Logo Polskiego Radia
Print

Пачатак суда па справе Стэфановіча

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 02.12.2011 14:35
  • Пачатак суда па справе Стэфановіча.mp3
Пасьля некалькіх гадзін разьбіральніцтва ў судзе аб’яўлены перапынак да 16 сьнежня.

Сёньня ў судзе Партызанскага раёна Менска адбыўся пачатак разгляду справы аб спагнаньні падаткаў з праваабаронцы цэнтру „Вясна” Валянціна Стэфановіча.

19 кастрычніка бягучага году Інспэкцыя па падатках і зборах наклала на Валянціна Стэфановіча штраф памерам 4 мільёны 750 тысяч рублёў. Дадаткова яму трэба заплаціць падатак больш за 31 мільён рублёў, да гэтага даходзіць пеня каля 11 мільёнаў рублёў.

Спасылаючыся на дакумэнты аб банкаўскіх рахунках праваабаронцы, які беларускія ўлады атрымалі ад Польшчы й Летувы, Стэфановіча прызналі віноўным у парушэньні артыкула Адміністрацыйнага кодэкса аб нявыплаце падаткаў.

Судовае паседжаньне пачалося а 10 гадзіне й доўжылася пяць гадзін зь перапынкамі. На судзе прысутнічалі прадстаўнікі падатковай інспэкцыі. Кожны з бакоў агучыў сваю пазыцыю.

Падатковыя інспэктары тлумачылі, што Стэфановіч ня выплаціў падаткі за 2009 і 2010 гады ад сродкаў, якія атрымліваў на замежныя рахункі. Пры гэтым высьветлілася, што яны ня маюць арыгінальных дакумэнтаў, а толькі пераклады, на якіх не хапае ўсіх патрэбных зьвестак.

Валянцін Стэфановіч давёў, што летувіскае Міністэрства юстыцыі выстасавала адмысловы дакумэнт, у якім пацьвярджаецца, што інфармацыя пра рахункі несапраўдная. Правабаронца прызнаў, што атрымліваў сродкі на рахункі, але яны былі прызначаныя не яму асабіста. Ёсьць шэраг заяваў ад арганізацый-спонсараў, у якіх пацьвярджаецца, што грошы былі выдаткаваныя згодна зь іх прызначэньнем.

Паралельна зь іскам супраць праваабаронцы разглядалася яго скарга на дзеяньні суда. Скарга, а таксама хадайніцтвы не былі задаволеныя.

Да разгляду справы будуць далучаныя згаданыя праваабаронцам дакумэнты. У сувязі з гэтым працяг разгляду справы перанесены на 16 сьнежня.

Валянцін Стэфановіч не прызнае абвінавачаньня ў свой адрас, паколькі, згодна з заканадаўствам, атрыманыя для трэціх асобаў грошы не абкладаюцца падаткам.

У далучаным гукавым файле слухайце камэнтар Валянціна Стэфановіча.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт