Рэдкі мэтэарыт знойдзены ў штаце Мінэсота
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
11.07.2013 09:09
Адмыслоўцы мяркуюць, што знаходка была часткай мэтэарыту, які ўпаў у 1894 годзе.
meteorytfot. Polskie Radio
Амэрыканскім фэрмэрам Брусу і Нэльве Ліліенталь з Арлінгтону (штат Мінэсота) штогод даводзіцца ачышчаць сваё кукурузнае поле ад камянёў, якія вылазяць з грунту ў канцы кожнай зімы.
Так, у час палявых прац увагу Бруса прыцягнуў кавалак пароды памерам 40,6 см на 30,5 см. Камень адрозьніваўся тым, што быў утрая цяжэйшы за астатнія, вага якіх складала каля 15 кг. Фэрмэр вырашыў адкласьці дзіўны камень, каб ня страціць яго. Празь некалькі гадоў іх сын прапанаваў адправіць знаходку ва Ўнівэрсытэт Мінэсоты на аналіз.
Дасьледнік, прафэсар Аляксандар Калвін, які узяўся за вывучэньне камню, паведаміў, што гэта сапраўды мэтэарыт.
Асноўным кампанэнтам мэтэарыту, як паказаў аналіз, зьяўляецца жалеза з 8% утрыманьня нікелю - гэта характэрная рыса для касьмічных гасьцей падобнага тыпу. Вывучэньне экспанату з дапамогай электроннага мікраскопу дазволіла выявіць на ім відманштэтэнавыя структуры, таксама ўласьцівыя жалезна-нікелевым мэтэарытам.
Адмыслоўцы мяркуюць, што знаходка была часткай мэтэарыту, які ў 1894 годзе ўпаў на суседняе поле. Дасьледнікі Ўнівэрсытэту Мінэсоты хацелі б пакінуць у сябе мэтэарыт для правядзеньня дадатковых дасьледаваньняў, аднак уладальнікі каменя яшчэ ня вызначыліся з далейшымі дзеяньнямі.
globalscience.ru/эб