Logo Polskiego Radia
Print

10 гадоў таму памёр выбітны польскі кардыяхірург Зьбігнеў Рэліга

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.03.2019 19:13
  • Рэліга.mp3
У 1985 годзе група мэдыкаў пад кіраўніцтвам прафэсара Зьбігнева Рэлігі правяла першую ў Польшчы перасадку сэрца.
Прафэсар Зьбігнеў Рэліга (зьлева) й прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, Варшава, 23 мая 2007 году Прафэсар Зьбігнеў Рэліга (зьлева) й прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, Варшава, 23 мая 2007 году www.prezydent.pl

У бягучым месяцы споўнілася 10 гадоў з моманту сьмерці вядомага польскага лекара й палітыка, выбітнага кардыяхірурга Зьбігнева Рэлігі. З гэтае нагоды ў Польшчы прайшлі памятныя ўрачыстасьці на дзяржаўным узроўні.
Зьбігнеў Рэліга памёр 8 сакавіка 2009 году, але дзяржаўныя ўрачыстасьці ў памяць аб ім праходзяць цяпер. Так, Сэнат Польшчы, членам якога ён быў цягам двух скліканьняў, прыняў дэклярацыю ў 10-ю гадавіну сьмерці выбітнага кардыяхірурга, у якой нагадаў пра заслугі лекара ў разьвіцьці польскай мэдыцыны. Акрамя таго, у Сэнаце адкрытая фотавыстава, прысьвечаная Рэлізе, на якой паказаныя жыцьцёвы й прафэсійны шлях лекара й палітыка, у тым ліку рэдкія фотаздымкі.
Зьбігнеў Рэліга нарадзіўся ў 1938 годзе ў адной зь вёсак, разьмешчаных недалёка ад Варшавы. Сярэднюю школу ён закончыў у польскай сталіцы, пазьней паступіў у Варшаўскі мэдыцынскі ўнівэрсытэт, пасьля заканчэньня якога працаваў у варшаўскіх шпіталях. У першай палове 1970-х гадоў прайшоў стажыроўку ў ЗША, у 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1980-м – доктарскую. У 1984 годзе пераехаў у горад Забжэ ў Сілезіі, дзе ўзначаліў Катэдру й клініку кардыяхірургіі мясцовага мэдыцынскага ўнівэрсытэту. Менавіта там 5 лістапада 1985 году група мэдыкаў пад кіраўніцтвам прафэсара Зьбігнева Рэлігі правяла першую ў Польшчы перасадку сэрца.
Міністар аховы здароўя Польшчы, кардыёляг, прафэсар Лукаш Шумоўскі на адкрыцьці ў Сэнаце выставы «Майстар Рэліга: чалавек, лекар, палітык», падкрэсьліў, што памерлы 10 гадоў таму лекар быў выбітным чалавекам.
Лукаш Шумоўскі: Ён быў ня толькі выбітным лекарам, кардыяхірургам, прафэсарам, інаватарам, дэпутатам, сэнатарам, міністрам аховы здароўя, але быў таксама выбітным чалавекам, які зьмяняў сьвет. Такіх людзей няшмат. Яго мэдыцынская праца дала надзею многім пацыентам, яго ж палітычная праца была таксама накіраваная на чалавека, на пацыента.
Мэдыцына й кардыяхірургія для прафэсара Рэлігі былі ўсім у жыцьці, а на першым месцы ён заўсёды ставіў чалавека, сказаў прысутны на адкрыцьці выставы прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Анджэй Дуда: Ён быў вялікім прыхільнікам чалавека й прыхільнікам жыцьця, ён рабіў усё, каб ня згасла ані адно жыцьцё. Для яго мэдыцына была ўсім, а ў цэнтры яго ўвагі заўсёды быў чалавек. І гэтаму ён прысьвяціў усё сваё жыцьцё.
Прафэсар Зьбігнеў Рэліга быў таксама дэпутатам Сэйму Польшчы й міністрам аховы здароўя ў 2005-2006 гадах. У 2005 годзе кандыдаваў на пасаду прэзыдэнта Польшчы.
Прафэсар Рэліга, нягледзячы на тое, што быў лекарам-кардыяхірургам, цягам многіх гадоў курыў цыгарэты. Ён таксама публічна прызнаўся, што меў праблемы з алькагольнай залежнасьцю, якую ўдалося перамагчы. У 2007 годзе таксама публічна заявіў, што ў яго дыягназаваная анкалягічная пухліна левага лёгкага. Нягледзячы на хуткае лячэньне, хвароба дала мэтастазы. Агулам прафэсар Рэліга перанёс чатыры апэрацыі й доўгі цыкл хіміятэрапіі, аднак лячэньне канчаткова не прынесла вынікаў. Памёр Зьбігнеў Рэліга 8 сакавіка 2009 году. Перад самай сьмерцю ён перасьцярог перад курэньнем тытуню, зазначыўшы, што яго хвароба – гэта вынік шматгадовага курэньня цыгарэт.
Прафэсар Рэліга быў сьціплым і шчырым чалавекам, ён ня меў ніякіх таямніц. У прыватнасьці, ён адкрыта заяўляў, што зьяўляецца атэістам. Дарэчы, яго сын Гжэгаж пайшоў па сьлядах бацькі й таксама стаў вядомым кардыяхірургам.
А ў 2014 годзе на шырокія экраны выйшаў польскі мастацкі фільм «Богі», у якім апавядаецца жыцьцёвы й прафэсійны шлях прафэсара Рэлігі. Кінакарціна была вельмі пазытыўна ўспрынятая гледачамі й кінакрытыкамі й атрымала галоўную ўзнагароду на фэстывалю польскіх мастацкіх фільмаў у Гдыні.
Прафэсар Зьбігнеў Рэліга – ляўрэат шматлікіх прэмій і дзяржаўных узнагарод. У 1998 годзе прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі ўзнагародзіў вядомага лекара Вялікім крыжам Ордэну адраджэньня Польшчы – другой паводле старшынства польскай дзяржаўнай узнагародай. А ў 2008 годзе прэзыдэнт Лех Качыньскі ўзнагародзіў прафэсара Рэлігу Ордэнам Белага Арла – найвышэйшай узнагародай Рэспублікі Польшча.
Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт