Logo Polskiego Radia
Print

З брэксітам – вялікія праблемы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.01.2019 17:19
  • брэксіт.mp3
Ідзецца пра дамову аб умовах выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ.
Image: Elionas2/pixabay.com/CC0 Creative CommonsImage: Elionas2/pixabay.com/CC0 Creative Commons

73 дні засталося да выхаду Вялікабрытаніі са структур Эўразьвязу. Аднак да сёньня Лёндан і Брусэль не дамовіліся, на якіх умовах адбудзецца брэксіт. У аўторак вечарам парлямэнт у Ўэстмінстэрскім палацы прагаласаваў супраць падрыхтаванай дамовы аб умовах выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ.

Толькі 202 дэпутаты ніжэйшай палаты брытанскага парлямэнту (Палаты абшчын) падтрымалі дакумэнт, які з Брусэлям узгадніла прэм’ер-міністар Тэрэза Мэй. Але гэта была меншасьць: у два разы больш дэпутатаў 432 прагаласавалі супраць. Гэтае галасаваньне стала найбуйнейшай паразай ураду з 1924 году, калі прэм’ер-міністар Рэмзі Макдональд прайграў 166 галасамі.

У іншых акалічнасьцях Тэрэза Мэй напэўна падала б у адстаўку, але ня ў гэтым выпадку. Нават тое, што ў сераду а 22 гадзіне (паводле беларускага часу) у Ўэстмінстэрскім палацы павінна адбыцца галасаваньне аб вотуме даверу ўраду, не пазбавіла Мэй надзеі й жаданьня працаваць на пазытыўнае завяршэньне дамовы аб брэксіце.

У Эўрапейскім парлямэнце ў сераду, 16 студзеня, прайшлі дэбаты ў справе брэксіту.

«Гэта была добрая дамова, якая паўстала ў выніку паразуменьня парлямэнтаў Вялікабрытаніі й Эўрапейскага Зьвязу», – такім чынам пракамэнтаваў рашэньне брытанскай Палаты абшчынаў галоўны прадстаўнік ЭЗ у перамовах па выхадзе Вялікабрытаніі Мішэль Барнье (Michel Barnier). Францускі палітык падкрэсьліў, што на 600 старонках дамовы ўлічаныя й паважаюцца ўсе «непераадольныя межы», якія пазначыў брытанскі ўрад, і абараняюцца інтарэсы грамадзян, гандлёвы абмен і навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва.

«У цяперашні час магчымы кожны сцэнар», – сказаў Барнье.

М.Барнье: Нам не хацелася дамаўляцца паводле сцэнару «no deal» (не дамаўляемся), аднак за дзесяць тыдняў да брэксіта гэты сцэнар можа стаць праўдападобным. Засталося дзесяць тыдняў да таго моманту, калі Вялікабрытанія выйдзе з ЭЗ таму мы імкнёмся пазьбегнуць сцэнару «no deal».

Рашэньне брытанскіх парлямэнтароў расчаравала й раззлавала краіны Эўрапейскага Зьвязу. Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Маас (Heiko Maas) у эфіры нямецкай радыёстанцыі раскрытыкаваў дэпутатаў Палаты абшчын. Маас ня бачыць магчымасьцей далейшых пошукаў кампрамісу зь Вялікабрытаніяй.

Г.Маас: У нас ужо ёсьць кампраміс, узгоднены паміж Эўрапейскай камісіяй і брытанскім урадам. Калі б можна было прапанаваць нешта дадаткова, то гэта трэба было б зрабіць пару тыдняў таму.

Выхад без дамовы прынясе шкоды як Вялікабрытаніі, так і іншым краінам Эўразьвязу. Аб гэтым адкрыта заявіў міністар эканомікі Нямеччыны Пэтэр Альтмаер (Peter Altmeier).

П.Альтмаер: Калі адбудзецца «цьвёрды брэксіт», то ён прывядзе да сур’ёзных наступстваў для дабрабыту й працоўных месцаў, у прыватнасьці, у Вялікабрытаніі. Аднак Нямеччына як дзяржава, якая прадае шмат тавараў у Вялікабрытанію й цесна супрацоўнічае з брытанскім бізнэсам, таксама страціць. У такой сытуацыі ўсе панясуць страты і ў ніхто не застанецца ў выйгрышы.

Старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск прапануе адмовіцца ад брэксіту. Зьявілася нават прапанова правесьці паўторны рэфэрэндум у Вялікабрытаніі. Найджэл Фараж (Nigel Farage), эўрадэпутат ад Вялікабрытаніі, адзін з галоўных прыхільнікаў брэксіту, востра раскрытыкаваў гэтую ідэю. Паводле яго, прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з ЭЗ перамаглі б на паўторным рэфэрэндуме яшчэ большай колькасьцю галасоў.

Выхад Вялікабрытаніі з ЭЗ павінен адбыцца 29 сакавіка.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт