Паводзіны пасьля алькаголю — абумоўленыя генамі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
31.03.2013 07:22
На тое, як людзі паводзяць сябе пасьля спажыцьця алькаголю, непасрэдны ўплыў аказваюць гены.
Гэта было пацьверджанае польскімі навукоўцамі ў выніку генэтычных дасьледаваньняў самагубстваў пад узьдзеяньнем алькаголю. Вынікі іх працы былі апублікаваныя ў прэстыжным часопісе «PLOS ONE». Як кажуць адмыслоўцы, самагубствы — больш частая прычына сьмерці, чым няшчасныя выпадкі. І як вынікае з дасьледаваньняў польскіх навукоўцаў, вялікая частка самагубстваў зьдзяйсьняецца пад узьдзеяньнем алькаголю.
Вучоныя з варшаўскага Мэдычнага ўнівэрсытэту вырашылі вывучыць пытаньне аб узаемасувязі гэтай зьявы з генэтычнымі прадумовамі. Для гэтага яны ўзялі ўзоры ДНК зь целаў амаль 750 самагубцаў. Высьветлілася, што больш за 300 ахвяраў былі пад уплывам алькаголю.
Дасьледнікі засяродзілі сваю ўвагу на AUTS2 — гэты ген уплывае на разьвіцьцё псыхікі і вышэйшых функцый мозгу. Раней была заўважаная сувазь паміж пашкоджаньнем гэтага гену і такімі захворваннямі, як аўтызм, эпілепсія, дыслексія або ADHD. Гэты ген прысутнічае ў чалавека ў розных варыянтах — часам больш, а часам і менш актыўныx. Вядома таксама, што розныя варыянты гэтага гену могуць па-рознаму ўплываць на схільнасьць людзей да алькагалізму.
Польскія навукоўцы выявілі, што сярод тых, хто зьдзейсьніў самагубства пад узьдзеяньнем алкаголю, прысутнічаў адзін з варыянтаў гену AUTS2. І наколькі гэта ня дзіўна, гэта той самы варыянт гену, сярэднестатыстычныя ўладальнікі якога п’юць менш алкаголю, чым іншыя людзі.
Пакуль невядома, як гэты ген зьвязаны з самагубствамі. Навукоўцы дапускаюць, што алькаголь у людзей з названым варыянтам гену можа пагаршаць настрой.
Зь іншых, пакуль неапублікаваных дасьледаваньняў польскіх вучоных вынікае яшчэ адна залежнасьць: ад самагубстваў можа "абараняць" ген, які вызначае апэтыт. Ён прычыняецца да таго, што носьбіты гэтага гену маюць большую вагу ў сярэднім на 1-2 кг у параўнаньні зь іншымі, яны радзей узалежніваюцца ад алькаголю і радзей, чым іншыя, зьдзяйсьняюць самагубствы пад узьдзеяньнем алькаголю.
эб