Logo Polskiego Radia
Print

Беражыце скуру - не загарайце!

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.07.2012 14:22
Сонечныя апёкі, якія здараюцца падчас летняга адпачынку, вельмі небясьпечныя, асабліва ў дзяцей.
foto: sxc.hu

Загараньне на сонцы зьнішчае скуру, паскарае працэс старэньня ды можа прывесьці да ўзьнікненьня новаўтварэньняў, - перасьцерагаюць дэрматолягі.

Прафэсар Пётр Руткоўскі з Варшаўскага цэнтру анкалёгіі падкрэсьлівае, што сонечныя апёкі, якія часта здараюцца падчас летняга адпачынку, вельмі небясьпечныя, асабліва ў дзяцей.

Пётр Руткоўскі: Загараньне на сонцы, што некаторыя пяшчотліва называюць спортам, прычыняецца да зьнішчэньня скуры. Найбольшая карысьць, якую дае нам сонца, гэта выпрацоўваньне вітаміну Д. У сонечны дзень цягам дзесяці хвілінаў арганізм чалавека выпрацоўвае тыднёвую дозу вітаміну Д. Таму час загараньня, які перавышае гэтыя 10 хвілінаў, шкодзіць нашаму здароўю.

Прафэсар Руткоўскі раіць, каб падчас адпачынку на моры альбо на возеры пазьбягаць загараньня ад 10.00 да 16.00 гадзінаў, a таксама карыстацца крэмамі з моцнымі фільтрамі ды насіць сонечныя акуляры.

Варта таксама памятаць пра тое, што калі купаемся, дык трэба намазвацца крэмам для загару кожныя 4-6 гадзінаў.

Пётр Руткоўскі: Найбольш просты мэтад - намазваць часткі цела, якія не закрытыя вопраткай. Дарэчы, вoпратка ахоўвае ад ультрафіяле́тавага выпраме́ньваньня намнога лепш, чым крэм. Трэба памятаць, што калі купаемся, то наносіць крэм для загару трэба некалькі разоў. Таму для таго, каб больш эфэктыўна пазьбягаць шкоднага ўзьдзеяньня сонца, варта апрануцца, адзець капялюш й сонечныя акуляры.

Прафэсар Руткоўскі заклікае праводзіць цыклічныя абсьледаваньні скуры. Калі заўважым нейкія незвычайныя зьмены адразу ж трэба накіравацца да дэрматоляга альбо хірурга-анколяга.

Найбольш распаўсюджаным новаўтварэньнем зьяўляецца мэлянома. Паводле ацэнкаў, кожны год фіксуецца каля 2 300 новых выпадкаў. Амаль палова пацыентаў памірае, паколькі дыягназ ставіцца са спазьненьнем.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт