Logo Polskiego Radia
Print

Біржа грамадзкіх ініцыятываў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.10.2011 17:14
  • Біржа.mp3
40 маладых берасьцейцаў будуць навучацца мэтадам арганізацыі сацыяльных кампаніяў у Любліне.

www.fsd.lublin.pl
www.fsd.lublin.pl
Агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця „Дзедзіч” супольна з польскай Фундацыяй „Шчасьлівае дзяцінства” з горада Люблін запрашаюць да ўдзелу ў праекце пад назовам „Біржа грамадзкіх ініцыятываў”.

40 маладых людзей зь Берасьця ва ўзросьце 16-20 гадоў маюць шанец паехаць у Люблін, дзе цягам 5-ці дзён будуць навучацца мэтадам арганізацыі й правядзеньня сацыяльных кампаніяў і ініцыятываў, - паясьняе каардынатар праграмы зь беларускага боку Дзьмітры Шыманскі.

Дзьмітры Шыманскі: Сутнасьць праекту зводзіцца да таго, што ў Берасьці адбіраюцца маладыя людзі – пераважна вучні старэйшых клясаў і студэнты першага й дргога курсаў, якія паедуць у Люблін навучацца мэтадам правядзеньня рознастайных сацыяльных і грамадзкіх акцыяў, імпрэзаў, канцэртаў, дыскатэкаў і г.д. Іхны галоўны сэнс – бескаштоўная валянтэрская арганізацыя і ўдзел у іх.

Для каардынатара праграмы з польскага боку Яна Фэдзірка зь люблінскай Фундацыі „Шчасьлівае дзяцінства”, праграма зводзіцца да прываблівай формы пазашкольнай працы з моладзьдзю, за якую, дарэчы, фундацыя была ўзнагароджаная Міністэрствам нацыянальнай адукацыі Польшчы.

Ян Фэдзірка: Сэнс мэтаду зводзіцца да таго, што, з аднаго боку, маем прываблівыя для моладзі мэтады працы – інтэрнэт ды гульню на біржы, якія вучаць моладзь грамадзкай прадпрымальнасьці. З другога боку, нешта адбываецца таксама на практыцы – у грамадзкай сфэры. Можна сказаць адбываецца невялікая, усё ж грамадзкая падзея. Ейныя ўдзельнікі вучацца прадпрымальнасьці ды асноўнай грамадзкай актыўнасьці – анімацыі.

У рамках праекту група берасьцейцаў будзе падзеленая на чатыры меншыя каманды – па 10 чалавек. Спачатку маладыя людзі выдумаюць прапановы розных грамадзкіх акцыяў ці мерапрыемстваў, а пазьней зьмесьцяць іх на адмысловай інтэрнэтнай біржы. Менавіта празь інтэрнэт адбудзецца адмысловы аўкцыён найцікавейшых прапановаў, - паясьняе Шыманскі.

Дзьмітры Шыманскі: У інтэрнэце ўтвараецца гэтак званая інтэрактыўная біржа, на якую можна вывешваць свае ідэі аб праведзеньні розных грамадзкіх акцыяў ці кампаніяў. Усе ўдзельнікі гульні будуць спаборнічаць за правы на рэалізацыю найцікавейшых мерапрыемстваў.

Моладзь набірае балы за аўтарства нейкай ідэі, „куплю” правоў на іх рэалізацыю й спосаб ажыцьцяўленьня на практыцы. Рэалізацыя праектаў адбудзецца пасьля вяртаньня з паездкі ў Люблін, - кажа Дзьмітры Шыманскі.

Дзьмітры Шыманскі: Маладыя берасьцейцы паедуць у Люблін на 5 дзён, дзе яны атрымаюць навыкі карыстаньня інтэрнэт-сайтам, на якім знаходзіцца біржа сацыяльных ініцыятыў, а таксама асноўным мэтадам арганізацыі й правядзеньня разнастайных акцый і мерапрыемстваў. Пасьля вяртаньня ў Беларусь яны цягам амаль двух месяцаў будуць рэалізаваць свае ідэі пад кіраўніцтвам нашых куратараў.

Як паясьняе Ян Фэдзірка з Фундацыі „Шчасьлівае дзяцінства” зь Любліна, больш менш у палове пэрыяду рэалізацыі праектаў у Беларусь паедзе група экспэртаў з Польшчы.

Ян Фэдзірка: Недзе пасьля 1,5 месяца ад пачатку рэалізацыі праектаў мы накіруемся ў Берасьце. Будзем правяраць, падказваць і дапамагаць у рэалізацыі моладзевых ініцыятываў. Зразумела, мы будзем сачыць за рэалізацыяй праектаў цягам усяго часу пры дапамозе інтэрнэту. Тым ня менш, візыт у Беларусі будзе мець, скажам так, характар экспэрцкі. Пасьля заканчэньня праекту – у палове сьнежня плянуецца завяршальная канфэрэнцыя ў Берасьці. Будуць уручаныя ўзнагароды для пераможнай групы. Апрача таго мы захочам, каб кожная група выбрала ініцыятыву, якая, паводле яе, была рэалізаваная найбольш выдатна. Зразумела, прадугледжваюцца таксама падарункі для ўсіх удзельнікаў, каб яны запомнілі свой удзел у праграме.

Паездка ў Польшчу заплянаваная на пачатак лістапада (2-6 лістапада). Спадар Шыманскі з арганізацыі „Дзедзіч” спадзяецца, што па выніках гэтага праекту ягоныя ўдзельнікі далучацца да дзейнасьці тых ці іншых грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі або спрабуюць стварыць уласныя моладзевыя ініцыятывы. Таму ён яшчэ раз заахвочвае ўсіх маладых берасьцейцаў да ўдзелу ў праекце.

Дзьмітры Шыманьскі: Запрашаецца абсалютна любы чалавек, які адпавядае ўмовам, пазначаным у нашай абвестцы: якому ад 16 да 20 гадоў ды які неабыякавы да таго, што адбываецца ў ягоным асяродзьдзі: у школе, у двары. Які не праходзіць міма несправядлівасьці ды іншых зьяваў, на якія ягоныя аднагодкі абсалютна не рэагуюць.

- заахвочваў Дзьмітры Шыманскі з арганізацыі „Дзедзіч” – беларускага партнэра арганізатара праекту – Фундацыі „Шчасьлівае дзяцінства” зь Любліна.

У рамках паездкі ў Польшчу плянуюцца экскурсіі па Любліне, а таксама па гарадах Налэнчаў і Казімеж Дольны. Маладыя беларусы наведаюць таксама грамадзкія й публічныя арганізацыі горада; пазнаёмяцца зь дзейнасьцю грамадзкіх арганізацыяў і мясцовых уладаў.

Падрыхтавала Анна Задрожна

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт