Першыя прызнакі Альцгеймэра
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.07.2012 10:00
Першыя прызнакі хваробы можна выкрыць нават за 25 гадоў да ейнага ўзьнікненьня.
Навукоўцы стварылі сьпіс самых раньніх ды амаль нябачных прызнакаў хваробы Альцгеймэра. Гэтая „дарожная карта” дазволіць лячыць пацыентаў на пачатковым этапе хваробы.
Хвароба Альцгеймэра – найбольш распаўсюджаная форма дэмэнцыі, невылечнае дэгенэратыўнае захворваньне. Паводле лекараў, пасьпяховасьць розных спосабаў лячэньня, якія прымяняюцца ў ейным выпадку, залежыць ад часу ейнага дыягназаваньня.
Клясычныя прызнакі – разгубленасьць і расстройства памяці – паяўляюцца на вельмі позьнім этапе разьвіцьця хваробы. Цяпер навукоўцы з Вашынгтонскага мэдычнага ўнівэрсытэта апрацaвалі сьпіс нябачных прызнакаў, якія можна выкрыць пры дапамозе адмысловай тэхналёгіі нават за 25 гадоў да захворваньня.
Адзін са спосабаў – гэта назіраньне за зьменай хімічнага складу сьпіннамазгавой вадкасьці. Напрыклад, 15 гадоў да захворваньня ў згаданай вадкасьці павышаецца ўзровень некаторых бялкoў. Тады, дарэчы, пачынае паміраць мозг хворага.
Выкрыць згаданыя прызнакі дапамаглі генэтычныя дасьледаваньні 128 пацыентаў зь Вялікабрытаніі, ЗША й Аўстраліі. Вынікі згаданых экспэрымэнтаў публікуе газэта „New England Journal of Medicine”.
Экспэрты падкрэсьліваюць, што хвароба Альцгеймэра – гэта захворваньне старэйшых людзей. Таму па меры старэньня грамадзтва яна будзе станавіцца ўсё большай праблемай у сьвеце.
аз