Польскі ўрад хоча адмовіцца ад кітайскіх тэлефонаў
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
14.01.2019 15:01
Гэта рэха нядаўняга шпіёнскага скандалу, калі контрвыведка арыштавала кітайскага агента.
Photo: pexels.com
Тэму асьвятляе штодзёнка «Rzeczpospolita».
Польскія спэцслужбы выдалі загад чыноўнікам, каб тыя асьцярожна карысталіся з кітайскіх прадуктаў ды паслуг кітайскіх тэлекамунікацыйных канцэрнаў. Гэта наступствы нядаўняга затрыманьня ў Варшаве двух чалавек – былога супрацоўніка польскага Агенцтва ўнутранай бясьпекі, які займаўся інсталяцыяй у Польшчы сыстэмы шыфраванай урадавай сувязі, а таксама дырэктара кітайскай тэлекамунікацыйнай фірмы. Іх абвінавацілі ў працы на карысьць замежнай выведкі, у прыватнасьці кітайскай.
Гэты арышт выклікаў шмат пытаньняў пра бясьпеку дадзеных ды сувязі ў Польшчы. Справа ў тым, што галоўныя асобы ў гэтай краіне карыстаюцца адмысловымі тэлефонамі да засакрэчаных размоваў, а міністры карыстаюцца прыватнымі смартфонамі, у тым ліку кітайскай вытворчасьці. Контрвыведка непакоіцца, што цяпер тайныя перамовы могуць праслухоўвацца замежнымі спэцслужбамі.
Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы выдала камунікат з патрабаваньнем да чыноўнікаў, каб тыя цяпер вельмі асьцярожна падыходзілі да карыстаньня з паслуг ды прадуктаў кітайскіх фірм. Выданьне зазначае, што цяпер ва ўрадзе ідзе дыскусія пра тое, каб увогуле адмовіцца ад карыстаньня мабільнымі прыладамі кітайскіх фірмаў.
юл