Logo Polskiego Radia
Print

Ежы Бузэк сышоў з пасады ў ЭП

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 17.01.2012 15:03
  • Ежы Бузэк.mp3
Паразай свайго старшынства ён лічыць адсутнасьць дэмакатычных пераменаў у Беларусі.

/

Сёньня Ежы Бузэк сышоў з пасады старшыні Эўрапейскага парлямэнту. Гэтую функцыю ён выконваў цягам апошніх 30-і месяцаў.

Сёньня на пасадзе старшыні Эўрапейскага парлямэнту польскага палітыка замяніў кіраўнік фракцыі сацыял-дэмактараў Марцін Шульц. Ён атрымаў 387 галасоў падтрымкі.

Вынік галасаваньня абвесьціў Ежы Бузэк. Новы старшыня Эўрапейскага парлямэнту быў абраны ў першым туры галасаваньня, якое, фактычна, было выключна фармальнасьцю.

Зьмена кіраўніка ЭП у палове тэрміну паўнамоцтваў палаты - гэта вынік дамовы паміж дзьвюма найбуйнейшымі фракцыямі: хрысьціянскіх дэмакратаў і сацыял-дэмакратаў. Супернікамі Шульца за пасаду старшыні былі двое дэпутатаў: прадстаўнік лібэралаў і кансэрватараў.

Большасьць эўрадэпутатаў не сумняюцца, калі гаворка ідзе пра характар і стыль праводзінаў Шульца й Бузэка, то гэтыя палітыкі моцна адрозьніваюцца. Ведаючы выбуховы тэмпэрамэнт Шульца, можна меркаваць, што ягоныя паседжаньні будуць больш дынамічныя. Камэнтатары лічацць, што дэбаты зь яго ўдзелам могуць быць вельмі эмацыйнымі.

Ежы Бузэк сваімі посьпехамі называе перамовы наконт бюджэту ЭЗ ды працу над стварэньнем Эўрапейскай энэргетычнай супольнасьці. Паразай - адсутнасьць дэмакатычных пераменаў у Беларусі.

Працу Ежы Бузэка экспэрты ацэньваюць станоўча. Паводле іх, падчас кіраваньня Эўрапейскім парлямэнтам ён паказаў сябе, як выдатнага перамоўцу й праэўрапейскага палітыка.

Доктар Агнешка Лада зь Інстытуту грамадзкіх справаў лічыць, што былы польскі прэм’ер выдатна прадстаўляў Польшчу на эўрапейскай арэне. Апрача таго ён быў эфэктыўным мадэратарам падчас эўразьвязаўскіх спрэчак, што, зрэшты, і ўваходзіла ў яго галоўныя абавязкі.

Агнешка Лада: Польшча скарысталася на гэтым, паколькі ўсе ведалі, што Ежы Бузэк зьяўляецца палякам, што ён дзейнічае вельмі эфэктыўна.

Функцыя старшыні Эўрапейскага парлямэнту мае, перш за ўсё, сымбалічнае значэньне, - лічыць экспэрт Інстытуту грамадзкіх справаў доктар Мэльхіёр Шчэпанік. Паводле яго, самае важнае, што Ежы Бузэк быў праэўрапейскім й аб’ектыўным палітыкам.

Мэльхіёр Шчэпанік: Дзякуючы ягонаму старшынству слова Польшча ўзгадвалася часьцей. Вялікае значэньне меў таксама факт, што Ежы Бузэк заўсёды выказваўся, скажам так, у праінтэграцыйны спосаб.

Прадстаўнікі кабінэту Ежы Бузэка палічылі, што выконваючы абавязакі старшыні Эўрапейскага парлямэнту ён „акружыў Зямлю” амаль 5 разоў. Сярод эўразьвязаўскіх краінаў яму не ўдалося наведаць толькі Славэнію.

Пасьля заканчэньня дзейнасьці на пасадзе кіраўніка ЭП польскі палітык не зьбіраецца на пэнсію. Ён гаворыць, што бліжэйшыя 2,5 году правядзе ў Эўрапейскім парлямэнце.

Ежы Бузэк: Я да гэтага падрыхтаваны. Буду чальцом камісіяў прамысловасьці, дасьледаваньняў і энэргіі, ды замежных справаў. Буду займацца пытаньнямі Ўсходняй Эўропы ды Паўднёвай Амэрыкі. Спадзяюся, буду мець больш часу на адпачынак, а цяпер мару пра 2 тыдні водпуску.

- сказаў Ежы Бузэк.

Тым часам новы старшыня Эўрапейскага парлямэнту Марцін Шульц падзякаваў польскаму палітыку за выдатную працу. Адначасова ён папярэдзіў эўрадэпутатаў, што ня будзе пасіўным кіраўніком ЭП і намерваецца рашуча змагацца за правы грамадзянаў.

Падчас свайго першага выступленьня ён раскрытыкаваў рэйтынгавыя агенцтвы, якія, паводле яго, падвяргаюць веру ў эўрапейскі праект, паколькі распараджаюцца большай уладай, чым дэмакратычныя ўрады й парлямэнты.

Марцін Шульц заявіў таксама, што будзе абараняць сацыяльную Эўропу. Ён паабяцаў зрабіць ўсё магчымае, каб тысячы беспрацоўных, асабліва маладыя людзі, мелі працу.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт