Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве рыхтуюцца да размоў па Блізкім Усходзе

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.02.2019 15:55
  • У Варшаве.mp3
13-14 лютага ў польскай сталіцы прайдзе міжнародная канфэрэнцыя на тэму бясьпекі Блізкаўсходняга рэгіёну.
Foto: PAP/Rafał Guz

Удзел у размовах возьмуць прадстаўнікі больш чым 60 краін.

Блізкаўсходняя канфэрэнцыя ладзіцца ў Варшаве ўпершыню па ініцыятыве Злучаных Штатаў. Амэрыканцы выступаюць як суарганізатары разам з палякамі. Пачаткова канфэрэнцыя павінна была тычыцца Ірану, аднак потым канцэпцыя зьмянілася, і цяпер арганізатары заяўляюць, што тэма размоў будзе шырэйшая – бясьпека ўсяго Блізкаўсходняга рэгіёна.

У міністэрстве замежных спраў Польшчы заявілі, што чакаецца прыезд прадстаўнікоў дзесяткаў краін з Блізкага Ўсходу, Эўразьвязу ды Амэрыкі. Польскі бок задаволены высокім узроўнем сустрэчы, зазначыў міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.

Яцэк Чапутовіч: Блізу 60 дзяржаў пацьвердзілі свой удзел, некалькі яшчэ не далі канчатковага адказу, а шэраг дзяржаў адмовіліся ад удзелу. Мы задаволеныя гэтымі вынікамі.

Удзел у канфэрэнцыі пацьвердзілі амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт Майк Пэнс, дзяржаўны сакратар Майк Пампэа. Таксама ў Варшаве будзе прэм’ер-міністар Ізраіля Бэнджамін Нэтаньяху. Ён будзе адным з галоўных удзельнікаў. У сваім выступе ізраільскі палітык закране іранскае пытаньне. Гэтага немагчыма пазьбегнуць, сказала Польскаму радыё амбасадарка Ізраіля ў Польшчы Ганна Азары.

Ганна Азары: Для Ізраіля – гэта выдатная магчымасьць сустрэцца з міністрамі замежных спраў арабскіх краін, у сьвеце ня шмат такіх плятформаў, і гэта будзе выдатная магчымасьць для Нэтаньяху пабачымся з усімі тут. Таксама будзе прадстаўлена наша пазыцыя адносна Ірану. Гэтая краіна зьяўляецца найбольшай пагрозай для Ізраіля. Таму, мне здаецца, што Нэтаньяху не зможа не пракамэнтаваць пагрозы Ірану ў бок Ізраіля, а таксама небясьпека якая сыходзіць ад гэтай краіны для ўсяго рэгіёну.

На варшаўскай канфэрэнцыі ня будзе прадстаўнікоў Расеі ды Турэччыны. Яны ў гэты дзень ладзяць перамовы пра мірнае ўрэгуляваньне ў Сырыі. Запрашэньне ў Варшаву не атрымалі таксама прадстаўнікі Сырыі, Палестыны ды Ірану. Тэгеран нават пратэставаў супраць яе правядзеньня. Іранскія ўлады заявілі, што гатовыя да крокаў у адказ ЗША і нават Польшчы, калі вынікі сустрэчы будуць мець антыіранскі характар, тым больш, што Іран дзейнічае строга ў рамках міжнароднага права. Пра гэтая заявіў іранскі амбасадар у Варшаве Масуд Керманшах.

Масуд Эдрысы Керманшах: Польскі бок падкрэсьлівае, што дадзеная канфэрэнцыя не накіравана супраць Ірану, ані супраць іншых краін. Цяпер мы чакаем вынікаў гэтай канфэрэнцыі. У залежнасьці ад таго, якія яны будуць, мы вызначым нашу пазыцыю. Калі пераможа дадзены падыход – вельмі добра. Аднак мы не выключаем, што канфэрэнцыя будзе мець антыіранскія вынікі. Наша прысутнасьць у Сырыі ёсьць вынікам запрашэньня легальнага ўраду, мы аказваем дарадчыя паслугі. Затое амэрыканская прысутнасьць там нелегальная. Прысутнасьць амэрыканскіх сілаў у рэгіёне стварае праблемы, ня мае законнага характару.

Польскае кіраўніцтва ня раз заяўляла, што канфэрэнцыя ня мае антыіранскага характару. Для Варшавы важна, каб размовы прайшлі пасьпяхова. Гэта будзе сьведчаньнем растучай вагі Польшчы ў сьвеце. Пра гэта казаў прэсавы сакратара польскага прэзыдэнта Анджэя Дуды Блажэй Спыхальскі.

Блажэй Спыхальскі: Міжнародная пазыцыя Польшчы паляпшаецца. Мы знаходзімся ў групе 25 найбольш разьвітых эканомік у сьвеце. Гэта азначае, што нам давядзецца браць на сябе больш адказнасьці за тое, што адбываецца ў сьвеце. Менавіта таму канфэрэнцыя па Блізкім Усходзе ладзіцца ў Варшаве, якая мае нэўтралітэт у гэтай спрэчцы.

Варшаўскае канфэрэнцыя павінна стаць пачаткам працэсу стабілізацыі на Блізкім Усходзе. Пры гэтым, чакаецца, што ў Варшаве не будуць прынятыя канчатковыя рашэньні адносна кшталту рэгіёна. Гэта будзе зыходны пункт для далейшых перамоў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт