Logo Polskiego Radia
Print

Да 2050 году ЭЗ намераны разьвітацца з вугалем як крыніцай энэргіі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.11.2018 15:30
Эўропа павінна перастаць выкідваць цяплічныя газы, якія выклікаюць пацяпленьне клімату.
photo: pixabay.com/CC0

Эўрапейская камісія прыняла доўгатэрміновую стратэгію аховы навакольнага асяродзьдзя. Называецца дакумэнт «Чыстая плянэта для ўсіх». Пра яго піша «Dziennik Gazeta Prawna» у артыкуле пад назваю «2050 год. Разьвітаньне з вугалем». Згодна пляну, да сярэдзіны стагодзьдзя Эўропа павінна перастаць выкідваць цяплічныя газы, якія выклікаюць пацяпленьне клімату.

Прапанаваная Эўракамісіяй стратэгія эканомікі, нэўтральнай для клімату, ахоплівае амаль усе галіны палітыкі ЭЗ і бярэ пад увагу пагадненьне, заключанае ў Парыжы. Згодна яму, неабходна ўтрымаць павышэньне тэмпэратуры на Зямлі значна ніжэй за 2 градусы Цэльсія, а пазьней нават панізіць гэты рост да 1,5 градуса. Як гэта зрабіць, будуць абмяркоўваць удзельнікі кліматычнага саміту, які пачнецца ў польскім горадзе Катавіцэ ў панядзелак.

Эканоміка, нэўтральная для клімату, патрабуе сумесных дзеяньняў урадаў розных дзяржаў у сямі стратэгічных галінах. Гэта, між іншым, энэргетычная эфэктыўнасьць, энэргія з узнаўляльных крыніц, канкурэнтаздольная прамысловасьць і зваротная эканоміка. Радыкальнае зьмяншэньне выкіду цяплічных газаў азначае, што паступова неабходна адмаўляцца ад вытворчасьці энэргіі з вугалю. У сваю чаргу Польшча ня можа на гэта згадзіцца. Надоечы Міністэрства энэргетыкі прадставіла энэргетычную палітыку дзяржавы, з якой вынікае, што да 2040 году доля вугалю ў вытворчасьці энэргіі складзе каля 25%. Акрамя таго, плянуецца будаваць электрастанцыі, якія выкарыстоўваюць сонечную энэргію і марскія ветравыя электрастанцыі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт