Logo Polskiego Radia
Print

Ствараецца адмысловая служба, якая будзе інфармаваць прэзыдэнта

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 05.11.2018 13:23
Новая служба ня вырашыць усіх праблем, але можа палепшыць абмен інфармацыяй.
www.pixabay.com/blickpixel/CC0 Creative Commons

У прэзыдэнцкім Бюро нацыянальнай бясьпекі плянуецца стварыць адмысловую інфармацыйную службу – пра праект піша «Rzeczpospolita». Мэты новай структуры – «маніторынг і ацэнка здарэньняў, у тым ліку пагроз, з пункту гледжаньня абгрунтаванасьці рэагаваньні на іх прэзыдэнта РП, падрыхтоўка справаздач і інфармаваньне БНБ пра існаваньне пагроз».

Дагэтуль БНБ займалася задачамі стратэгічнага характару, апрацоўвала, між іншым напрамкі разьвіцьця нацыянальнай бясьпекі, сачыла за дзейнасьцю войска за мяжою, рыхтавала законапраекты датычныя абароназдольнасьці.

Стварэньне новай службы выклікае зьдзіўленьне апазыцыі. Па словах дэпутата «Грамадзянскай плятформы» Яраслава Ўрбаняка, прэзыдэнт, відаць, вырашыў паклікаць уласную службу інфармацыі, паколькі існуючыя не інфармуюць яго так, як павінны. У сваю чаргу прэс-сакратар БНБ Марцін Скаўрон (Marcin Skowron) лічыць гэтыя закіды беспадстаўнымі. Галоўнай задачай дзяжурнай службы будзе ўмацаваньне і павышэньне эфэктыўнасьці сыстэмы абмену інфармацыяй паміж структурамі, якія абслугоўваюць прэзыдэнта ды іншымі ўстановамі, важнымі для дзяржаўнай бясьпекі.

У сваю чаргу камэнтатар выданьня піша: нягледзячы на абурэньне апазыцыі, адзінае, што павінна выклікаць зьдзіўленьне, гэта факт, што такая служба ствараецца толькі цяпер. Фармальна прэзыдэнт зьяўляецца галоўнакамандуючым войска, яму павінны высылаць рапарты ўсе тайныя службы. Абслугай галавы дзяржавы займаецца Бюро нацыянальнай бясьпекі. Але праблема ў тым, што Канцылярыя прэзыдэнта і БНБ ведаюць столькі, колькі ім скажуць службы, якія падпарадкоўваюцца ўраду. Лёгка сабе ўявіць халодную вайну паміж цэнтрамі ўлады, у выніку якой прэзыдэнт быў бы адрэзаны ад крыніц інфармацыі, паколькі гэтага жадаў бы ўрад. Канешне, новая служба ня вырашыць усіх праблем, але можа палепшыць абмен інфармацыяй паміж прэзыдэнтам, Міністэрствам замежных спраў, Мінабароны ці Канцылярыяй прэм’ер-міністра.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт