Logo Polskiego Radia
Print

Брусэль актывізуе змаганьне з расейскай прапагандай

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 28.12.2018 16:09
  • Брусэль актывізуе.mp3
Эўракамісія прызначае больш сродкаў ды кіруе дадатковых людзей на барацьбу з крамлёўскай дэзінфармацыяй.
Foto: Peggy_marco / pixabay.com

З пачатку будучага года будзе больш сродкаў на процідзеяньне расейскай прапагандзе ў Эўропе. Гэта вынікае з новага пляну дзеяньняў, якія падрыхтавала Эўрапейская камісія. У Брусэлі прызналі, што расейскія акцыі дэзінфармацыі зьяўляюцца пагрозай для Эўрапейскага Зьвязу. Пра гэта ж напісала група 60 экспэртаў з 20 краін, якія займаюцца пытаньнямі бясьпекі. З Брусэля больш падрабязна перадае карэспандэнт Польскага радыё ў Брусэлі Беата Пламэцка.

Беата Пламэцка: Сёлетні бюджэт на дзейнасьць спэцыяльнай групы ЭЗ па справах расейскай прапаганды складаў мільён эўра. У будучым годзе ён вырасьце да 5 мільёнаў. Таксама павялічыцца асабісты склад групы – з 20 да 50 чалавек. Эўрапейскія экспэрты напісалі ліст да Эўракамісіі, зазначаючы, што неабходна актывізаваць супрацьдзеяньне ў гэтай сфэры. Асабліва гэта важна ў кантэксьце травеньскіх выбараў у Эўрапарлямэнт. Чакаецца, што Расея будзе інтэнсыфікаваць сваю дэзінфармацыю ў гэты час.

Гэта добрае рашэньне, толькі крыху несвоечасовае, перакананы кіраўнік праграму Kremlin Watch чэскага дасьледчага інстытуту эўрапейскіх каштоўнасьцяў Якуб Янда

Якуб Янда: Эўрапейская камісія дагэтуль ставілася легкадумна да пагрозы з боку Расеі. Цяпер зьмяняецца падыход. Добра, што будзе павялічана фінансаваньне. Зразумела, што і гэтага мала, бо расейская машына дэзінфармацыі ды прапаганды мае мільярдны бюджэт. Аднак нават гэта – крок уперад у пазытыўны бок.

Расейская прапаганда – гэта таксама праблема для Беларусі. У Менску ўлады доўгі час ігнаравалі гэтую пагрозу, цяпер за гэта расплачваюцца. Беларусь цяпер вельмі моцна залежная ад Расеі, кажа палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: У Беларусі дзейнічае моцна расейскае «Зомбі-ТВ». Грамадзтва моцна арыентаванае на Расею. Яшчэ большая залежнасьць эканамічная, на 70% Беларусь прадае тое, што перарабляе з расейскай сыравіны. Беларускія ўлады баяцца рэформаў, не праводзяць іх, што толькі павялічвае залежнасьць.

Эўразьвяз занепакоіўся пагрозай расейскай прапаганды. У будучым годзе Брусэль хоча актывізаваць дзеяньні накіраваныя на барацьбу з расейскай кампаніяй дэзінфармацыі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт