Logo Polskiego Radia
Print

Польскія біскупы рыхтуюцца да візыту „Ad limina Apostolorum”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 01.09.2013 09:00
  • Барацьце_веры.mp3
Яны азнаёмяць Папу рымскага зь дзейнасьцю сваіх дыяцэзіяў.

/

На пачатку лютага будучага года польскія біскупы паедуць у Ватыкан, каб пазнаёміць Папу рымскаму зь дзейнасьцю сваіх дыяцэзіяў.

Гэта традыцыйны візыт у Апостальскую сталіцу, які абавязаны зьдзейсьніць кожны каталіцкі біскуп у сьвеце. На лацінскай мове ён называецца „Ad limina Apostolorum”, што азначае „да парогаў (магілаў) Апосталаў”.

Цягам васьмі дзён у Ватыкане з польскімі іерархамі будзе сустракацца як сам пантыфік, так і ягоныя супрацоўнікі.

Такія паездкі, як правіла, праводзяцца кожныя пяць гадоў, - кажа арцыбіскуп Юзэф Міхалік, старшыня Эпіскапату Польшчы.

арцыбіскуп Юзэф Міхалік: Яны праходзяць кожныя пяць гадоў, паколькі біскуп таксама мае пяць гадоў, каб правесьці інспэкцыю сваёй дыяцэзіі. Пра вынікі гэтай інспэкцыі ён павінен паведаміць Апостальскі пасад у пісьмовай форме на паўгоду да плянаванага візыту ў Ватыкане.

Пасьля гэтай сустрэчы мы атрымліваем дадатковыя сілы для працы, - дадае арцыбіскуп Міхалік.

арцыбіскуп Юзэф Міхалік: Гэта дае матывацыю да працы ў дыяцэзіі. Для кожнага хрысьціяніна, біскупа ці католіка сустрэча з Папам рымскім - гэта важная падзея. Сьвяты айцец зьяўляецца ж пераемнікам сьвятога Пятра й галавой Каталіцкага касьцёла.

Апошняя сустрэча прадстаўнікоў Эпіскапату Польшчы з Папам рымскім прайшла 8 гадоў таму. Так адбылося з-за стану здароўя папы Бэнэдыкта XVI і яго рашэньня адмовіцца ад Сьвятога Пасаду.

аз

Сёлетні кінафэстываль „Magnificat” пад знакам пытаньня

Па фінансавых прычынах мерапрыемства было адтэрмінаванае на нявызначаны тэрмін.

/

Па фінансавых прычынах сёлетні Міжнародны каталіцкі фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм „Magnificat -2013” перанесены на нявызначаны тэрмін, - пра гэта паведаміў старшыня фэстывалю Юрый Гарулёў.

Паводле яго слоў, пастаянны спонсар, які аказваў асноўную дапамогу ў правядзеньні мерапрыемства, сёлета адмовіўся ад падтрымкі.

„Празь недахоп дастатковых сродкаў мы проста ня можам падрыхтаваць фэстываль да тых тэрмінаў, якія былі вызначаныя. Мы вымушаны перанесьці час правядзеньня фэстываля”, - сказаў Юрый Гарулёў.

Як паведаміў рэжысэр, на бягучы момант на адрас аргкамітэту ўжо паступіла 50 прац, сярод якіх кінастужкі зь Беларусі, Гішпаніі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Расеі, Украіны, Францыі, Эстоніі, Харватыі, Балгарыі, Індыі й Зымбабвэ.

signis.by/аз

Унікальная знаходка ў варшаўскім храме

Рэстаўратары знайшлі паліхромію з XVII i XIX стагодзьдзяў.

/

Унікальная паліхромія з XVII стагодзьдзя была адкрытая падчас рэстаўратарскіх працаў у касьцёле Беззаганнага пачацьця Найсьвяцейшай Марыі Панны на Кракаўскім прадмесьці ў Варшаве. Пад пластом белай фарбы рэстаўратары выявілі малюнкі з XVII i XIX стагодзьдзяў.

Гэта унікум, паколькі ў Варшаве няшмат месцаў, якія не былі разбураныя падчас Другой сусьветнай вайны, - кажа Магдалена Лань з варшаўскай мэрыі.

Магдалена Лань: Паліхромія ўжо поўнасьцю адкрытая як на скляпеньні, так і на сьценах. Ейны стан розны, крыху лепшы ва ўсходняй частцы сьвятыні. Трэба памятаць пра тое, што многія гады сьцены гэтага касьцёла былі пафарбаваныя ў белы колер. Каб фарба добра трымалася, паліхромію часткова зьбівалі малатком, таму ў некаторых месцах яна вельмі дрэнна захавалася. Рэстаўратарскія працы будуць праходзіць многія гады, але ўжо бачна, што вынік можа быць сапраўды выдатны.

Рэстаўратарскія працы на паліхроміі, выяўленай у варшаўскім храме, ужо пачаліся.

аз

Бацька васьмярых дзяцей стаў сьвятаром

У мэксыканскага новапрэзьбітэра 8 дзяцей і 18 унукаў.

foto:
foto: fot. GeographBot /Wikimedia Commons/CC

71-гадовы бацька васьмярых дзяцей атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне ў Мэксыцы. У мэксыканскага новапрэзьбітэра 8 дзяцей і 18 унукаў. Энрыкэ Марцінэз Дамінгез стаў сьвятаром пасьля сьмерці жонкі.

Энрыкэ Марцінэз Дамінгез ва ўзросьце 17 год паступіў у духоўную сэмінарыю, але быў вымушаны яе пакінуць па стане здароўя. Тады ён спаткаў сваю будучую жонку, з якой пачаў весьці апостальскую дзейнасьць: яны адкрылі дзіцячы садок, пачатковую й сярэднюю школы, клініку й пабудавалі капліцу.

У 1981 годзе Энрыкэ стаў сталым дыяканам. Сталы дыякан можа адпраўляць набажэнствы, даваць шлюбы, хаваць памерлых, даваць Камунію іг.д. Але ў адрозьненьне ад сьвятара, ён ня можа служыць набажэнстваў й спавядаць.

Сталы дыяканат абавязвае да сьмерці. Каб стаць сьвятаром, трэба было атрымаць дыспэнсу Апостальскай Сталіцы (звальненьне ад закона ў асаблівых выпадках).

Толькі пасьля атрыманьня такой дыспэнсы Энрыкэ Дамінгез мог атрымаць сьвятарскае пасьвячэньне.

Урачыстасьць адбылася 15 жніўня бягучага года.

catholic.by/ekai.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт