Logo Polskiego Radia
Print

Пакінуць межы Галяктыкі

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 13.10.2013 22:13
Гэта стане магчымым дзякуючы ракеце з рухавіком на антыматэрыі – кажуць навукоўцы.
www.poznajtajemnice.pl

/

Каб пакінуць плянэту і пераадолець прыцягненьне гравітацыйнага поля Зямлі, ракета павінна разьвіць хуткасьць 11,2 кілямэтраў у сэкунду.

Гэтая хуткасьць называецца другой касмічнай парабалічнай. Для кожнага цела ў космасе яна розная. Астрафізыкі задумаліся, якая другая касмічная хуткасьць для ўсёй нашай галяктыкі, бо калісьці мары аб міжгаляктычных пералётах напэўна стануць рэальнасьцю.

У рамках дасьледаваньня навыкоўцы Патсдамскага астрафізычнага інстытуту займаліся назіраньнем за зоркамі з дапамогай 1,2- мэтровага тэлескопу "Шміт", які належыць Англа-аўстралійскай абсэрваторыі, а таксама вылічвалі адлегласьць да сьвяцілаў і хуткасьць іх набліжэньня або аддаленьня ад Зямлі. У базе зьвестак экспэрыменту ёсьць запісы пра 426 тысяч зорак.

Вучоныя абралі для свайго дасьледаваньня 90 высакахуткасных зорак, хуткасьці і адлегласьці да якіх былі вымераныя з найбольшай дакладнасьцю. Некаторыя зь іх барозьняць прастору з хуткасьцю да 300 кілямэтраў у сэкунду, што складае адну тысячную ад хуткасьці сьвятла.

Затым каманда навукоўцаў склала некалькі кампутарных мадэляў сьпіралепадобны галяктык, памер якіх быў параўнальны з памерамі Млечнага Шляху. Дасьледнікі вывучылі атрыманыя мадэлі і вылучылі адну зь іх, да якой найлепш падыходзілі вышэй апісаныя зоркі. Маса гэтай галяктыкі павінна быць эквівалентная 1,6 мільярда мас Сонца.

Раней лічылася, што гэтая лічба павінна быць удвая большай. Аказваецца, маса Галяктыкі значна меншая, чым раней меркавалася.

Ведаючы прыблізную масу нашай галяктыкі, астрафізыкі разьлічылі другую касмічную хуткасьць для суседніх з Сонечнай сыстэмай нябесных целаў. Каб пакінуць гравітацыйнае поле Млечнага Шляху, касмічны карабель павінен выляцець за межы Сонечнай сыстэмы і разьвіць хуткасьць 537 кілямэтраў у сэкунду.

Зразумела, звычайныя ракетныя рухавікі на гэта няздольныя. Самыя магутныя на сёньняшні дзень ракеты з рухавіком на хімічным паліве таксама гэтага не дасягнуць. Апошнія прыдатныя для працяглых палётаў у межах Сонечнай сыстэмы, але хутчэй, чым 15 кілямэтраў у сэкунду ракета з такім рухавіком не паляціць.

Навукоўцы сьцьвердзілі, што як бы гэта абсурдна ні гучала, для міжгаляктычных і міжзоркавых пералётаў спатрэбіцца, як мінімум, рухавік на антыматэрыі. Тут паўстае пытаньне аб масавай прадукцыі часьцінак антырэчыва, якія пры кантакце з часьцінкамі рэчыва будуць вызваляць неабходную энэргію.
Вести.Ru/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт