэсьця а 12.00. Шэсьце пройдзе па пр. Незалежнасьці-вул. Каліноўскага-вул. Гамарніка-вул. Мірашнічэнкі. 15.00 – 17.00 – мэмарыяльны мітынг на тэрыторыі Народнага мэмарыялу ў Курапатах.
В. Буйвал: Традыцыйна на мерапрыемства прыедуць людзі з усёй Беларусі. Курапаты – гэта асаблівае месца нашай нацыянальнай трагедыі. Месца адкуль пачалося адраджэньне нашай нацыі, наша нацыянальная рэвалюцыя ў канцы 80-х гадоў. Менавіта духоўная сіла нашых продкаў выклікала тады гэтую энэргію, натхніла новае пакаленьне да змаганьня за вызваленьне нашай Айчыны. Мы дамагліся тады гэтай перамогі. Сілы зла, антыбеларускі рэжым супраціўляюцца, ня хочуць, каб людзі зьбіраліся ў гэты дзень. У 1988 годзе таксама былі рэпрэсіі. І пасьля гэтага былі розныя правакацыі, забароны. Сёлета ёсьць дазвол. Мы заўсёды праводзім гэтае шэсьце арганізавана, дысцыплінавана, прыстойна, ідзем пад нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі. У Курапатах праходзіць мітынг. Гэта акт катарсіса, сапраўдная падзея, узвышаная па сваёй духоўнай сіле. Там трэба быць.
Дзяды – гэта адна з самых доўгіх акцый апазыцыі, якая праходзіць рэгулярна, кожны год. Апошнія гады акцыя зьбірае некалькі сотняй чалавек. Дзяды аднак памятаюць часы, калі на шэсьце прыходзілі некалькі тысяч беларусаў.
Поўная размова ў далучаным гукавым файле.
ав