Фота: ampby.org
Інстытуту мовы й літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі пагражае ліквідацыя. Як паведамляе газэта “Салідарнасьць”, з мэтай скараціць бюджэтныя выдаткі яго зьбіраюцца аб’яднаць зь Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі й фальклёру ды стварыць на іх базе Цэнтар гуманітарных навук. Як адбудзецца зьліцьцё інстытутаў і якія наступствы для беларускай мовы яно прынясе?
Чуткі пра аб’яднаньне інстытутаў ходзяць у акадэмічным асяродзьдзі ўжо некалькі месяцаў. Праект знаходзіцца на стадыі абмеркаваньня, таму камэнтаваць пакуль няма чаго – паведамляе дырэктар Інстытуту мовы й літаратуры Аляксандар Лукашанец. Па яго словах, канчатковае рашэньне павінна быць прынятае на пачатку чэрвеня.
Ліквідацыя Інстытуту мовы й літаратуры Акадэміі Навук нанясе ўдар ня толькі па беларускай філялёгіі, але й па самой беларускай мове – лічыць мовазнаўца Зьміцер Саўка. Такая рэарганізацыя панізіць прэстыж беларускай мовы й прывядзе да скарачэньня навуковых дасьледаваньняў, лічаць некаторыя спэцыялісты. Таму ідэя далучыць Інстытут мовы й літаратуры да Інстытуту мастацтвазнаўства выклікала супраціў сярод навукоўцаў, кажа лінгвіст Зьміцер Саўка.
З. Саўка: Пачаткова Інстытут мовы й літаратуры хацелі далучыць да Інстытуту мастацтвазнаўства. Аднак у прэзыдыюме Акадэміі Навук палічылі, што такі крок будзе не на карысьць беларускай гуманітарнай навуцы. Таму вырашылі аб’яднаць два інстытуты, што робіць статус мовы й літаратуры з аднаго боку й мастацтвазнаўства з другога – роўнымі.
Аднак беларускае мовазнаўства ўсё ж будзе знаходзіцца на падначаленым становішчы, лічыць Зьміцер Саўка.
З. Саўка: Наколькі я ведаю, дырэктарам будзе прызначаны Аляксандар Лакотка – цяперашні кіраўнік Інстытуту мастацтвазнаўства. Магчыма, ён выдатны мастацтвазнаўца, але ён не літаратуразнаўца й не мовазнаўца, таму філялягічныя навукі зноў аказваюцца падпарадкаванымі. Аляксандар Лукашанец, цяперашні дырэктар Інстытуту мовы й літаратуры, аказваецца без пасады.
Інстытуты беларускай мовы, літаратуры й этнаграфіі спалучылі ў адзіную ўстанову напрыканцы трыццатых гадоў – у самы змрочны для беларускай культуры час, падкрэсьлівае Зьміцер Саўка.
Дасьледчык Інстытуту мовы й літаратуры Акадэміі Навук Міхась Тычына ставіцца да аб’яднаньня больш спакойна.
М. Тычына: Як аўтар артыкулу пра Інстытут літаратуры ў Энцыкляпэдыі Беларусі, магу сказаць, што на працягу 90 гадоў інстытуты мастацтвазнаўства, мовы й літаратуры аб’ядноўваліся й разьядноўваліся 6 разоў! Мы ўжо гэта перажыывалі й нават прызвычаіліся.
Мовазнаўца стараецца знайсьці ў зьліцьці інстытутаў пазытыў і лічыць што кантакты лінгвістаў з калегамі з сумежных дысцыплінаў могуць быць карысныя.
М. Тычына: Аб’яднаньне можа пайсьці нам на карысьць. За апошнія дзесяцігодзьдзі мы вельмі разышліся ў сваіх пошуках. Кожны навуковец працуе сам па сабе. Я з тых людзей, якія перакананыя, што ў кожнай падзеі трэба шукаць і пазытыў.
Ліквідацыя Інстытуту мовы й літаратуры – гэта ўдар ня толькі па беларускай мове, але й па міжнароднаму іміджу краіны, кажа Зьміцер Саўка. У будучым годзе ў Менску павінен прайсьці Міжнародны зьезд славістаў, на які прыедуць дасьледчыкі з Эўропы, ЗША, ды іншых рэгіёнаў – паведамляе Зьміцер Саўка.
З. Саўка: Славістычныя дасьледаваньні праводзяцца нават у Японіі. Ёсьць нават адмысловы часопіс, вакол якога гуртуецца не адзін дзясятак японскіх славістаў. Славістычныя дасьледаваньні праводзяцца нават у Новай Зэляндыі. Гэта невялікая краіна, але й там ёсьць цікавасьць да славянскай праблематыкі. Удзельнікі зьезду прыедуць у краіну, якая ня мае нават спэцыялізаванага галіновага інстытуту! Гэта выглядала б камічна, каб не было настолькі трагічна.
Праект аб’яднаньня Інстытутаў мовы й літаратуры зь Інстытутам мастацтвазнаўства Акадэміі Навук пакуль яшчэ не падпісаны. Аднак намеры ўладаў вельмі сур’ёзныя. І надзеяў на тое, што па гуманітарных навуках ня будзе нанесены чарговы ўдар, вельмі мала – канстатуе Зьміцер Саўка.
Аляксандар Папко