Logo Polskiego Radia
Print

Музэй Сапегаў у Ружанах наведвае 1000 турыстаў за месяц

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 19.11.2011 13:32
Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё распытаў музэйшчыкаў пра цікавосткі

/

Палац Сапегаў у Ружанах аднаўляецца. І, што самае дзіўнае, аднаўляецца даволі карэктна па беларускіх мерках – старыя муры былі захаваныя й ахайна дапоўненыя нестаючымі дэталямі. Страціў палац толькі драўляны картуш над брамай – яго зьнялі “на рэстаўрацыю”, а потым замянілі на бетонны муляж. Пры браме ўжо адноўленыя два будынкі, у адным месьціцца музэй. Другі маецца адчыніцца ў студзені. Музэй даволі сьціплы на экспанаты, але зроблены густоўна й пісьменна. Прашу экскурсаводку троху распавесьці мне, што ды як…

Я часам гляджу на сам палац, і думаю, што, калі яго аднавіць, ён будзе прыгожым, але і ў гэтых велічных руінах таксама ёсьць свой шарм…

Экскурсавод: Я зь дзяцінства бачыла толькі руіны, і мне нязвыкла бачыць адрэстаўраваны выгляд. Неяк больш прывыкла да таго выгляду і мне, калі шчыра, больш падабаюцца руіны. Будзе, напэўна, прыгожа, але ўжо ня тое.

Атрымліваецца, што гэтыя руіны цяпер у вас як галоўны экспанат Вашага музэя, так?

Экскурсавод: Так.

А вось у самім музэі што ўдалося ад Сапегаў захаваць?

Экскурсавод: На жаль, у музэі вельмі мала сапраўдных рэчаў, бо ў ХІХ ст. усё было вывезена і сканфіскавана. Пры раскопках былі знойдзеныя элемэнты кафлі й некалькі рэчаў ужо пазьнейшага часу.

Што гэта за гісторыя, калі брама яшчэ была неадрэстаўраваная, у левым баку ніша была выкалупаная – кажуць, што нехта там чыгунок з золатам знайшоў…

Экскурсавод: Гэта было ў 1970-я гады. Як распавядаюць мясцовыя жыхары, увечары была літоўская машына зь невядомымі людзьмі, а зранку, калі ўсе ішлі на працу праз палацавы комплекс, пабачылі пустую нішу. Лічыцца, што там быў скарб – зьвестак вельмі шмат, некаторыя гавораць, што бачылі скарб, другія – ня бачылі, трэція гавораць, што тых спынілі на мяжы. Ніша была да 2008 году, пакуль не пачалася рэстаўрацыя.

А калі будзе адкрыты другі флігель?

Экскурсаводка: У студзені павінны здаць. Там будзе яшчэ 3 экспазыцыйныя залі.

Усе пытаюцца пра драўляны картуш, які зьнялі…

Экскурсаводка: У 2008 годзе пры рэстаўрацыі яго зьнялі – часткова ён ёсьць у экспазыцыі ў нас, астатняе ў Берасьці, а зараз ужо вісяць сучасныя копіі. Мы спадзяемся, што пасля рэстаўрацыі нам яго павернуць.

У якасьці экспаната ў музэй?

Экскурсаводка: Так, назад яго ўжо не падвесіш.

А вось тут, дзе мы з Вамі стаім, што было раней?

Экскурсаводка: Ахова палаца. Большую частку сваёй гісторыі гэты былі жылыя корпусы. Ва ўсходнім корпусе знаходзіўся тэатр і манеж для коняў, нават быў асобны ўваход для іх. Быў і тэатр з двума ўзроўнямі ложаў – на першым 14, на другім 15 з каралеўскай ложаю пасярэдзіне. Была аркестравая яма й глыбокая сцэна, у якой было 7 плянаў кулісаў, што дазваляла за спэктакль тройчы мяняць дэкарацыі. Вядома, што кароль аднойчы быў у сваёй ложы – у 1784 годзе, гэта быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён ехаў на Сэйм у Гародню й спыніўся ў Ружанах.

Я вось ведаю, што пад галоўным палацам ёсьць два паверхі пад зямлёю..

Экскурсаводка: Тры! Я на трэцім не была, але было шмат наведнікаў, якія яшчэ ў сваім дзяцінстве, год 50 таму, лазілі. Гавораць, што адтуль ідзе галоўны тунэль да Косава, але ў савецкі час большасць гэтых сутарэньняў была закладзеная. Але зараз ужо шмат чаго й само абвалілася. Раней там былі й вінныя склады, і склады зброі, і турэмныя памяшканьні.

Кідаецца ў вочы, што ў вас тут вельмі клясна дызайнэр папрацаваў. Што гэта за ўнікальны чалавек?

Экскурсаводка: Гэта, можна сказаць, наш зямляк дызайнэр Мазалевіч. У нас усё робіцца Брэстрэстаўрацыяй і вобласьцю. Усе спэцыялісты свае.

Ці ёсьць якія памылкі рэстаўрацыі?

Экскурсаводка: Мне, напрыклад, не спадабалася ідэя зьняць картуш. Цяперашні ня так уражвае, як сапраўдны.

А колькі ў вас ужо пабывала турыстаў?

Экскурсаводка: З адкрыцьця – студзеня 2011 году – ля 10 тысяч. Летам было вельмі шмат. Рэстаўрацыя сама пачался ў 2008 годзе, многія наогул сумняваліся, што нешта з гэтага выйдзе. Раней былі дзьве спробы рэстаўрацыі, але безвыніковыя.

Мы з вамі пабылі ў Ружанскім палацы Сапегаў ды паслухалі віртуальную экскурсыю па тутэйшым музэі.

Арцём Багданаў, Ружаны-Менск

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт